Дашкаляты ў школьнай краіне

Дзіцячы сад і школа — два моцна ўзаемазвязаныя звяны ў сістэме адукацыі. Праблема пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй была актуальнай заўсёды. Яшчэ Я.А.Каменскі ў сваіх працах, абгрунтоўваючы асноўныя прынцыпы навучання і выхавання, адзначаў неабходнасць таго, каб “…наступнае заўсёды грунтавалася на папярэднім, а папярэдняе ўмацоўвалася наступным”.

Шмат гадоў наша школа супрацоўнічае з Вішнявецкім дзіцячым садам. Сумесная праца педагогаў дашкольнай установы і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі спрыяе стварэнню адзінай адукацыйнай прасторы, рэалізацыі адзінай лініі развіцця дзіцяці на этапах дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі, дапамагае зняць псіхалагічныя цяжкасці ў адаптацыйны перыяд.

У нашай установе адукацыі асновай для паспяховай матывацыі старэйшых дашкольнікаў да школьнага навучання з’яўляецца работа, накіраваная на азнаямленне са школай.У рамках пераемнасці паміж дашкольнай адукацыяй і пачатковай школай практыкуецца такі від сумеснай дзейнасці, як правядзенне ў школе тыдня будучага першакласніка “Падарожжа па краіне Ведаў”. Тыдзень ужо стаў традыцыйным, праводзіцца для ўсталявання даверлівых партнёрскіх адносін паміж педагогамі, выхавальнікамі і бацькамі будучых першакласнікаў.

Правядзенню тыдня папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа (распрацоўка плана, размяшчэнне аб’явы на сайце, стэндах школы, дзіцячага сада, у даступных месцах аграгарадка, выраб сувеніраў для дашкольнікаў, афармленне буклетаў, памятак, рэкамендацый для бацькоў будучых першакласнікаў).

У гэтым навучальным годзе ў першы дзень тыдня школа гасцінна запрасіла будучых першакласнікаў на дзень адкрытых дзвярэй. Для дашкольнікаў была арганізавана гульня-падарожжа “Па школьнай краіне”, а таксама сустрэчы з казачнымі героямі. Маршрут падарожжа ўключаў усе памяшканні і кабінеты школы. Асабліва спадабаўся дашкалятам кабінет хіміі, дзе дэманстраваліся хімічныя доследы, а ў некаторых з іх будучыя першакласнікі змаглі паўдзельнічаць самі. Закончылася экскурсія наведваннем сталовай, дзе для дзяцей была арганізавана чайная паўза. У гэты дзень яны адчулі сябе сапраўднымі вучнямі, пабывалі ў класах, пасядзелі за сапраўднымі школьнымі партамі, адказвалі на пытанні настаўнікаў.

На наступны дзень дзяцей чакала захапляльная спартыўная праграма ў рамках дня здароўя “Вясёлыя старты”, якая была арганізавана і дэталёва прадумана настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Вольгай Уладзіміраўнай Ярашэвіч. Цікавыя конкурсы “Наезнікі”, “Аўтагонкі”, “Футбалісты”, музычныя паўзы, узнагароды стварылі ў дзяцей радасны і бадзёры настрой і выклікалі станоўчыя эмоцыі.

Наступная сустрэча адбылася з вучнямі і настаўніцай 1 класа Галінай Яўгенаўнай Аўлохавай, якія запрасілі будучых першакласнікаў на адкрыты ўрок “Што такое прырода? Жывая і нежывая прырода”. Дзеці змаглі паназіраць за вучнямі падчас урока: за іх паводзінамі, адказамі, дзейнасцю — і самі прынялі ўдзел у фізкультхвілінках, выканалі некаторыя заданні і практыкаванні.

Не засталіся па-за ўвагай і бацькі. Яны пазнаёміліся з традыцыямі ўстановы адукацыі, дасягненнямі вучняў і настаўнікаў. На бацькоўскім сходзе “Першы раз — у першы клас” разглядаліся пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу

ў 1 класе, гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе, арганізацыі работы “Школы будучага першакласніка”. Бацькам былі прапанаваны буклеты з памяткамі і рэкамендацыямі. Варта адзначыць, што “Школа будучага першакласніка” паспяхова працуе ва ўстанове адукацыі апошнія гады і дапамагае падрыхтаваць дзяцей да навучання ў пачатковай школе, убачыць “слабае звяно” ў развіцці кожнага дзіцяці і пазбегнуць магчымых школьных цяжкасцей. Вопыт паказвае, што дзеці, якія наведваюць заняткі, лягчэй адаптуюцца да школы, псіхалагічна падрыхтаваны да навучання, — усё гэта дазваляе ім у далейшым паспяхова авалодаць школьнай праграмай.

Закончыўся тыдзень афармленнем выставы малюнкаў вучняў пачатковых класаў і будучых першакласнікаў “Цудоўная школьная краіна”, на якіх яны намалявалі настаўніцу з вучнямі, школьныя класы з партамі і нават школьную сталовую. У гэты дзень законныя прадстаўнікі дзяцей змаглі атрымаць кансультацыі настаўніка-дэфектолага Таццяны Міхайлаўны Сасноўскай па пытаннях навучання дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе. Карэспандэнты школьнага тэлебачання “НТ” узялі інтэрв’ю ў будучых першакласнікаў і іх бацькоў. Рэпартаж паказаны ў выпуску навін.

Такім чынам, толькі ў цесным узаемадзеянні школы, дзіцячага сада, бацькоў можна паспяхова вырашыць пытанні пераемнасці паміж дашкольнай і школьнай адукацыяй. Выйграюць ад гэтага ўсе, але асабліва дзеці. Дзеля дзяцей можна знайсці час, сілы і сродкі для вырашэння задачы пераемнасці.

Таццяна БЕЛАНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Вішнявецкай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*