Да экалагічнай свядомасці — праз музей

З мэтай паспяховай прапаганды прыродаахоўных ведаў у 1992 годзе ў нашай школе быў створаны музей прыроды. Музей адыгрывае важную ролю ў папулярызацыі біялагічных ведаў і выхаванні беражлівых адносін да навакольнага свету.

Сёння музей набыў новае аблічча. На сценах намаляваны дрэвы, травяністыя расліны, жывёлы. Перад вачыма паўстаюць чатыры пары года. Кампазіцыі раскрываюць прыгажосць нашых лясоў, і створаны яны сіламі вучняў і педагогаў. З дапамогай прыроднага і падручнага матэрыялу ўзноўлены элементы лесу і балот.
На фоне зімняга пейзажу вабяць вока воўк, алень і лось. Падлога імітуе снежнае покрыва з гурбамі. Імклівы ручаёк утварае невялікае азярцо, аблюбаванае вадаплаўнымі птушкамі: чайкамі, лысухамі, белай малой чапляй. Гаспадыня вясенняга пейзажу — прыгажуня казуля. Калі зазірнуць у лета, можна ўбачыць дубы-волаты і цара Белавежскай пушчы зубра. Асенні пейзаж упрыгожвае сямейства аленяў.
У музеі праводзяцца ўрокі-экскурсіі па біялогіі, геаграфіі, фізіцы, хіміі, беларускай і рускай літаратуры. Вучні знаёмяцца з асаблівасцямі беларускай флоры і фаўны на ўроках “Эканамічныя і экалагічныя праблемы”, “Экалагічныя групы птушак”, “Роля птушак у прыродзе”, “Ахова птушак”, “Жывыя помнікі прыроды” і інш.
Музей наведваюць вучні з розных школ Лунінецкага раёна. Пасля візітаў дзяцей і педагогаў прыемна чуць словы падзякі і захаплення ад убачанага. Дзеці кажуць, што музей прымушае быць добрым, чуйным і чыстым душой.
У музеі пабывалі госці з Чэхіі, Італіі і Ірландыі. Не абыходзяць яго ўвагай і педагогі іншых школ раёна, калі прыязджаюць на пасяджэнні метадычных аб’яднанняў настаўнікаў.
У школе праводзяцца дадатковыя заняткі па праграме “Юны экскурсавод”. Вучні папаўняюць экспанаты музея, сочаць за станам чучал, праводзяць экскурсіі. Трэба адзначыць, што экскурсіі суправаджаюць музычныя замалёўкі: галасы птушак, гукі прыроды.
У рамках заняткаў вучні з педагогамі ходзяць у міні-паходы, паходы ў лясныя масівы, на азёры, рэчкі Случ і Прыпяць. Гэта ўнікальныя мясціны, якія радуюць душу і вока.
Падчас паходаў вучні сочаць за паводзінамі птушак і вучацца вызначаць іх па спевах. Знаёмяцца з відамі траў (вызначаюць лекавыя), робяць замалёўкі. Пасля паходаў дзеляцца ўражаннямі, пішуць невялікія сачыненні. Дзякуючы вандроўкам, быў створаны тапанімічны слоўнік.
Вядзецца работа і на экалагічнай сцяжыне, якая складаецца з прыпынкаў “Прэснаводны вадаём”, “Сасновы лес”, “Шыракалісты лес”, “Мохавае балота”, “Рыжыя лясныя мурашкі” і “Лясная паляна”. На сцяжыне ладзяцца экскурсіі для малодшых і старшых вучняў. Настаўнікі біялогіі і геаграфіі праводзяць на сцяжыне ўрокі.
Паходы ў лес заўсёды цікавыя, асабліва на лыжах зімой ці з абедамі ля вогнішча. Гаворка пра прыродную прыгажосць працягваецца ў класе. Дзеці любяць паходы і любяць пра іх расказваць.
Зімой вучні падкормліваюць птушак, якія ахвотна прылятаюць на прышкольны ўчастак. Падчас падкормкі дзеці з цікавасцю назіраюць за імі.
На ўроках тэхнічнай працы вучні 5—9 класаў майструюць шпакоўні, якія потым развешваюць у школьным садзе і на экалагічнай сцяжыне. Дзеці з захапленнем назіраюць за жыццём “кватарантаў”.
У школе ладзіцца шмат прыродаахоўных мерапрыемстваў, актыўнымі ўдзельнікамі якіх з’яўляюцца вучні і педагогі. Дзеці падтрымліваюць чысціню ў школьным садзе, на берагах вадаёма каля школы, азеляняюць тэрыторыю вакол яе.
На базе школьнай бібліятэкі праводзяцца конкурсы “Прырода ў вершах” і “Прырода ў загадках”. Арганізаваны вусныя часопісы “Па старонках Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь” і “Па старонках Чырвонай кнігі Лунінеччыны”. Прыгожа праходзіць у школе “Свята кветак”. Падчас яго калідоры і класы ўпрыгожваюцца хатнімі кветкамі, ладзіцца іх выстава. Акрамя таго, арганізоўваецца выстава лекавых раслін, сабраных і высушаных вучнямі. Побач з раслінамі размяшчаюцца цікавыя звесткі пра іх.
Настаўнікі ў пазакласнай і пазашкольнай рабоце не абыходзяць увагай экалагічныя праблемы. Класныя кіраўнікі на інфармацыйных гадзінах праводзяць гутаркі і дыспуты “Пра гуманныя адносіны да прыроды”, “Пра экалагічную адказнасць”, “Пра гуманнасць і міласэрнасць”, “Правілы паводзін на прыродзе” і “Пра гуманныя адносіны да дзікіх жывёл”. Настаўнікі-філолагі пішуць з дзецьмі сачыненні на адпаведныя тэмы. Гэта прывівае вучням любоў да прыроды, развівае іх творчыя ўменні, дапамагае бачыць прыродную прыгажосць і працаваць з прыроднымі матэрыяламі.
Дзяцей трэба часцей адрываць ад камп’ютараў і тэлевізараў і весці на жывую прыроду, дзе набываюцца практычныя веды, фарміруецца станоўчы эмацыянальны настрой, які не можа стварыць ніводны сайт.
Адміністрацыя школы, настаўнікі і вучні сур’ёзна адносяцца да экалогіі. Абыякавых у такой справе не павінна быць. Добры вынік будзе толькі тады, калі кожны зразумее, што жыццё на Зямлі можна зберагчы сумеснымі намаганнямі, не знішчаючы навакольнае асяроддзе. Пакуль зямля наша жывая, і мы жывыя.

Вітольд ХІЛІНСКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Мікашэвіч Лунінецкага раёна,
кіраўнік школьнага музея.