Даць адказ на пытанне “Кім быць?”

Кім быць? Гэтае пытанне рана ці позна задае сабе кожны школьнік. У маладым узросце яшчэ няма жыццёвага вопыту, трывалых ведаў, каб дакладна выбраць прафесійны шлях. І менавіта школа павінна дапамагчы ў прафесійным самавызначэнні падлетка з улікам яго індывідуальных асаблівасцей і патрабаванняў сучаснага рынку працы.

У сярэдняй школе № 13 Гомеля прайшоў тыдзень прафарыентацыі. Вучні пачатковых класаў расказалі на класных гадзінах аб прафесіях бацькоў, а дзевяцікласнікі падзяліліся бачаннем сваёй прафесійнай будучыні ў сачыненні “Мая будучая прафесія”. Прыемна, што нямала юнакоў і дзяўчат ужо зрабілі свой выбар. Так, Настасся Чайкова плануе пасля 9 класа пайсці вучыцца ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. Яе выбар не выпадковы: музыкантам быў яе дзядуля, выкладчыкам музычнай школы працуе яе маці. А сама Настасся — выпускніца школы мастацтваў, дыпламантка шэрага музычных конкурсаў. Упэўнена ідзе да вызначанай мэты яшчэ адна дзевяцікласніца — Настасся Марозава. Многія яе творчыя работы ўдастоены дыпломаў гарадскіх і абласных конкурсаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзяўчына бачыць сябе ў будучыні дызайнерам, мастаком-мадэльерам. А вось Хрысціна Нікаладзэ і Хрысціна Фядосенка плануюць працаваць у медыцыне.Свет прафесій велізарны. Даведацца пра іх, прымераць на сябе важна як мага раней. На класных мерапрыемствах школьнікі 6—8 класаў пагаварылі не толькі пра ўжо вядомыя прафесіі, але і пра тыя, якія з’явіліся на рынку працы нядаўна. На працягу тыдня кожны клас выпусціў насценгазету “Свет прафесій”.
Дыялог псіхолага школы з адзінаццацікласнікамі “Выбар прафесіі — гэта сур’ёзна” спрыяў высвятленню асноўных памылак пры выбары прафесіі, а таксама іх папярэджанню.
Дапамагае школьнікам 7—11 класаў намеціць напрамак далейшай адукацыі згодна са схільнасцямі, інтарэсамі, здольнасцямі і вучэбнымі ўменнямі, вызначыцца з выбарам профілю навучання або прафесіі ўдзел у прафарыентацыйнай дыягностыцы, якая праводзіцца Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі. Атрыманыя вынікі становяцца прадметам для абмеркавання з бацькамі, школьным псіхолагам.
Прафарыентацыйная работа ў школе, вядома, не скончыцца правядзеннем тэматычнага тыдня. Навучэнцы школы — актыўныя ўдзельнікі праекта “Універсітэцкія суботы”, які паспяхова рэалізоўваецца на Гомельшчыне. Наведванне мерапрыемстваў у вышэйшых навучальных установах абласнога цэнтра дазваляе дзецям пазнаёміцца з рознымі навуковымі напрамкамі і прафесіямі, з установамі вышэйшай адукацыі. Усё гэта ў выніку дапаможа школьнікам даць адказ на пытанне “Кім быць?”.

Галіна БАЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Гомеля.
Фота аўтара.