Дыялог культур, або Сяброўства, якое не мае межаў

У век глабалізацыі, імкнення пазнаёміцца з іншымі краінамі, з людзьмі розных нацыянальнасцей адчуваецца вострая патрэба ў вывучэнні замежных моў, але разам з тым усё ярчэй праяўляюцца і тэндэнцыі да адраджэння нацыянальных сістэм выхавання, падтрымання народных традыцый і звычаяў, захавання нашай роднай беларускай мовы. Менавіта з дапамогай мовы мы разумеем адно аднаго і можам перадаць усю прыгажосць і своеасаблівасць сваёй нацыянальнай культуры.

Дыялог культур дапамагае лепш зразумець родную культуру, культуру іншага народа, спрыяе фарміраванню культуры міжнацыянальных зносін. З дапамогай дыялогавага навучання ўяўляецца магчымым адысці ад адназначнасці і стэрэатыпнасці, шаблоннасці ў навучанні, стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі індывідуальнага стылю вучэбнай дзейнасці кожнага навучэнца, яго асобаснага росту. У гэтым заключаецца адна з галоўных задач міжнароднага праекта “Данія вачыма беларускіх школьнікаў. Беларусь вачыма дацкіх школьнікаў”, які рэалізуецца ў сярэдняй школе № 4 Салігорска з 1998 года.

Аснову гэтага праекта складаюць настаўніцка-вучнёўскія абмены паміж Беларуссю і Даніяй — з актыўным удзелам у іх педагогаў, навучэнцаў сярэдняй школы № 4 Салігорска, іх бацькоў, а таксама грамадскасці горада і раёна. Амаль 10 гадоў асноўным партнёрам у штогадовых абменах у рамках міжнароднага беларуска-дацкага праекта выступае незалежная сярэдняя школа Holbaek Lille Skole з горада Хольбэк (Данія).
Варта дадаць, што гэтае супрацоўніцтва ўжо даўно перарасло ў цесныя партнёрскія зносіны паміж Салігорскім раёнам і дацкім горадам Хольбэк. Так, у жніўні 2008 года кіраўнік афіцыйнай дацкай дэлегацыі бургамістр Хольбэка Ён Сорэнсен і старшыня Салігорскага раённага выканаўчага камітэта А.Б.Рымашэўскі падпісалі дагавор аб усталяванні пабрацімскіх адносін, адзін з пунктаў якога прадугледжвае абмен групамі настаўнікаў і навучэнцаў для азнаямлення з мясцовымі традыцыямі і ўмацавання цеснага супрацоўніцтва.
Дарэчы сказаць, што сярэдняя школа № 4 Салігорска падтрымлівае развіццё міжнародных адносін у кантэксце адукацыйнай праграмы. Дзякуючы непасрэдным зносінам навучэнцаў са сваімі аднагодкамі з-за мяжы, у вучняў фарміруецца моўная кампетэнцыя, неабходная для паспяховага развіцця асобы ў сучасным зменлівым свеце. Навучэнцы пазнаюць гэты свет праз непасрэдныя кантакты з носьбітамі іншай культуры, выкарыстоўваюць набытыя моўныя і даследчыя навыкі на практыцы, усведамляюць важнасць вывучэння замежнай мовы і культуры. Акрамя таго, у дацкіх сяброў і іх педагогаў фарміруецца станоўчы вобраз Беларусі і беларускай школы, гатовай да паўнавартаснага міжнароднага супрацоўніцтва.
Падчас восеньскіх канікул штогод група педагогаў і навучэнцаў 9—11-х класаў школы № 4 Салігорска адпраўляецца ў далёкую і казачную Данію. Велізарны досвед набываюць беларускія школьнікі і педагогі падчас візіту: знаёмяцца з культурай, сістэмай адукацыі, сацыяльнай сферай, вытворчасцю, сельскай гаспадаркай Каралеўства Данія. Дзеці і педагогі жывуць у сем’ях дацкіх школьнікаў і настаўнікаў, размаўляюць на англійскай мове, знаёмяцца з мясцовым ладам жыцця.
Нашы навучэнцы вывучаюць гісторыю Даніі, наведваюць сучасныя прадпрыемствы, музеі, саборы. Незабыўныя ўражанні ў дзяцей застаюцца пасля наведвання сталіцы Даніі Капенгагена. Штогадова беларуская дэлегацыя сустракаецца з мэрам Хольбэка, які адкрыта адказвае на шматлікія пытанні салігорскіх дзяцей і іх настаўнікаў.
Падчас паездкі традыцыйна праводзіцца вечар беларуска-дацкай дружбы, на якім беларускія школьнікі прадстаўляюць нашу Беларусь, Салігорск, сваю школу ў святле нацыянальнай культуры, традыцый і шматвекавой гісторыі. Гэтая падзея выклікае вялікую цікавасць як у дацкіх школьнікаў, так і ў іх педагогаў і бацькоў.

Другі этап міжнароднага праекта праходзіць вясной пад дэвізам “Беларусь вачыма дацкіх навучэнцаў”, калі дэлегацыя дацкіх настаўнікаў і дзяцей наведвае Салігорск. Звычайна праграма пачынаецца са знаёмства з установай адукацыі і наведвання гасцямі вучэбных заняткаў. Прычым перакладчыкамі і гідамі для навучэнцаў і настаўнікаў з Даніі кожны раз выступаюць самі вучні школы. З мэтай знаёмства з сістэмай адукацыі Салігорскага раёна дацкая дэлегацыя наведвае шэраг устаноў адукацыі, Цэнтр творчасці, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Акрамя таго, для гасцей з горада-пабраціма праводзяцца цікавыя сустрэчы і экскурсіі. На вечарыне дацка-беларускай дружбы для бацькоў і настаўнікаў школы гучаць песні на беларускай і рускай, дацкай і англійскай мовах.

У мінулым годзе, напярэдадні 55-годдзя Салігорска, на тэрыторыі школы была закладзена Алея дружбы Soligorsk — Holbek і адкрыты музей беларуска-дацкай дружбы.
Агульнавядома, што для таго, каб добра гаварыць на замежнай мове, ёю трэба рэгулярна карыстацца, падтрымліваючы і ўдасканальваючы моўныя навыкі. На наш погляд, ні лінгафонныя кабінеты, ні інтэрактыўныя дошкі, ні аўдыясродкі на электронных носьбітах не дапамогуць вывучыць замежную мову, калі настаўнік не будзе на вучэбных занятках ствараць умовы для “пагружэння” навучэнцаў у моўнае асяроддзе. Кожны ўрок замежнай мовы — гэта практычнае сутыкненне з іншай культурай, таму ў сярэдняй школе № 4 Салігорска значную ўвагу ўдзяляюць міжнароднаму супрацоўніцтву. Як вынік гэтай дзейнасці — паспяховы ўдзел нашых вучняў у алімпіядах, інтэрнэт-праектах, даследчых канферэнцыях.
Установа адукацыі не спыняецца на дасягнутым і шукае новыя перспектывы развіцця беларуска-дацкай дружбы. Так, па ініцыятыве настаўнікаў англійскай мовы сёлета рэалізаваны інтэрнэт-праект “Электронная паштоўка”, прысвечаны 90-годдзю Салігорскага раёна і Году гасціннасці ў Беларусі. У перспектыве — арганізацыя і правядзенне ўрокаў-тэлемастоў, падчас якіх салігорцы змогуць пагаварыць на розныя тэмы з педагогамі і вучнямі партнёрскай школы ў рэжыме анлайн. Каардынатарам інтэрнэт-праекта і зносін у анлайн-рэжыме выступае настаўнік англійскай мовы Вольга Мікалаеўна Круглова.
Удзел дзяцей у міжнародных праектах, вучнёўскіх абменах становіцца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу школы, які ўздзейнічае на фарміраванне творча і інтэ-лектуальна багатай асобы, дазваляе сумяшчаць адпачынак і захапленні маладых таленавітых людзей з карысцю ад вывучэння замежнай мовы і культуры.
Такія абмены даюць яго ўдзельнікам яркае ўяўленне пра свет, у якім мы жывём, пра разнастайнасць іншых культур, магчымасць прапагандаваць сацыякультурныя каштоўнасці сваёй краіны і развіваць уменні прадстаўляць родную краіну і культуру ў працэсе іншамоўных зносін.
Як мага лепш пра беларуска-дацкую дружбу выказаўся Карл Норвіг, дырэктар Holbaek Lille Skole, падчас візіту ў Салігорск: “Я ўжо шмат разоў прыязджаў у вашу краіну і гатовы прыязджаць сюды зноў і зноў, каб убачыць шчаслівыя твары сваіх вучняў падчас сустрэчы з беларускімі сябрамі і шчырыя слёзы на іх тварах пры развітанні. Гэта яшчэ раз даказвае, што сяброўства не мае межаў, яму не страшныя велізарныя адлегласці і адрозненні культур. Той уклад, які робяць нашы дзеці для збліжэння дзвюх краін, унікальны, і я бясконца ўдзячны сваім беларускім калегам за іх намаганні ў рабоце над нашым сумесным праектам. Асаблівыя словы падзякі хачу выказаць беларускім бацькам за іх гасціннасць і за тое, што мае вучні адчуваюць сябе як дома”.

Аксана ТАЛПЕКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 4 Салігорска.