Дэкада навукі як магчымасць раскрыць інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў

Асноўнае багацце народа — гэта яго дзеці. Таленавітая моладзь — стратэгічны запас інтэлектуальнай сілы, яе творчага патэнцыялу. Гэта будучыня нашай краіны. Нестандартна думаючыя, неардынарныя, яны здольны на непрадказальныя ўчынкі, знойдуць выйсце з розных сітуацый. Менавіта такія дзеці вучацца ў Рэчыцкім раённым ліцэі, што яшчэ раз даказала чарговая ліцэйская дэкада навукі.

Правядзенню дэкады папярэднічае вялікая падрыхтоўка. І асноўную ролю мы адводзім навучэнцам. За месяц да пачатку дэкады ствараецца творчая група навучэнцаў, адказных за правядзенне кожнага дня. Выбар навучэнцаў невыпадковы — гэта прадстаўнікі ліцэйскага самакіравання, навучэнцы розных профільных напрамкаў навучання. Кіруе працэсам падрыхтоўкі міністр адукацыі Ліцэйскай Рэспублікі, ён жа кіраўнік навуковага таварыства ліцэістаў “Фатон”. Усе ідэі абмяркоўваюцца, аналізуюцца навучэнцамі i прадстаўляюцца для адабрэння настаўнікам і намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, які і складае канчатковы план правядзення дэкады навукі для зацвярджэння дырэктарам ліцэя.

Дэкада навукі традыцыйна складаецца з дзён навук, прысвечаных розным галінам ведаў. У гэтыя дні абавязковая абарона даследчых работ па розных кірунках. Характэрна, што навучэнцы хіміка-біялагічнага напрамку навучання прадстаўляюць работы гуманітарнай скіраванасці, а навучэнцы філалагічнага напрамку навучання — матэматычнай. Мы вітаем такую інтэграцыю, такое ўзаемапранікненне навук.

Можна паспрабаваць сябе таксама і ў ролі навуковых кіраўнікоў (навучэнцы, якія раней абаранілі свае даследчыя работы, з’яўляюцца куратарамі пачаткоўцаў). Акрамя таго, праводзяцца інтэрактыўныя гульні “Як абараніць даследчую работу”, “Я — член журы навуковага конкурсу”, семінары для вучняў па актуальных праблемах даследчай дзейнасці “Роля навукі ў развіцці грамадства”, “Навуковае даследаванне як спосаб асобаснага самавыяўлення” і інш. Традыцыйна праводзім і круглы стол для вучняў “Алімпіяды: як перамагчы”.

Неабходнай умовай для навучэнцаў-арганізатараў з’яўляецца самастойнасць пры правядзенні мерапрыемстваў. Пасля заканчэння дня абавязковыя электронныя паведамленні намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце аб тым, як прайшоў дзень. У выніку на сайце ліцэя ўжо ўвечары ёсць уся інфармацыя (http://licei.rechitsa.by). А паколькі электронны адрас намесніка ёсць ва ўсіх ліцэістаў, яны могуць адправіць паведамленне пра тое, ці спадабалася ім мерапрыемства, прапанаваць свае ідэі на наступны год.

Такая калектыўна-творча-інтэлектуальная дзейнасць дае вынікі: дзеці працуюць у камандзе, аргументавана адстойваюць сваё меркаванне, ствараюць інтэлектуальны прадукт, пішуць невялікія артыкулы для сайта. Ліцэісты вучацца прымаць рашэнні і несці адказнасць за іх і за людзей.

Па традыцыі дэкада навукі гэтага года пачалася ўрачыстай лінейкай. А потым на працягу 10 дзён праходзілі яркія запамінальныя мерапрыемствы, прысвечаныя ўсім галінам ведаў.

Пры правядзенні дня прыродазнаўчых навук навучэнцы даведаліся шмат новых і цікавых фактаў аб рэках і вадаёмах Беларусі, пра будову чалавечага цела, аб флоры і фаўне свету, дэманстраваліся відэафільмы экалагічнай накіраванасці. Арганізатары дня навучэнцы хіміка-біялагічнага напрамку навучання Ірына Данчанка і Ганна Новік палічылі неабходным злучыць карыснае з прыемным: на перапынках гучалі класічныя музычныя творы, прысвечаныя прыродзе, у выкананні Дар’і Шараевіч.

Цікавай задумай дня рускай славеснасці стала незвычайная слоўнікавая дыктоўка: на прыступках усіх лесвіц у ліцэі былі наклеены слоўнікавыя словы. Аўтары ідэі, арганізатары дня, навучэнцы філалагічнага напрамку навучання Ірына Калацэй і Марыя Буркоўская палічылі, што так ліцэісты хутчэй засвояць патрэбныя словы.

Цудоўным завяршэннем дня рускай славеснасці стала літаратурная гасцёўня “Вершаваныя радкі пра галоўнае”. Настаўнікі і госці выбралі вершы, якімі зачытваліся ў 15—16 гадоў і якія хвалявалі, прымушалі задумацца пра жыццё, пра сябе, пра самае галоўнае.

У дзень гісторыі навучэнцаў і настаўнікаў раніцай сустракалі… Барбара і Жыгімонт Радзівіл і Бона Сфорца. Гэта былі ўдзельнікі гісторыка-літаратурнага праекта “Пара тысячагоддзя”. Усім былі ўручаны зробленыя навучэнцамі каляндарыкі. Акрамя таго, былі праведзены дайджэст “Даты і падзеі”, вусны часопіс “Людзі з мінулага”, гістарычны бой.

Дзень фізічнай культуры і спорту пачаўся пазітыўна: усіх віталі цукеркамі, гучным “Фізкульт-прывітанне!” і бадзёрым поціскам рукі арганізатары Кацярына Ліхван, Вікторыя Фінава і Ірына Калацэй. На ранішняй лінейцы прайшла вясёлая танцавальная зарадка. На перапынках адбыліся спаборніцтвы па спідкубінгу, дэманстраваліся відэаролікі, у якіх быў паказаны спартыўны флэш-моб з удзелам ліцэістаў. Яркае афармленне ліцэя, мудрыя выслоўі пра здаровы лад жыцця і цікавыя факты аб спартыўным жыцці краіны і свету дапоўнілі атмасферу дня.

“Размаўляем па-беларуску” — дэвіз дня беларускай мовы і літаратуры. Арганізатары дня навучэнка філалагічнага напрамку навучання Вікторыя Вярбіцкая і навучэнка фізіка-матэматычнага напрамку навучання Вольга Рудзянок зладзілі выставу, правялі віктарыну.

У дзень прыродазнаўчых навук арганізатары навучэнцы фізіка-матэматычнага напрамку навучання Хрысціна Еўцішанкова і Алена Пушына правялі матэматычны турнір “Твой першы крок у навуку”, на якім было заслухана 17 дакладаў. Падчас правядзення матэматычных баёў у кожным з 10-х класаў кіпела работа: 5 чалавек рашалі камандныя задачы, другія малявалі матэматычныя газеты, а трэція дапамагалі журы ацэньваць работы. Адбыліся брэйн-рынг і камандны конкурс па рашэнні задач.

У дзень замежных моў арганізатары навучэнцы філалагічнага напрамку навучання Вольга Пінчук, Аляксандра Шмыгалёва, Алена Ладыгіна сустракалі настаўнікаў і ліцэістаў, вітаючы іх на англійскай, нямецкай, французскай і італьянскай мовах. На працягу ўсяго дня на перапынках праводзіліся віктарыны, дэманстраваліся відэафільмы аб Вялікабрытаніі, Кітаі, Францыі, Германіі.

У дзень псіхалогіі з самай раніцы ліцэістаў і педагогаў сустракалі навучэнцы Кацярына Стальмашок і Вераніка Канатуш, якія, пажадаўшы ўсім добрага настрою і поспеху, давалі магчымасць паўдзельнічаць у псіхалагічнай гульні і “ўзяць тое, што вам трэба” з імправізаванай дошкі жаданняў. На працягу дня дэманстраваліся кранальныя і павучальныя відэаролікі, прайшла прэзентацыя буклетаў, была праведзена прафарыентацыйная акцыя “Кансультант”. Таксама складзены “Цытатнік ліцэя”: ліцэісты і дарослыя пісалі любімую або значную цытату і прымацоўвалі яе на агульную дошку.

У дзясяты, заключны, дзень прайшла лінейка, на якой выступілі кіраўнік Ліцэйскай Рэспублікі Дзмітрый Ярмолін і міністр адукацыі Ліцэйскай Рэспублікі кіраўнік навуковага таварыства ліцэістаў “Фатон” Дар’я Шпакава. Яны падвялі вынікі дэкады навукі, пажадалі настаўнікам і навучэнцам поспехаў у далейшым.

Вось так мы вучым ліцэістаў аддзяляць збожжа ад пустазелля, знаходзіць незвычайнае ў простым, дапамагаем ім не згубіцца ў віртуальнасці і стаць сапраўднымі людзьмі ў рэальным жыцці.

Эла КУЧАР,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Рэчыцкага раённага ліцэя.