Чысты горад — здаровая планета

Усе ведаюць фразу “чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць”. І таму на базе сярэдняй школы № 11 Салігорска паміж 1 “А” і 1 “Г” класамі быў арганізаваны конкурс крэатыўных вырабаў з другаснай сыравіны “2013 — Год беражлівасці”.

Асноўны дэвіз гэтага конкурсу гучаў так: “Чысты горад — здаровая планета”. Мэта конкурсу — прыцягнуць увагу дзяцей да праблемы павелічэння аб’ёмаў адходаў, абудзіць цікавасць да вырашэння экалагічных праблем з дапамогай мастацтва, беражлівых адносін да навакольнага свету, пераўтварэння другаснай сыравіны ў новыя прадметы ўтылітарнага ці дэкаратыўнага прызначэння, а таксама заахвочванне і развіццё дзіцячай творчасці. Арганізатарамі былі класныя кіраўнікі Наталля Эдуардаўна Язерская і Валянціна Мікалаеўна Русак.
Чым раней пачаць вучыць чысціні і беражлівасці дзяцей, тым чысцей у нашым горадзе будзе заўтра і тым чысцей будзе на планеце. Тым больш што “смецце” можа стаць выдатным матэрыялам для творчасці. На пачатку конкурсу навучэнцам 1-х класаў раздалі анкеты, для таго, каб праверыць навыкі эканомнага карыстання ў вучня і яго сям’і. Пасля апрацоўкі атрыманых вынікаў сумесна з бацькамі і вучнямі мы аформілі стэнд “2013 — Год беражлівасці”. Затым на класных і інфармацыйных гадзінах праводзілі мерапрыемствы і гутаркі аб зберажэнні энергарэсурсаў, водных рэсурсаў, ахове прыроды па тэмах: “Планета Зямля — наш агульны дом”, “Эканомім ваду”, “Бабуліна казка пра вельмі маленькую лямпачку”, “Падарожжа па нашых кватэрах”, “Як стаць гаспадаром у доме”, “Лес — наша багацце”, “Што такое беражлівасць”, “Цёплы дом і цёплы клас” і інш.

Ужо з першых школьных дзён, знаёмячы дзяцей са школьнай маёмасцю і прызначэннем асобных прадметаў, усе настаўнікі засяроджваюць увагу на неабходнасці выканання школьнага правіла: “Берагчы школьную маёмасць. Беражліва адносіцца да сваіх рэчаў і рэчаў таварышаў”. У Год беражлівасці мы з калегай Валянцінай Мікалаеўнай удзялялі гэтаму правілу асаблівую ўвагу. Мы глыбока перакананы, што выхаванне беражлівых адносін да вучэбных дапаможнікаў варта пачынаць з таго моманту, калі школьнікі атрымліваюць іх упершыню. Кнігамі і сшыткамі навучэнцы карыстаюцца найбольш часта, таму іх значэнне мы стараліся растлумачыць вучням яшчэ ў першыя дні вучобы. Атрыманне ў першы раз кніг і сшыткаў абставілі так, каб яно запомнілася надоўга. Каб кнігі і сшыткі заўсёды былі чыстымі і акуратнымі, трэба асцярожна і акуратна абыходзіцца з імі. На ўроку працы вучым дзяцей абгортваць кнігі, рабіць закладкі і правільна карыстацца імі. Выхоўваючы беражлівыя адносіны да кніг, прывучаем берагчы не толькі свае, але і чужыя кнігі, узятыя з бібліятэкі. Яшчэ нагадваем, што адзін сшытак, зберажоны кожным вучнем за чвэрць, — гэта 115 га зберажонага лесу. Вопыт паказвае, што малодшыя школьнікі на першых старонках сшытка пішуць з вялікім стараннем і што гэтага старання некаторым не хапае пры пісьме на наступных старонках. Пры няўдачах і адмоўных ацэнках наогул знікае жаданне пісаць у старым сшытку. Дзецям здаецца, што ў новым яны будуць пісаць лепш. Незакончаны сшытак у такіх выпадках выкідваецца, бярэцца новы. Часта такому патураюць і бацькі. Усё гэта вядзе да залішняга расходавання паперы. А вось прывучванне дзяцей завяршаць тое, што пачалі, выхоўвае волю, цярпенне.
Усе работы вучняў мы захоўваем. Гэты матэрыял дае магчымасць прасачыць і прааналізаваць развіццё кожнага навучэнца і ўсяго класа, а таксама выкарыстоўваецца для арганізацыі выстаў. Акрамя таго, дзеці бачаць, што іх працу паважаюць, і са свайго боку прызвычайваюцца паважаць працу іншых людзей.
У прывіцці беражлівасці належнае месца займае выхаванне ў дзяцей звычак беражлівых адносін да часу. “Ні адной страчанай хвіліны! Берагчы час настаўніка і вучня!” — вось правілы, выкананню якіх варта вучыць дзяцей. У першыя дні вучобы мы даём дзецям канкрэтнае ўяўленне пра працягласць адной хвіліны. Пытаемся ў першакласнікаў: “Колькі хвілін вы можаце прасядзець моўчкі і нерухома?” “Дзесяць хвілін, паўгадзіны, гадзіну”, — адказваюць яны. “Паспрабуйце пасядзець ціха толькі адну хвіліну”, — прапаноўваем мы. Дзеці сядзяць ціха і нерухома адну хвіліну, а потым вельмі здзіўляюцца яе працягласці: “Ох, якая доўгая хвіліна!” Распавядаючы аб паспяховых людзях нашай краіны, мы падкрэсліваем іх уменне берагчы кожную хвіліну, добра рыхтавацца да працы і значэнне гэтых уменняў для якаснага выканання любой справы. Мы стараемся давесці да свядомасці дзяцей, што для таго, каб паспяхова вучыцца, трэба ўмець берагчы час, добра рыхтавацца як да ўсяго навучальнага дня, так і да кожнага ўрока.

Каб выхаванне каштоўных звычак выканання школьных правілаў і патрабаванняў было паспяховым і трывалым, каб засвоеныя ў школе навыкі не страчваліся дома, неабходна сумесная работа сям’і і школы. Толькі адзіная сістэма выхавання і ў школе, і дома дасць магчымасць выгадаваць людзей, якія валодаюць культурай працы і паводзін, сумленных, дысцыплінаваных. Пры гэтым кіруючая роля ў выхаванні школьнікаў павінна быць за школай, за настаўнікам. Таму заключным этапам конкурсу крэатыўных вырабаў быў аб’яўлены конкурс на самы арыгінальны выраб з другаснай сыравіны. Творчыя работы прымаліся па наступных намінацыях: “Кветкавы вальс”, “Сувенір сваімі рукамі”, “Самыя звычайныя прадметы з самых незвычайных матэрыялаў”, “Жывёлы побач”, “Мая любімая цацка“, “Навагодні дэкупаж”, “Казачныя матывы”. На конкурс было прадстаўлена 46 работ, выкананых дзецьмі і іх бацькамі. Матэрыялы для вырабаў выкарыстоўваліся самыя разнастайныя: пластыкавыя бутэлькі і накрыўкі ад іх, слоічкі з-пад крэмаў, шкляныя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты, упаковачныя скрыначкі, выкарыстаныя дыскі, пластыкавыя талерачкі, лямпачкі. Удзельнікі конкурсу паказалі, як з другаснай сыравіны можна стварыць прыгожыя і практычныя рэчы. Пераможцаў вызначала журы, зыходзячы з арыгінальнасці вырабу, адпаведнасці тэматыцы намінацый конкурсу, колькасці выкарыстанай другаснай сыравіны. У ходзе ўзнагароджання праводзіліся гульні і конкурсы на экалагічную тэматыку. Усім, хто прадставіў работы на конкурс, былі ўручаны сертыфікаты ўдзельніка.
Арганізатары конкурсу перакананы, што звычкі беражлівасці, набытыя дзецьмі, будуць садзейнічаць фарміраванню адпаведных рыс характару: арганізаванасці, дысцыплінаванасці, сумленнасці і іншых.

Наталля ЯЗЕРСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Салігорска.