Час для свята ёсць заўсёды

І зноў верасень. Зноў школа. Расклад, урокі, званкі. І хто-небудзь з вучняў пачынае ўжо адзначаць у каляндарыку дні, чакаючы чырвоных дат. У гомельскай школе № 44 імя М.А.Лебедзева падстаў для свята не шукаюць, а жывуць па міжнародным календары, адзначаючы тыя святы, якія па душы.

Усё пачалося ў 2010 годзе з пазакласнага мерапрыемства Merry Christmas у 5 “А” класе. Мерапрыемства прайшло ў школьным кабінеце, гасцей і ўдзельнікаў было няшмат. Але ж дзеці даведаліся шмат новага пра Каляды, пазнаёміліся з традыцыямі свята, гулялі ў калядныя гульні, спявалі знакамітую песню Jingle bells. Гісторыя брытанскіх Каляд захапіла не толькі навучэнцаў, але і педагогаў, бацькоў. І цяпер, пяць гадоў запар, Тыдзень англійскай мовы, які праходзіць у канцы снежня, урачыста завяршае амаль гадзінны канцэрт. Удзельнікамі гэтага канцэрта выступаюць навучэнцы некалькіх паралелей. А гледачы ледзь змяшчаюцца ў актавай зале.Адно свята — добра, а больш — яшчэ лепш. Каляды паклалі пачатак цудоўнай школьнай традыцыі, і вучні разам з настаўнікамі англійскай мовы пачалі вывучаць іншыя святы англамоўных краін, іх гісторыю і традыцыі. Так, адбылося знаёмства з Днём Падзякі, Днём усіх Святых, Днём Святога Валянціна, Днём яблыка, Днём кампліментаў, Днём капелюшоў, Днём яблычнага пірага і нават Днём выканання жаданняў. Сёння вучні школы добра ведаюць, як рыхтавацца да гэтых свят. Нехта загадзя выдумляе незвычайныя “валянцінкі”, а іншыя збіраюць рознакаляровыя стужкі, яркія тканіны і спрабуюць стварыць дзівосны капялюш. Старэйшыя заўсёды дапамагаюць малым — тым, хто яшчэ не ведае пра тонкасці замежных свят.
Мы, педагогі, заўважаем, як захапляюцца дзеці падрыхтоўкай да святкаванняў, гэта падштурхоўвае іх больш даведацца пра традыцыі замежных краін, яны шмат чытаюць. А яшчэ важна, што ў такой гульнявой форме нашы вучні вывучаюць англійскую мову, прычым незалежна ад узросту.

Галiна ГРАЧАЧЫНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.