Дапамагчы зрабіць асэнсаваны выбар

Выбар прафесіі — справа нялёгкая, асабліва ў сучасных умовах інтэнсіўнага развіцця вытворчасці і рыначных адносін. Нявызначанасць у выбары прафесіі ў большасці выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з’яўленне лішку спецыялістаў у адных галінах гаспадарчага комплексу Беларусі і дэфіцыт спецыялістаў па новых спецыяльнасцях і шэрагу рабочых прафесій ва ўсіх сферах эканомікі не садзейнічаюць эфектыўнаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. Відавочнай стала праблема прафесійнай арыентацыі моладзі. Невыпадкова Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі адным з асноўных складнікаў выхавання вызначае “працоўнае і прафесійнае выхаванне, накіраванае на разуменне навучэнцамі працы як асобаснай і сацыяльнай каштоўнасці, асэнсаванне прафесійнага выбару, сацыяльнай значнасці прафесійнай дзейнасці” (артыкул 18, п.5.9).

Ужо другі навучальны год Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7 працуе над рэалізацыяй эксперыментальнага праекта “Апрабацыя сістэмы інфармацыйна-педагагічнай падтрымкі фарміравання прафесійных намераў навучэнцаў, якія засвойваюць адукацыйную праграму сярэдняй адукацыі, ва ўзаемадзеянні з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі”. Мяркуецца, што арганізацыя прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на аснове сістэмнага выкарыстання магчымасці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, магчымасці ажыццяўлення прафесійных спроб навучэнцамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі і на базавых прадпрыемствах, стварэння станоўчага іміджу рабочых прафесій будзе садзейнічаць фарміраванню адэкватных прафесійных намераў навучэнцаў старшых класаў.
Кіраўніком праекта з’яўляецца Эдуард Мечыслававіч Каліцкі, першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, дацэнт, кандыдат педагагічных навук.
У склад эксперыментальнай пляцоўкі ўваходзяць 3 установы агульнай сярэдняй адукацыі — сярэднія школы Магілёва № 21, № 34 і Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча, і 3 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі — прафесійныя ліцэі № 1 і № 7, а таксама Магілёўскі электратэхнічны каледж. У кожнай з названых навучальных устаноў створаны творчыя групы па рэалізацыі эксперыментальнага праекта, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі адміністрацыі, педагогі сацыяльныя, педагогі-псіхолагі, метадысты, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. Узначальваюць творчыя групы: у сярэдняй школе № 21 — сацыяльны педагог А.А.Архіпава, у сярэдняй школе № 34 — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Г.М.Бяляева, у Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчы — педагог-псіхолаг Н.А.Сталярова, у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 7 — метадыст В.М.Піранен, у Магілёўскім электратэхнічным каледжы — метадыст Г.Я.Южакова.
У мінулым годзе на першым этапе рэалізацыі праекта праводзілася азнаямленне школьнікаў з рабочымі прафесіямі, па якіх вядзецца падрых-тоўка навучэнцаў ва ўстановах ПТА. Выкладчыкі спецыяльных прадметаў і майстры вытворчага навучання рыхтавалі змястоўныя і маляўнічыя прэзентацыі сваіх прафесій, якія ўключалі інфармацыю аб гісторыі зараджэння і развіцця той або іншай прафесіі, сучасных патрабаваннях да спецыяліста, магчымасцях далейшага прафесійнага росту, становішчы на рынку працы, прадпрыемствах — заказчыках кадраў, аб знакамітых выпускніках. Школьнікі з цікавасцю ўспрымалі інфармацыю, задавалі пытанні аб магчымасцях набыцця прафесіі. Акрамя гэтага, праводзіліся дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі па вытворчых майстэрнях, лабараторыях, вучэбных кабінетах, школьнікаў знаёмілі з гісторыяй навучальнай установы, яе поспехамі і дасягненнямі.

У гэтым навучальным годзе ажыццяўляецца другі этап эксперыментальнага праекта — этап выканання прафесійных спроб навучэнцамі старшых класаў агульнаадукацыйных школ. Спробы праводзяцца па блочна-кальцавым метадзе. Гэта азначае, што за чатыры чвэрці навучальнага года школьнікі змогуць паспрабаваць сябе ў чатырох прафесіях.
У нашым ліцэі школьнікам прапануецца паспрабаваць сябе ў такіх прафесіях, як “Швачка; кравец”, “Цырульнік”, “Майстар па манікюры”, “Лабарант хімічнага аналізу”. Выкладчыкі спецыяльных прадметаў Н.А.Клімянкова, К.К.Стасюкевіч і майстар вытворчага навучання Н.М.Баранава распрацавалі эксперыментальныя праграмы для правядзення прафесійных спроб са старшакласнікамі, згодна з якімі на кожную прафесію адводзіцца 20 гадзін практычных заняткаў. Тэарэтычны матэрыял школьнікі вывучаюць самастойна. Уся неабходная інфармацыя размяшчаецца на сайце ліцэя ў рубрыцы “Эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць”. Распрацаваны і ўзгоднены з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і графікі правядзення прафесійных спроб. Для каардынацыі дзейнасці ўдзельнікаў праекта, вырашэння іншых пытанняў у верасні гэтага года на базе ліцэя прайшла нарада кіраўнікоў творчых груп. На нарадзе былі ўзгоднены каляндарныя планы эксперыментальнай дзейнасці на 2013/2014 навучальны год, вызначаны формы і метады адсочвання змяненняў прафесійных намераў школьнікаў і падвядзення прамежкавых вынікаў эксперымента.
Па выніках першай чвэрці можна сказаць, што старшакласнікі з цікавасцю аднесліся да магчымасці паспрабаваць сябе ў рабочай прафесіі. Вядома, прафесіі цырульніка і майстра па манікюры заўсёды цікавяць дзяўчынак. Кожны год у ліцэі на гэтыя спецыяльнасці конкурс. А вось прафесіі швачкі, лабаранта? Па выніках першага цыкла спроб мы правялі невялікае апытанне, і аказалася, што 42,8% рэспандэнтаў у падгрупе лабарантаў хімічнага аналізу вырашылі, што будуць паступаць у ліцэй на гэтую спецыяльнасць, і лічаць свой выбар канчатковым. Зрабілі свой выбар на карысць прафесіі швачкі 33,3% рэспандэнтаў, бо ўсім спадабалася інтэграцыя гэтай прафесіі з прафесіяй цырульніка.
Вопыт першай чвэрці паказаў, якія карэктывы патрэбна ўнесці ў вучэбна-плануючую дакументацыю і арганізацыю саміх заняткаў, каб яны праходзілі больш эфектыўна.
Але ж, як кажуць, куранят увосень лічаць, бо адным з крытэрыяў эфектыўнасці эксперыментальнай дзейнасці з’яўляецца паступленне выпускнікоў у навучальныя ўстановы ў адпаведнасці з выбранымі прафесіямі, а паказчыкам — працэнт выпускнікоў, якія выбралі прафесію асэнсавана (абапіраючыся на свае здольнасці, інтарэсы, разуменне асноў выбранай прафесіі і рэальнага становішча на рынку працы) і рэалізавалі выбар, паступіўшы ў адпаведную навучальную ўстанову.
Зрабіць асэнсаваны выбар будучай прафесіі выпускнікам школ павінен дапамагчы эксперыментальны праект.

Вольга ПІРАНЕН,
метадыст Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7.