Чытаючы нямецкіх класікаў, удасканальваем мову

Сёння ўвазе педагогаў (ды і ўсіх тых, хто жадае вывучыць мову самастойна) прадстаўляецца мноства розных методык і прыёмаў удасканалення моўных ведаў і ўменняў. Кожны можа выбраць для сябе найбольш зручны і цікавы варыянт. Але, канечне, вывучэнне замежнай мовы патрабуе выкарыстання не адной, а некалькіх методык. І чым больш іх у арсенале выкладчыка, тым больш якасна і цікава праходзіць адукацыйны працэс. Яшчэ маладым спецыялістам вырашыла паэксперыментаваць і выбрала метад вывучэння замежнай мовы праз чытанне класікаў.

На першых уроках нямецкай мовы ў пачатку навучальнага года хацела праверыць агульныя веды навучэнцаў пра мову і нямецкамоўныя краіны, таму задавала нескладаныя пытанні па геаграфіі, гісторыі і культуры. На жаль, я так і не атрымала адказ на пытанне “Якіх нямецкіх паэтаў і пісьменнікаў вы можаце назваць?”. Навучэнцы лёгка пералічылі рускіх і некаторых еўрапейскіх (напрыклад, англійскіх) класікаў. Чаму ж тады пытанне ў рамках нямецкай культуры выклікала такія цяжкасці? Натуральна, я палічыла, што неабходна выправіць гэты недахоп, бо Германія падарыла нам шмат вялікіх прадстаўнікоў класічнай літаратуры, чые творы перачытваюцца на працягу доўгага часу і, канечне ж, не страцяць сваёй актуальнасці.

Вывучэнне замежнай мовы прадугледжвае шырокі выбар метадаў і форм знаёмства з замежнай літаратурай, дзе чытанню адводзіцца вядучая роля. Неабходна адзначыць, што чытанне як від інтэлектуальнай дзейнасці, як сродак духоўна-маральнага выхавання і як крыніца эстэтычнай асалоды можа служыць сур’ёзным памочнікам у працэсе вывучэння замежнай мовы.


Гэты спосаб пазнання рэальнасці дапамагае эфектыўна пашырыць слоўнікавы запас, знаёміць з фразеалагізмамі, ідыёмамі, моўнымі канструкцыямі, характэрнымі толькі для гэтай мовы. Аўтэнтычныя тэксты на замежнай мове, урыўкі з мастацкіх твораў падкажуць, дзе і як правільна ўжываць устойлівыя выразы і граматычныя канструкцыі, а таксама ўдасканаляць сацыякультурныя веды і пашыраць кругагляд навучэнцаў.

Іх знаёмства з нямецкай літаратурай я вырашыла пачаць з паэзіі. Адбывалася гэта як украпванне ў асноўны працэс выкладання вучэбнага прадмета “Замежная мова”. Я адводзіла 10—15 хвілін урока рабоце над невялікімі вершаванымі творамі (“Wanderers Nachtlied” Goethe, “Meeresstille” Goethe, “Lorelei” H.Heine і інш.).
Работа з паэтычным тэкстам адбываецца паэтапна. Першапачаткова зачытваю навучэнцам верш уголас, потым мы разбіраем і прагаворваем некаторыя словы, перакладаем, слухаем аўдыязапіс, на якім гэты твор чытае носьбіт мовы, звяртаем увагу на інтанацыю ў кожным радку і пазначаем стрэлачкамі ўзыходную, сыходную і прагрэдыентную інтанацыю (незакончанага выказвання), адпрацоўваем вымаўленне.

Мэтай вышэйназваных дзеянняў з’яўляюцца адначасова далучэнне да нямецкай культуры, традыцый і ўдасканаленне фанетычных навыкаў і ўменняў.

У якасці дамашняга задання прапаноўваю навучэнцам вывучыць пройдзены верш на памяць, дзякуючы чаму яны не толькі трэніруюць памяць і пашыраюць кола ведаў, але і запамінаюць шмат новых лексічных адзінак і карысных граматычных канструкцый. Паляпшэнні ў вымаўленні былі бачны з першых заняткаў, і яны станавіліся ўсё больш прыметнымі.

.jpg(Сайт)
З часам аб’ём вершаў пачала павялічваць, а разбор інтанацый і адпрацоўка вымаўлення сталі больш падрабязнымі. Паступова пачала прапаноўваць навучэнцам самастойна падбіраць творы, якія яны хацелі б вывучыць. Для таго каб індывідуальна падабраць адзін верш, ім прыходзіцца прагледзець дастатковую іх колькасць.

Работу з празаічным тэкстам мы пачалі не адразу. Не думаю, што трэба кагосьці пераконваць у тым, што чытанне на замежнай мове дае вялікую карысць нашаму развіццю. Безумоўна, многія любяць і з задавальненнем чытаюць класіку. Аднак устарэлыя тэксты бывае няпроста зразумець нават людзям з высокім узроўнем валодання мовы, а для людзей з сярэднім узроўнем ведаў яны могуць здацца вельмі складанымі для ўспрымання. Хітрыкі фраз і ўстарэлыя словы, фразеалагічныя звароты — гэта цяжкасці, з якімі сутыкаюцца амаль усе, працуючы з класічнай літаратурай на мове арыгінала.

Адным з эфектыўных спосабаў матывацыі да чытання на нямецкай мове з’яўляецца метад Ільі Франка (матэрыял з сайта www.frankland.ru), які я вырашыла скарыстаць на практыцы. Такі метад чытання — гэта спецыяльны спосаб адаптацыі тэксту, які спрыяе пасіўнаму асваенню мовы. Яго можна выкарыстоўваць або ў якасці падтрымкі, дапаўнення да размоўнай практыкі, або проста для пасіўнага асваення мовы (напрыклад, калі мэта — навучыцца чытаць кнігі на замежнай мове). Тэкст пры гэтым выглядае такім чынам: спачатку ідзе адаптаваны ўрывак — тэкст з украпаным у яго даслоўным рускім перакладам і невялікім лексіка-граматычным каментарыем. Потым ідзе той жа тэкст, але ўжо неадаптаваны, без падказак. Такім чынам, навучэнцам не трэба пастаянна адцягвацца і шукаць пераклад незнаёмага слова ў слоўніку. Калі ж яны чытаюць неадаптаваны ўрывак, то ў памяці ўсплывае частка новых слоў.

Ніжэй прыводзіцца ўрывак з тэксту, пабудаванага паводле метаду чытання І.Франка:

1. Der Himmel (неба) war gelb wie Messing (латунь: das Messing) und noch nicht verqualmt vom Rauch der Schornsteine (не закураным дымам труб; der Qualm — густы дым, чад). Hinter den Dächern der Fabrik (за дахамі фабрыкі) leuchtete (свяцілася) er sehr stark. Die Sonne musste gleich aufgehen. Ich sah nach der Uhr. Es war noch vor acht. Eine Viertelstunde (чвэрць гадзіны) zu früh. (Remarque “Drei Kameraden”).

1. Der Himmel war gelb wie Messing und noch nicht verqualmt vom Rauch der Schornsteine. Hinter den Dächern der Fabrik leuchtete er sehr stark. Die Sonne musste gleich aufgehen. Ich sah nach der Uhr. Es war noch vor acht. Eine Viertelstunde zu früh.

Трэба адзначыць, што мова па сваёй прыродзе з’яўляецца сродкам, а не мэтай. Яна лепш засвойваецца не пры ўмове спецыяльнага вывучэння, а калі ёй карыстаюцца або ў жывых зносінах, або падчас займальнага чытання.

Выбіраючы творы для работы з навучэнцамі, я вырашыла спыніцца на казках Гаўфа. На мой погляд, найбольш цікавыя з іх — “Карлік Нос”, “Апавяданне пра Маленькага Мука”, “Малады англічанін”. І толькі пасля разгляду казак мы з дзецьмі перайшлі да разбору больш сур’ёзнага твора — рамана “Тры таварышы”, які стварыў выдатны нямецкі пісьменнік ХХ стагоддзя Эрых Марыя Рэмарк. Канечне, прачытаць увесь раман, удзяляючы гэтаму толькі 10—15 хвілін на тыдзень, даволі складана, таму я выбірала ўрыўкі такім чынам, каб не страціць сэнсу твора.

Хачу адзначыць, што такая на першы погляд простая работа з тэкстам дала свае вынікі (і іх не прыйшлося чакаць). Чым некалькі разоў паўтарыць слова, лепш сустрэць яго ў розных спалучэннях і ў розных сэнсавых кантэкстах. Асноўная маса агульнаўжывальнай лексікі пры чытанні па гэтым метадзе запомнілася навучэнцам натуральным шляхам, без зазубрывання, адбывалася гэта за кошт дубліравання слоў у тэксце.

Праз некаторы час, акрамя прыметных паляпшэнняў моўных ведаў і ўменняў навучэнцаў, я ўбачыла, што ў іх абуджаецца цікавасць да нямецкай літаратуры. Хтосьці перачытваў пройдзеныя творы на рускай мове, а хтосьці прасіў параіць новых аўтараў. Зараз, думаю, у вучняў не выкліча цяжкасцей назваць мне хаця б некалькі імёнаў выдатных нямецкіх паэтаў і пісьменнікаў.

Такім чынам, пастаўленая мной мэта была дасягнута:

• дзеці засвоілі і запомнілі вялікую колькасць новых слоў;

• палепшылі свае моўныя кампетэнцыі;

• сталі прымяняць творчы падыход да разбору новых тэкстаў;

• запоўнілі прабелы ў веданні нямецкай культуры і традыцый;

• пашырылі свой кругагляд.

Лічу, што выбраная мною методыка — вывучэнне замежнай мовы праз чытанне класікаў — гэта адзін з плённых спосабаў выкладання.

Дар’я ХЛЯБІНСКАЯ,
выкладчыца нямецкай мовы
Смалявіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя.