Добрая традыцыя школьнікаў з Ноўкі

Не застаюцца ў баку ад удзелу ў штогадовай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” вучні Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. На працягу трох гадоў напярэдадні навагодніх свят школьнікі і іх бацькі займаюцца падрыхтоўкай падарункаў для дзяцей з дзіцячых дамоў.30 снежня ў школу былі запрошаны выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу сям’і Церахавых. Ім прапанавалі стаць удзельнікамі забаўляльнай праграмы. Ва ўнікальным лічбавым планетарыі госці паглядзелі захапляльны фільм пра касмічныя прыгоды Бабы Ягі. У спартыўнай зале хлопцаў і дзяўчат чакала выпрабаванне на смеласць: жадаючыя змаглі спусціцца з другога паверха на спецыялізаваным турыстычным абсталяванні. У матчы па піянерболе прынялі ўдзел каманды школьнікаў з аграгарадка Ноўка і гасцей. Перамагла, канечне, дружба. На паветраных шарах дзеці запісалі свае запаветныя жаданні і “запусцілі” шары ў космас.

Навагоднія падарункі хлопцы і дзяўчаты знайшлі пад ёлкай у актавай зале школы. У якасці падарункаў былі падрыхтаваны кнігі, настольныя гульні, канцылярскія прылады і, вядома ж, прысмакі.

Чаяванне ў школьным фітабары падвяло вынік святочнаму дню. На памяць аб цёплай сустрэчы гасцям падарылі маляўнічыя фатаграфіі і яркія дыпломы ўдзельнікаў матча па піянерболе.

Вольга ОБУХАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.
Фота аўтара.