“ДРУГ” — памочнік класных кіраўнікоў сталіцы

У першым слове няма памылкі. “ДРУГ” — назва гарадскога клуба класных кіраўнікоў Мінска, і абрэвіятура на рускай мове гучыць так: Д — дети, Р — родители, У — учитель (классный руководитель), Г — гармония.

Аб’яднанню крыху больш за год. На сённяшні час у яго радах каля 20 класных кіраўнікоў — работнікаў сістэмы сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Першымі, дарэчы, у клуб запісаліся педагогі — удзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог — выхавальнік года (класны кіраўнік)”, а таксама педагогі, якія працавалі ў рэгіянальным праекце “Стварэнне мадэлі інстытута вызваленага класнага кіраўніка ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
— Мы хацелі сабраць неабыякавых класных кіраўнікоў у адну каманду і, заручыўшыся іх падтрымкай, акумуляваць і прэзентаваць вопыт лепшых, аказаць маральную і метадычную дапамогу кожнаму класнаму кіраўніку як у рамках павышэння кваліфікацыі, так і ў міжкурсавы перыяд, — гаворыць куратар клуба метадыст упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічных службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Вольга Яўгенаўна Ерахавец. — Безумоўна, класныя кіраўнікі наведваюць курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, канферэнцыі, але такія сустрэчы праходзяць у рамках пэўных праграм і тэм. Важна, каб быў пастаянны абмен меркаваннямі, ідэямі, каб можна было наладжваць дыскусіі. На першы год мы не ставілі маштабных задач. Трэба было прыцягнуць увагу да сябе, ацаніць свае рэальныя магчымасці. І нас заўважылі, сталі запрашаць на гарадскія, рэспубліканскія і нават міжнародныя мерапрыемствы.
Члены клуба давалі майстар-класы па выхаваўчай рабоце ў рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы адукацыйных паслуг “Адукацыя і кар’ера”, Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыйнае асяроддзе і навучальныя тэхналогіі”, удзельнічалі ў II Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Духоўнасць. Маральнасць. Традыцыі” ў Жыровічах на базе духоўнай акадэміі і семінарыі.
Цікавы сумесны прадукт стварылі два класныя кіраўнікі: пачатковых класаў з сярэдняй школы № 13 Кацярына Вадзімаўна Чарнухіна і куратар вучэбнай групы каледжа электронікі Уладзімір Аляксандравіч Шантрукоў. Школьнікі і навучэнцы разам працавалі над сацыяльным ролікам з вельмі філасофскім зместам “Ратуйце нашы душы”. Вучні пачатковай школы былі яго героямі-акцёрамі, а навучэнцы каледжа выступілі ў якасці аператараў, мантажораў. Ролік адзначаны двума дыпломамі.
— З клубам мы запланавалі выпуск некалькіх метадычных дапаможнікаў, — дзеліцца планамі Вольга Яўгенаўна. — Адзін, напрыклад, будзе прысвечаны варыятыўным формам арганізацыі класнага кіраўніцтва (люты, 2015), а другі — інавацыйным формам правядзення бацькоўскіх сходаў (красавік, 2015). Кнігі ўжо ў плане выдавецтва. Але на гэтым не спынімся, ёсць пра што пісаць і што прапаноўваць. Плануем стварыць карту вопыту выхаваўчай практыкі горада, сабраўшы кропкі — установы адукацыі, дзе можна атрымаць метадычную падтрымку па пэўным кірунку выхаваўчай работы, якіх, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дванаццаць. У тым ліку грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, ідэалагічнае, маральнае, эстэтычнае, сямейнае, гендарнае і г.д. У нас вялікія планы: выпуск метадычнай літаратуры, правядзенне розных акцый, арганізацыя паездак па рэспубліцы з мэтай абмену напрацоўкамі, ідэямі і многае іншае.
10 снежня ў сярэдняй школе № 120 Мінска пройдзе адкрытае пасяджэнне клуба “ДРУГ” па тэме “Падлетак: асаблівасці сацыялізацыі і этапы фарміравання асобы”. Жадаючыя могуць прыняць у ім удзел.

Святлана КРІСАНАВА.
Фота з архіва клуба “ДРУГ”.