Даследаванне — цікавы і захапляючы спосаб пазнання

Лён — гэта багацце і сімвал нашай краіны, таму яго блакітныя кветкі ўплецены ў вянок беларускага герба — так гучыць вынік даследавання Аляксея Упорава, выхаванца ясляў-сада № 86 Магілёва. Для нас, дарослых, у гэтым сцвярджэнні, мабыць, і няма ніякага адкрыцця, але для выхаванца старшай групы ў працэсе даследавання іх было шмат. А пачалася работа з пытанняў: “Колькі прафесій мае лён?”, “У чым унікальнасць гэтай расліны?”.

Разам са сваёй матуляй Вольгай Аляксандраўнай, пад кіраўніцтвам выхавальнікаў Iны Міхайлаўны Сіўцовай і Вольгі Міхайлаўны Ларчанка Аляксей змог даказаць гіпотэзу: “Лён — вельмі карысная расліна” і вызначыць, у чым заключана яе ўнікальнасць.

Работа працягвалася амаль месяц. За гэты час юны даследчык наведаў Магілёўскі музей этнаграфіі, вырасціў лён і зрабіў гербарый, сабраў сваю калекцыю льняной тканіны, у якой ёсць усе яе віды, ад батысту да брызенту, выпякаў хлеб з ільняной мукі і майстраваў ляльку. Пра лён і пра ўсё, што дае гэтая расліна чалавеку, Аляксей даведаўся самастойна, і гэта самае значнае. Падчас даследавання ён атрымаў не толькі звесткі аб прадмеце, які яго цікавіў, але пашырыў свой кругагляд: даведаўся пра культурныя традыцыі беларускага народа, зразумеў, як цяжка і многа працавалі нашы продкі, як цяпер вырошчваюць лён і дзе перапрацоўваюць, навучыўся круціць народную ляльку і вымешваць цеста, праводзіць доследы і эксперыменты. Ён зрабіў вывад, што ўнікальнасць ільну заключана ў магчымасці выкарыстання яго без адходаў, што пацвярджае і народная мудрасць “Хто пасее лён — пажне золата”.
У ходзе даследавання Аляксей праявіў не толькі пошукавыя, але і творчыя, і камунікатыўныя здольнасці, а гэта вынік сумеснай работы бацькоў і педагогаў.

У дзіцячым садку адбылася прэзентацыя даследчай работы, і прадстаўленыя матэрыялы выклікалі вялікі інтарэс у прысутных: і ў дзетак, і ў дарослых, а ў саміх удзельнікаў даследавання чыталася і хваляванне, і задавальненне — адказы на пытанні знойдзены, гіпотэза даказана.

Сапраўды, работа ўражвае сваёй глыбінёй і вынікамі. Зроблена шмат, а колькі ж яшчэ наперадзе! Але ўжо ёсць добры вопыт пазнання — вопыт даследавання, і разуменне, што веды, атрыманыя такім чынам, — трывалыя.
У малых ёсць вялікая цікавасць да навакольнага і вялікае імкненне яго пазнаць. I задача бацькоў і педагогаў — дапамагчы дзеткам не згубіць гэтыя імкненні, садзейнічаць іх развіццю і жадаць, каб гэтае пазнанне было цікавым, захапляючым і ўдалым.

Вольга IРВАНЦОВА,
намеснік загадчыка
па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 86 Магілёва.