Чароўныя ўзоры маленькіх майстроў

Упершыню пра ткацтва ў Беларусі згадваецца ў дакументах XVI—XVIII стст. Да XIX—XX стст. гэты хатні занятак з’яўляўся адным з самых распаўсюджаных. Лічылася, што ткацтва — гэта дар, які паслаў чалавеку Бог. У большасці народаў свету ёсць міфы і легенды, у якіх апавядаецца пра выраб тканіны і ткацтва як рамяство. Багаты і каштоўны матэрыял, які ствараўся ў працэсе ткацтва, не павінен знікнуць бясследна, таму традыцыі народнага ткацтва падтрымліваюцца ў наш час шматлікімі энтузіястамі.

Знаёмства з ткацтвам у выхаванцаў нашага дашкольнага цэнтра адбываецца, калі яны наведваюць міні-музей “Беларуская хатка”, які існуе ў нашай установе ўжо каля дзесяці гадоў.
Сярод музейных экспанатаў можна сустрэць бёрды, чаўнакі, калаўрот. Юныя экскурсаводы знаёмяць з гісторыяй роднага краю не толькі сваіх аднагодкаў, але і гасцей, другіх наведвальнікаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча. Аднак выхаванцу дашкольнай установы цяжка ўявіць не толькі поўную карціну працэсу ткацтва (тканне якога-небудзь вырабу), але і асобныя яго элементы. Таму, калі вучэбная праграма дашкольнай адукацыі прапанавала арганізацыю адукацыйных паслуг звыш базавага кампанента “Дзіцячае ручное ткацтва”, з’явілася вялікае жаданне даведацца, ці справяцца з гэтым кірункам дзейнасці адукацыйнай галіны “Мастацтва” выхаванцы нашай установы.

Узніклі сумненні: ці гатовы мы навучыць дзяцей гэтаму віду творчасці, ці змогуць яны засвоіць новае, што прапаноўвае вучэбная праграма дашкольнай адукацыі? І наогул, з чаго пачаць?
Лепшы настаўнік — гэта вопыт! Нам пашанцавала, што чалавек з вопытам работы ў галіне ткацтва ёсць сярод нашых аднавяскоўцаў. У аграгарадку Парэчча пры Парэцкім цэнтры культуры і адпачынку ўжо некалькі гадоў працуе гурток “Ткацтва”. Захопленая любімым заняткам Ганна Рыгораўна Талало з радасцю падзялілася вынікамі сваёй дзейнасці. Аднак у кіраўніка гуртка гэтым відам дзейнасці займаюцца дзеці, пачынаючы з дзевяці гадоў. Ці атрымаецца гэта ў нашых малышоў? Хто зможа ў дашкольнай установе арганізаваць гэты напрамак работы? Нам і тут пашанцавала. Такі чалавек сустрэўся на нашым шляху…
Ніеле Антонаса Гойла здолела не толькі стварыць базу для навучання дзяцей, але і зацікавіць бацькоў гэтым відам паслуг, захапіць выхаванцаў справай. Дадатковая адукацыйная паслуга звыш базавага кампанента “Дзіцячае ручное ткацтва” “Умелыя ручкі” арганізавана з кастрычніка 2013 года. Асноўныя мэты дзейнасці — развіццё цікавасці да ўнікальнай традыцыі беларускай народнай творчасці, стварэнне ўмоў для сацыяльнай адаптацыі дашкольнікаў праз розныя віды дзейнасці.

У час асваення рамяства дзіця даведваецца пра гісторыю народнай культуры, асновы малюнка і кампазіцыі, навучаецца тэхналогіі (шахматнае перапляценне на станках, кругавое пляценне адной ніткай і дзвюма), развівае маральна-эстэтычны светапогляд, густ. У дзіцяці фарміруюцца грамадзянскія якасці, любоў да малой радзімы.
Н.А.Гойла прапанавала комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць далучыць выхаванцаў старэйшай группы да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва — ручнога ткацтва на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення.
Праз сістэму і паслядоўнасць заняткаў кіраўнік імкнулася выхаваць працавітасць, цярпенне ў рабоце, мэтанакіраванасць дашкольнікаў. Праз паважлівыя адносіны і цярпімасць адзін да аднаго — фарміраваць чалавечую годнасць, пачуццё калектывізму і справядлівасці, беражлівасці і акуратнасці ў час работы з тканінай і інструментамі.

Вынікі работы сведчаць пра тое, што ў працэсе асваення гэтага віду дзейнасці ў выхаванцаў ідзе актыўная падрыхтоўка да навучання ў школе. Развіваецца пазнавальная актыўнасць як вельмі важны фактар інтэлектуальнага росту асобы, фарміруецца эстэтычны мастацкі густ, уяўленне, вобразнае мысленне, фантазія, пашыраюцца духоўныя патрэбы.
Засвойваць габеленапляценне могуць хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 6-7 гадоў. Кіраўніком прадугледжаны заняткі ў групах па 10—12 чалавек на пачатковых стадыях навучання, дзе тэмы (напрыклад, “Падарожжа ў чароўную краіну нітак”, “Правілы тэхнікі бяспекі ў час работы з інструментамі”, “Выраб аплікацыі “Снегавік” і г.д.) дазваляюць ахапіць увагай усю группу.
Пры пераходзе да тэм, звязаных з навучаннем тэхніцы і тэхналогіі ткацтва на станку і кругавога пляцення, Н.А.Гойла прытрымліваецца правіла работы ў групах з 3—5 чалавек, бо навучанне вядзецца індывідуальна з кожным выхаванцам, улічваючы яго здольнасці і магчымасці.
Дзіцячыя работы становяцца не толькі лепшымі падарункамі да свят, але і сувенірамі для гасцей і наведвальнікаў нашай установы, а таксама экспанатамі выставы “Наша творчасць” і інш.
Выконваюцца тканыя вырабы часцей за ўсё седзячы і амаль нерухома, затрачваецца многа ўвагі, напружваюцца вочы, таму неабходна памятаць пра здароўе дзяцей. З гэтай мэтай абавязкова праводзяцца фізкультмінуткі, пальчыкавая гімнастыка, экскурсіі. Такім чынам, рэалізацыя гэтага кірунку дзейнасці на аснове прынцыпаў прыродаадпаведнасці, культураадпаведнасці, асобасна арыентаванага падыходу дазволіла арганізаваць творчую дзейнасць дашкольнікаў, якая служыць добрым сродкам падрыхтоўкі іх да працы і адаптацыі ў грамадстве, а таксама вучыць дзяцей бачыць прыгожае ў паўсядзённым жыцці і паважаць чалавека-майстра.

Леакадзія ЦІМАФЕЕВА,
загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці
аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна.