Добрая справа не можа быць маленькай

Чуласць, міласэрнасць, спачуванне — жыццёва неабходныя чалавеку і грамадству. На жаль, у наш час мы назіраем некаторы дэфіцыт гэтых якасцей. Вельмі істотна, каб дзеці ўмелі спачуваць не толькі адно аднаму, але і братам нашым меншым — жывёлам.

Што такое міласэрнасць? Гэтае слова гаворыць само за сябе — мець добрае, мілае сэрца. Быць гатовым заўсёды дапамагчы, пашкадаваць, дараваць проста з пачуцця спагады і чалавекалюбства.
Другі год вучні 3 “А” класа з актывістамі клуба “Міласэрнасць” дапамагаюць валанцёрам Полацка. Мы падкормліваем нашых чатырохногіх сяброў і клапоцімся пра іх, шукаем для іх гаспадароў, арганізоўваем і ўдзельнічаем у акцыі “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі” з наступным выпускам інфармацыйных лістовак, у якіх прыцягваецца ўвага жыхароў горада да праблемы бяздомных жывёл. Калі людзьмі рухае агульная мэта, зараджаецца сумесная дзейнасць. Размаўляючы з вучнямі, я даведалася, што амаль у кожнага ў доме ёсць жывёла, і прапанавала паўдзельнічаць у праекце “Мая любімая хатняя жывёла”. На класнай гадзіне хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дэманстравалі фатаграфіі і дзяліліся займальнымі гісторыямі пра сваіх любімцаў. Таксама высветлілася, што ў траіх дзяцей ёсць сабакі, якіх яны ўзялі з прытулку.
Пазней дзецям было прапанавана прыняць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Юны даследчык”, на якой мы прадставілі творчы праект “Сабака ў доме: карысць ці шкода”. Мэта праекта — больш даведацца пра тых жывёл, якія жывуць побач з намі, і расказаць пра гэта сваім таварышам. Першая частка работы Дар’і Собалевай, Аляксандры Нікіцінай і Рамана Малея прысвечана шматлікім службам, у якіх “працуюць” жывёлы, і заслугам чатырохногіх сяброў перад чалавекам. У другой частцы раскрываецца паняцце “бяздомныя жывёлы”, выяўляюцца прычыны іх з’яўлення ў нашым горадзе. На раённай канферэнцыі “Юны даследчык” гэтая работа была адзначана падзякай.
Важная для нас дата — Сусветны дзень абароны жывёл, які адзначаецца 4 кастрычніка. У нашай гімназіі па традыцыі гэта не дзень і нават не тыдзень, а цэлы месяц клопату пра бяздомных жывёл. Каардынатарам агульнай працы стаў 3 “А” клас разам з актывістамі клуба “Міласэрнасць”. Так, мінулай восенню на Полацкім калгасным рынку прайшла дабрачынная акцыя “Дабро сярод сяброў”. Актыўны ўдзел у лёсе чатырохногіх бяздомных сяброў прынялі педагогі і навучэнцы 6 “А”, 7 “В”, 8 “А”, 9 “В” класаў полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Вучні дапамагалі валанцёрам знайсці для бяздомных гадаванцаў добрыя рукі. У гэты дзень новы дом знайшлі пяцёра шчанюкоў і трое кацянят. За некалькі дзён да акцыі “Дабро сярод сяброў” актывісты клуба “Міласэрнасць” арганізавалі яшчэ адну акцыю пад назвай “Дапамажы бяздомным жывёлам” сярод навучэнцаў гімназіі па зборы сродкаў для прытулку бяздомных жывёл.
На наступны дзень члены клуба “Міласэрнасць” і вучні 3 “А” класа наведалі прытулак для бяздомных жывёл, размешчаны ў раёне Баравуха-3. Там мы пераканаліся, што ёсць людзі, якім неабыякавы лёс кінутых жывёл. Хочацца звярнуцца да ўсіх: людзі, будзьце адказныя за тых, каго вы аднойчы ўзялі ў свой дом! Не кідайце жывёл! Прытулку жадаем больш спонсараў і новага, сучаснага памяшкання. А мы паспрабуем дапамагчы!
Я веру, што праведзеная намі работа не знікне дарма, што дзеці вырастуць добрымі. Ужо сёння яны імкнуцца працягнуць нашу работу, будуюць планы на правядзенне новых акцый і добрых спраў. І ці не такія звычайныя маленькія справы робяць нашу краiну, яе заўтра святлейшым?

Ганна ЛЫСЕНКА,
выхавальнік полацкай дзяржаўнай
гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.