Чытаем казкі разам

Ні для каго не сакрэт, што цікавасць да чытання ў школьнікаў у апошнія гады падае. На перапынках няма чэргаў у школьную бібліятэку, стала цішэй у калідорах, у класных кабінетах бачны схіленыя да тэлефонаў, айфонаў і планшэтаў галовы. Каб захапіць дзяцей чытаннем, прыцягнуць да гэтага працэсу бацькоў, быў распрацаваны праект сямейнага чытання “У гасцях у казкі” для вучняў 1—2 класаў, які паказаў, што інтэрнэт-тэхналогіі могуць не толькі далучыць дзіця да чытання, але і аб’яднаць агульнай справай усю сям’ю. Праект “У гасцях у казкі” быў запушчаны ў лістападзе 2014 года. Удзельнікамі праекта сталі навучэнцы 1—2 класаў школ не толькі Дзятлава і Дзятлаўскага раёна, але і розных абласцей Беларусі, а таксама іх равеснікі з некаторых рэгіёнаў Расіі: Масквы, Краснаўфімска (Свярдлоўская вобласць), гарадоў Растоўскай вобласці. Усяго больш за 250 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Праект складаўся з 10 этапаў. Кожны этап уключаў у сябе заданне, фільматэку, маршрут, ацэнку. У ходзе выканання задання дзеці павінны былі прачытаць прапанаваную ім казку, затым адказаць на пытанні віктарыны і выканаць інтэрактыўнае заданне па казцы. Акрамя гэтага, на кожным этапе ім у раздзеле “Фільматэка” было прапанавана паглядзець разам з бацькамі або братамі і сёстрамі мультыплікацыйны ці мастацкі фільм па казцы, параўнаць тэкст казкі з прагледжаным фільмам, абмеркаваць гэта ў сваёй сям’і.
На прачытанне казкі і выкананне заданняў адводзілася 3—4 дні. Праект доўжыўся каля двух месяцаў. За налічэннем балаў на кожным этапе дзеці разам з бацькамі маглі сачыць па турнірных табліцах.
Не ўсім удзельнікам хапіла цярпення і сіл дабрацца да фіналу. 69 самых настойлівых чытачоў сталі пераможцамі.
У практыцы правядзення інтэрнэт-праектаў часцей за ўсё ўдзельнікам і пераможцам адпраўляюцца электронныя сертыфікаты і дыпломы. Але мы для сябе вырашылі, што нашы ўдзельнікі заслужылі сапраўдныя дыпломы і падарункі. Так нарадзілася ідэя аб правядзенні заключнага свята.
17 студзеня 2015 года ў сценах сярэдняй школы № 1 Дзятлава было мнагалюдна. На свята, прысвечанае падвядзенню вынікаў інтэрнэт-праекта “У гасцях у казкі”, сабраліся дзеці і іх бацькі з Ліды, Гродна, Ваўкавыска, Росі, Ашмян, Воранава, Васілішак, Дзятлаўскага раёна, а таксама з сярэдніх школ № 1 і № 3 Дзятлава.
У святочна ўпрыгожанай зале ўдзельнікаў чакалі гульні, віктарыны, вясёлыя загадкі і, вядома ж, узнагароды. Весяліла хлопчыкаў і дзяўчынак і была сувядучай свята Баба Яга, якой так і не ўдалося злавіць дзяцей на няведанні якой-небудзь казкі або загадкі. Дыпломы ўдзельнікам і пераможцам уручалі ганаровыя госці свята: загадчыца раённага метадычнага кабінета Дзятлаўскага раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.А.Кулеш, метадыст раённага метадычнага кабінета Л.М.Волкава, спецыяліст па маркетынгу выдавецтва “Пачатковая школа” С.В.Мітраковіч.
Праект атрымаў вельмі высокую ацэнку не толькі ў маленькіх удзельнікаў, але і ў іх бацькоў. Сваім меркаваннем аб праекце падзяліліся і настаўнікі пачатковых класаў. Па іх словах, большасць удзельнікаў праекта сталі значна хутчэй чытаць, і, самае галоўнае, чытанне стала больш уважлівым і асэнсаваным. Выказваем шчырую падзяку выдавецтвам “Пачатковая школа” і “Сібіліна”, якія адгукнуліся на нашу просьбу прадаставіць прызы ўдзельнікам праекта.

Святлана КЕТКО,
настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Дзятлава;
Вольга СТАРЫКАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Дзятлава; аўтары праекта.