Духоўнасць і адукаванасць

У кастрычніку мінулага года пачаў работу Царкоўна-гістарычны музей Беларускай Праваслаўнай Царквы пры Мінскай духоўнай акадэміі. Адна навучальная ўстанова прыцягвае іншыя, таму асаблівую папулярнасць музей набыў сярод мінскіх школ. Вучні 7-х класаў сталічнай гімназіі № 37 таксама адправіліся на займальную экскурсію.

Музей размешчаны ў цэнтры горада побач з кафедральным саборам. На новы будынак духоўнай акадэміі нельга не звярнуць увагі: ён быццам ахутаны атмасферай асветы і спакою. Нас сустракае экскурсавод Марыя Нецвятаева. У залежнасці ад складу групы агляд музея можа працягвацца ад адной да трох гадзін. Па ўзросце ніякіх абмежаванняў няма. Па прызнанні Марыі, экспазіцыя выклікае цікавасць нават у пяцігадовых дзяцей, у іх памяці застаюцца вобразы яркіх, незвычайных, прыгожых рэчаў.Экскурсія пачынаецца з агляду маленечкага храма Свяціцеля Кірылы Тураўскага, які гарманічна ўпісваецца ў будынак акадэміі. Галоўны плюс апавядання Марыі — ва ўпоры на гістарычнасць. Усе тыя веды, якія тычацца праваслаўя, адносяцца да ўзроўню агульнакультурных, а значыць, неабходных кожнаму. У храме экскурсавод простымі словамі спрабуе растлумачыць сутнасць хрысціянства, нагадвае гісторыю Новага Запавету, просіць назваць галоўныя праваслаўныя святы і нават уявіць сабе святых на іконах у генеральскай форме. Так яна тлумачыць сімволіку колераў. Жарты і інтэрактыў успрымаюцца на ўра. Калі гаворка заходзіць пра Кірылу Тураўскага, вучні зусім ажыўляюцца. Гэта яны праходзілі на ўроках гісторыі, кожны хоча падзяліцца сваімі ведамі.

Наперадзе яшчэ тры залы. Мы заходзім у сінюю залу, у якой раскрываецца гісторыя хрысціянства. У цэнтры ўвагі — іканапіс, архітэктура і царкоўныя рэчы. Цікавасць выклікае гісторыя Сафійскага сабора ў Полацку. Шмат хто быў у ім раней, таму ўважліва слухае і дапаўняе. Акрамя звестак на рэлігійную тэматыку, вучні атрымліваюць інфармацыю, напрыклад, аб ваеннай справе. Якім чынам умацоўвалі саборы, што выступалі ў якасці асноўных абаронных збудаванняў у невялікіх паселішчах? Аб гэтым вучні гатовы слухаць амаль бясконца.

У чырвонай зале экспазіцыя распавядае пра гісторыю праваслаўя ў XX стагоддзі. Цяжкія гады ганенняў на царкву, разбурэння храмаў, рэпрэсій, вайны… Аб усім гэтым Марыя расказвае не сухімі лічбамі і агульнымі словамі. У аснове — асабістыя гісторыі святароў, іх сем’яў. Апошняя па размяшчэнні (але не па значнасці) зялёная зала. Яна прысвечана асобе Мітрапаліта Філарэта, які быў ініцыятарам стварэння музея. Значная колькасць экспанатаў перайшла ў экспазіцыю з калекцыі ганаровага Патрыяршага Экзарха. Асабліва цікавым было раскрыццё асобы Мітрапаліта не як вядомага царкоўнага дзеяча, а як простага чалавека з незвычайнымі духоўнымі якасцямі. Гэтую залу можна назваць самай нечаканай. Калі гістарычныя звесткі можна знайсці ў падручніках, то так блізка пазнаёміцца з выбітнай асобай можна толькі ў музеі.

Экскурсія была сапраўды цікавай, ідэальна разлічанай на ўзрост аўдыторыі. Ніякай лішняй інфармацыі, толькі яркія факты і запамінальныя аповеды. Амаль увесь наступны ўрок беларускай літаратуры прыйшлося прысвяціць падрабязнаму разбору атрыманых звестак. Яшчэ некалькі класаў з 37-й гімназіі ўжо запісаліся на экскурсію.

Вольга КАСКО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 37 Мінска.
Фота аўтара.