Да патрыятызму — праз інавацыю

Ужо другі год у Ленінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Краснапольскага раёна дзейнічае рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў на этнакультурнай аснове ў кантэксце рэгіянальнага кампанента”. Яго мэта — фарміраванне інтэлектуальна і духоўна развітой асобы з гуманістычнай сістэмай каштоўнасцей і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Дасягнуць чаканага выніку можна пры дапамозе практычнага вывучэння гісторыі і традыцый беларускага народа. У гэтым нам дапамагаюць сустрэчы вучняў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Як паказала практыка, гэта адзін з найбольш цікавых сродкаў захапіць падрастаючае пакаленне. Запрошаныя з задавальненнем адгукаюцца на прапановы школы і сваім прыкладам вучаць навучэнцаў любіць і абараняць Радзіму.
У рамках інавацыйнага праекта дзеці маюць магчымасць не толькі атрымліваць веды аб ваенных і іншых гістарычных падзеях сваёй краіны, але і займацца краязнаўчай дзейнасцю. Яна дазваляе больш дэталёва вывучаць традыцыі, культуру, побыт, асаблівасці і каларыт мясцовага насельніцтва і беларускага менталітэту ў цэлым. У гэтым школьнікам дапамагаюць не толькі экскурсійныя паходы ў музеі, але і даследчая дзейнасць на роднай зямлі — Краснапольшчыне.
Дзякуючы такому падыходу школьнікі актыўна ўцягваюцца ў навуковы працэс: вывучаюць малавядомыя факты з жыцця рэгіёна, папаўняюць экспазіцыю школьнага музея новымі цікавымі знаходкамі, адкрываюць невядомыя старонкі біяграфіі славутых землякоў, ствараюць летапіс малой радзімы.
Для вучняў 8—11 класаў арганізавана работа пошукавага атрада. Яго ўдзельнікі пазнаюць гісторыю роднага краю праз успаміны родных, мясцовых жыхароў, сямейныя архівы і матэрыялы школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Вучні знаёмяцца з літаратурнай, фальклорнай, прыроднай спадчынай Краснапольскага краю.
Вялікая роля ў адукацыйным працэсе адводзіцца пазакласнай выхаваўчай рабоце. Вельмі часта ўрокі гісторыі, літаратуры праводзяцца ў сельскай і школьнай бібліятэцы, у якасці экскурсій па гістарычных мясцінах раёна і вобласці. Таксама вучні праводзяць розныя тэматычныя акцыі і віктарыны, з цікавасцю ўдзельнічаюць у гутарках з запрошанымі ў школу гасцямі — ветэранамі, работнікамі розных ведамстваў.
Неацэнны ўклад у выхаванне патрыятызму ў падрастаючага пакалення ўносіць гісторыка-краязнаўчы музей нашай школы. Ён быў адкрыты ў 1975 годзе і складаецца з васьмі раздзелаў: “Археалогія”, “Этнаграфія”, “Гады рэвалюцыі”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Вядомыя землякі”, “З гісторыі школы”, “З гісторыі вёсак і калгасаў”, “Чарнобыль — мой боль”. Кіруе музеем Аляксандр Іванавіч Марзалюк, гісторык, краязнавец, энтузіяст сваёй справы.
На працягу некалькіх гадоў праводзіліся факультатыўныя заняткі “Бацькаўшчына”, аўтарам якіх з’яўляецца А.І.Марзалюк, а зараз настаўнікі і класныя кіраўнікі выкарыстоўваюць сабраны матэрыял у адукацыйным працэсе.
Далучыцца да рэальных падзей ваенных дзён, безумоўна, дапамагаюць гістарычныя экскурсіі. Навучэнцы становяцца сведкамі тых падзей праз прызму часу. Дзякуючы гэтаму гістарычнае мінулае як бы набліжаецца да свядомасці вучняў, становіцца іх рэчаіснасцю. І калі на ўроках гісторыі, рускай ці беларускай літаратуры яны сустракаюцца з ужо вядомым матэрыялам, засваенне ведаў праходзіць лепш.
Атрыманыя дзякуючы інавацыйнаму праекту краязнаўчыя і гістарычныя веды дапамагаюць вучням больш эфектыўна засвоіць вучэбны матэрыял, паколькі ён кладзецца на падрыхтаваную базу. Сустрэчы з ветэранамі, воінамі-інтэрнацыяналістамі, перадавікамі сельскай гаспадаркі, прагляд экспазіцый, правядзенне даследаванняў і вывучэнне невядомых архіўных даных здольны зацікавіць кожнага школьніка і адкласці ў памяці неабходныя веды, тым самым выхоўваючы сапраўдных патрыётаў.
Для заняткаў краязнаўствам не трэба вялікіх выдаткаў, працяглых паездак і дарагога абсталявання. Дастаткова ўважліва прыглядзецца да людзей, якія жывуць побач, здзейсніць невялікую пешую экскурсію па родным краі — і малая радзіма адкрые мноства сваіх таямніц, цікавых фактаў, якія дапамогуць выклікаць любоў і павагу да роднай зямлі, гонар за яе гісторыю і культуру.
Вынікі патрыятычнага выхавання пакажа жыццё, але першыя вывады можна зрабіць ужо сёння. І галоўны вынік — павышэнне грамадзянскай актыўнасці падлеткаў, вывучэнне дакументальных матэрыялаў школьнага музея, выхаванне ў школьнікаў пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму, гордасці за прыналежнасць да сваёй нацыі, гордасці за сваю Радзіму.

Жанна СОКАЛАВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Краснапольскага раёна.