Чалавек з акрыленай душой

Ад чаго залежыць поспех школы? Найперш ад паспяховага кіраўніцтва. Любоў Яўгенаўна КАЗЛОЎСКАЯ ўжо 17 гадоў узначальвае калектыў сярэдняй школы № 31 Брэста. Прафесійна-дзелавыя і асабістыя якасці — вось сакрэт яе кіраўніцкіх поспехаў. Дырэктар добра арыентуецца ў педагогіцы і псіхалогіі, творча ўспрымае ўсё новае і адаптуе яго ў калектыве.

Дзякуючы зладжанай рабоце адміністрацыі школы, ва ўстанове створаны калектыў аднадумцаў. Вучні — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы навуковых канферэнцый, творчых конкурсаў. У школе выдаюцца газета “Слова” і альманах “Дрэва жыцця”. Навучальная ўстанова з’яўляецца пляцоўкай для правядзення семінараў і майстар-класаў для Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Адданасць любімай справе, творчасць і натхненне не даюць дырэктару спыняцца на дасягнутым. Любоў Яўгенаўна лічыць: “Дасягненні школы — гэта дзейнасць усяго калектыву. Надзейны тыл — бацькі вучняў, іх давер”.
Настаўнікі характарызуюць свайго кіраўніка як удумлівага і ўраўнаважанага чалавека. За шматгадовую працу Л.Я.Казлоўская ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, а таксама нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Як чалавек неспакойны, поўны творчых ідэй, кіраўнік шмат увагі ўдзяляе грамадскай дзейнасці: з’яўляецца членам каардынацыйнага савета раённай арганізацыі “Белая Русь”, дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў.
За гады работы дырэктар змагла стварыць у калектыве атмасферу творчасці і даверу, добразычлівасці і патрабавальнасці. Сціпласць і прыстойнасць дадаюць асаблівыя рысы да яе асобы.
Шлях ад настаўніка да дырэктара школы пазначаны поўнай аддачай Любові Яўгенаўны абранай прафесіі. Працоўную дзейнасць Л.Я.Казлоўская пачынала з піянерважатай, арганізатара розных спраў, што спатрэбілася ў далейшай рабоце. 10 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў. Цеплыня сэрца педагога раскрывала дзіцячыя таленты. Гэтыя гады Любоў Яўгенаўна ўспамінае з асаблівай пяшчотай: “Што можа быць лепшым, чым дапытлівыя дзіцячыя твары і ўсмешкі, а таксама тысячы пытанняў да цябе?”
Цяпер таленавіты кіраўнік вызначае перспектывы развіцця навучальнай установы і ўмела выкарыстоўвае для дасягнення пастаўленых мэт увесь патэнцыял калектыву. Л.Я.Казлоўская бачыць моцныя бакі кожнага настаўніка і вучня і накіроўвае іх развіццё, тонка падтрымліваючы любую разумную ініцыятыву.
Любоў Яўгенаўна карыстаецца павагай і даверам не толькі калег, вучняў і бацькоў, але і жыхароў горада. Дырэктар з’яўляецца ініцыятарам стварэння праектаў “Кіраванне якасцю адукацыйнага працэсу” і “Прафесійная граматнасць і кампетэнтнасць педагогаў”, якія даюць станоўчыя вынікі ў калектыве. Асаблівую ўвагу кіраўнік ўдзяляе ўнутрышкольнаму кантролю як аднаму са сродкаў выяўлення метадычных недахопаў у выкладанні, вызначэнні ўзроўню якасці навучання. Дзякуючы намаганням дырэктара наладжаны цесныя сувязі з шэфскімі прадпрыемствамі (ААТ “Белэлектрамантаж”, УП “Брэстаблгаз” і ААТ “Брэсцкі электрамеханічны завод”), якія дапамагаюць ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Спартыўная зала школы заўсёды адкрыта для шэфаў.
І на рабоце, і дома Л.Я.Казлоўская ўмее стварыць атмасферу даверу і шчырасці. Клапатлівая матуля для сына Сяргея і самая лепшая бабуля для ўнучак-шчабятух Стэфаніі і Клары. Як педагог і старэйшы сябар яна не шкадуе часу на цёплыя размовы, бо добра ведае, што сямейнае цяпло не заменіць нішто і ніхто ў свеце. Трэцякласніца Стэфанія ўпэўнена, што бабуліна дапамога самая правільная і дзейсная.
У вольную хвіліну дырэктар любіць пагартаць старонкі класічнай літаратуры. Перавагу аддае паэзіі Аляксандра Пушкіна і прозе Аляксея Талстога.
“Чалавек з акрыленай душой” — так цёпла гавораць калегі пра Любоў Яўгенаўну. У калектыве педагогі адчуваюць сябе патрэбнымі і заўважанымі. І за гэта людзі шчыра ўдзячны свайму кіраўніку.

Ніна ДРЫК.
Фота Сяргея ГРЫШКЕВІЧА.