Да матывацыі — праз творчую самарэалізацыю

Апошнім часам у школьнікаў зніжаецца матывацыя да вывучэння англійскай мовы, што не можа не ўплываць на дынаміку якасці ведаў. Кожнаму настаўніку вядома сітуацыя, калі дзіця можа вучыцца, але з-за гультаяватасці і безыніцыятыўнасці ставіцца да ўсяго абыякава. Пра такога вучня кажуць, што ён нематываваны.

Як вырашыць гэтую праблему? Як абудзіць у дзіцяці жаданне вучыцца? За апошнія гады настаўнікі замежнай мовы атрымалі значную самастойнасць у выбары форм, метадаў і сродкаў навучання. Лідзіруючыя пазіцыі сярод іх займаюць метады і тэхналогіі навучання, якія садзейнічаюць творчай самарэалізацыі школьнікаў і з’яўляюцца добрым сродкам павышэння вучэбнай матывацыі. Гэта мэта маёй педагагічнай дзейнасці.
Стварэнне атмасферы, у якой вучань адчувае сябе камфортна і свабодна, стымуляванне маўленчых, кагнітыўных і творчых здольнасцей школьнікаў, самастойная работа над мовай на ўзроўні фізічных, інтэлектуальных і эмацыянальных магчымасцей дзіцяці, выкарыстанне розных форм работы ў класе, якія добра стымулююць актыўнасць вучняў, іх самастойнасць і творчасць — гэта паказчыкі павышэння матывацыі да вывучэння англійскай мовы.
У сваёй рабоце спалучаю традыцыйныя і інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, якія дапамагаюць рэалізаваць асобасна арыентаваны падыход у навучанні, забяспечваюць яго індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю, фарміруюць устойлівыя пазнавальныя інтарэсы, што павышае матывацыю праз рэалізацыю творчай актыўнасці на ўроках, факультатыўных занятках і пазакласных мерапрыемствах.
Вывучыўшы літаратуру па псіхалогіі і абагульнены педагагічны вопыт настаўнікаў гімназіі, будую сваю работу так, каб не дапусціць зніжэння актыўнасці, самастойнасці і творчасці вучняў, нягледзячы на рэгламентацыю вучэбнага часу і патрабаванні вучэбных праграм. На ўроках выкарыстоўваю новыя і нестандартныя спосабы і метады іх правядзення, якія матывуюць дзяцей да вучобы, дазваляюць ім паляпшаць свае навыкі і ўменні не толькі ў адукацыйнай сферы, але і ў галіне міжасобасных зносін. Максімальна прымяняю лінгафоннае абсталяванне “Лінка” на вучэбных і факультатыўных занятках для выканання лексіка-граматычных тэстаў, развіцця навыкаў аўдзіравання, чытання, інтэрактыўных гульняў, пошуку неабходнай інфармацыі ў інтэрнэце.
Надзвычай цікава праходзяць урокі, калі вучань, які адсутнічае ў школе, прысутнічае на занятках праз Skype. Выкарыстанне гэтага інтэрнэт-рэсурсу на ўроках англійскай мовы раскрывае шырокія магчымасці для жывых зносін з равеснікамі з англамоўных краін і выканання творчых заданняў.
Часта звяртаюся да метаду праектаў. Работа над праектамі развівае ўяўленне, фантазію, творчае мысленне, самастойнасць і іншыя карысныя асобасныя якасці.
Лічу, што асаблівая матывацыйная роля належыць пазакласнай рабоце, падчас якой можна максімальна выкарыстоўваць творчы патэнцыял дзяцей. Так, для замацавання пройдзенага на ўроку лексічнага і граматычнага матэрыялу самым эфектыўным спосабам з’яўляецца правядзенне каляндарных і тэматычных свят: Halloween, Mother Earth, St.Valentine’s Day, Easter, ABCParty, April’s Fool Day і інш.
Бадай, ужо нікога не трэба пераконваць у тым, што тэатр ператварае няўпэўненага ў сабе “вечнага троечніка” ў казачнага героя, гатовага чытаць маналогі на адным дыханні. Таму вучні з нецярпеннем чакаюць удзелу ў конкурсе тэатральных калектываў на замежнай мове. Дыпломы, якімі адзначаецца работа дзяцей, з’яўляюцца добрым стымулам для далейшага ўдзелу ў конкурсе і вывучэння англійскай мовы.
Творчую самастойнасць дзеці праяўляюць і падчас правядзення Тыдня замежнай мовы, калі разам з настаўнікамі плануюць тэматычныя мерапрыемствы і праграму фестывалю англійскай песні.
Асобнае месца належыць удзелу ў розных міжнародных інтэрнэт-праектах, якія з’яўляюцца карысным вопытам міжнародных зносін, нагодай для знаёмства з элементамі культуры напісання электронных пісем, стымулам для больш дасканалага вывучэння англійскай мовы і творчай самарэалізацыі.
Добра павышае вучэбную матывацыю ўдзел дзяцей у розных навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах.
Работа па павышэнні матывацыі школьнікаў абуджае мяне да рэалізацыі новых тэхналогій, пошуку эфектыўных методык і развіцця крэатыўнасці. Нягледзячы на цяжкасці, атрымліваю маральную асалоду ад поспехаў вучняў. Іх дасягненні — адзін са складнікаў іміджу гімназіі.

Наталля БАСІЧ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Іванава.