Чалавек, які стварае вакол сябе цэлы свет

За шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм педагог дадатковай адукацыі Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мікалай Кузьміч Дуброва быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Мікалай Кузьміч вядомы як адзін з вядучых майстроў сучаснага жывапісу не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Яго творы знаходзяцца ў дзяржаўных галерэях і музеях Украіны, Расіі, прыватных калекцыях Германіі, Галандыі, Італіі, Ізраіля, Францыі.

Творчая біяграфія мастака Мікалая Дубровы ахоплівае больш за 40 гадоў. За гэтыя гады выявілася індывідуальнасць майстра, шчырае імкненне спазнаць паэзію свету. Упэўненае валоданне такімі тэхнікамі, як акварэль, эстамп, разуменне законаў і асаблівасцей розных відаў мастацтва дапамаглі мастаку выпрацаваць вобразную сістэму ў пейзажы, партрэце, тэматычнай карціне. Мастак не гоніцца за знешнімі эфектамі, ён перш за ўсё жывапісец-рэаліст, нават, як ён сам сябе называе, суровы рэаліст.

Творчасць мастака прысвечана любімаму краю — Прыпяцкаму Палессю з яго непаўторнай прыродай і галоўным здабыткам і героем гэтай зямлі — чалавекам працы. Родны край для Мікалая Дубровы — гэта не толькі месца, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства, тут нараджаюцца яго мастацкія вобразы, сюжэты, фарбы, мелодыі. Менавіта Палессе і Мазыр сталі нязменнай крыніцай творчага натхнення і абуджаюць фантазію жывапісца.

Асаблівую ролю ў творчасці мастака займаюць партрэты землякоў, чыё жыццё звязана з нястомнай дзейнасцю на карысць роднага краю. Ёсць сярод іх і малюнкі простых, блізкіх мастаку людзей, і знакамітых. Людзі зямлі прыцягваюць мастака сваёй чысцінёй, сілай, душэўнасцю і спагадлівасцю.

Мікалай Кузьміч — удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў. Ім было арганізавана 12 персанальных выстаў у розных гарадах. Мастак быў удзельнікам шасці міжнародных пленэраў. Выставы займаюць важнае месца ў творчасці майстра. Для яго гэта час пошуку новых цікавых тэм, свежых вобразаў. Ад выставы да выставы мастак робіць пэўныя высновы, ставіць перад сабой новыя задачы.

Апошняя выстава — “Зямля Палеская” — праходзіла ў Нацыянальным музеі. Больш за 20 жывапісных палотнаў пэндзля майстра выставілі ў галоўнай выставачнай прасторы краіны.

Мікалай Дуброва працуе ў графіцы, станковым жывапісе. Ён адзін з нямногіх мастакоў, які не толькі віртуозна валодае графічнымі тэхнікамі афорт і лінагравюра, але і імкнецца перадаць веды навучэнцам студыі. У 2012 годзе праект “Графічныя вобразы” народнай аматарскай студыі выяўленчага мастацтва “Фарбы” быў прызнаны лепшым на ІІІ рэспубліканскай выставе дзіцячай творчасці “Святочнае кола” і адзначаны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Народная аматарская студыя “Фарбы” — гонар цэнтра творчасці. Стварылі яе больш за 10 гадоў назад, і цяпер яна развілася ў самастойны праект. У студыі шмат дасягненняў, але галоўнае яе багацце — дзеці. Бацькі прыводзяць дзяцей не толькі для таго, каб яны навучыліся маляваць, але і для таго, каб атрымаць педагагічную падтрымку. Вельмі важна раскрыць у дзіцяці талент, разгледзець іскрынку. Мікалай Кузьміч, кіраўнік студыі, робіць гэта па-майстэрску.

Педагог імкнецца паглыбіць веды вучняў аб выяўленчым мастацтве, яго асноўных напрамках, відах і жанрах, знаёміць з мастацтвам розных эпох і краін, а таксама традыцыямі беларускага жывапісу, развівае мастацкія здольнасці кожнага дзіцяці ў практычнай дзейнасці. Вялікую ўвагу на занятках М.К.Дуброва ўдзяляе развіццю асабістых інтарэсаў і здольнасцей навучэнцаў, што дазваляе дасягнуць значных вынікаў у конкурснай дзейнасці. Так, за апошнія пяць гадоў навучэнцы студыі ўзнагароджаны 33 дыпломамі абласных конкурсаў, 9 дыпломамі рэспубліканскіх конкурсаў, 5 медалямі і 57 дыпломамі міжнародных конкурсаў. Пасля заканчэння навучання ў студыі многія навучэнцы працягнулі навучанне па профілі “Выяўленчае мастацтва”, паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, сталі прафесійнымі мастакамі, працуюць у Мінску, Гомелі, Гродне. Адна з выхаванак нават выстаўляецца ў Парыжы.

За шматгадовую плённую працу ў скарбонцы Мікалая Кузьміча сабралася шмат узнагарод: ордэн І ступені свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай Праваслаўнай Царквы, памятны медаль “100 гадоў славянскаму руху на землях Беларусі”, мноства дыпломаў, грамат, падзяк. Але ж медаль Францыска Скарыны, як прызнаецца сам мастак і педагог, — асаблівы. Узнагарода такога ўзроўню — значная падзея не толькі ў жыцці яе ўладальніка, але і ў жыцці Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Наталля РЭУЦКАЯ,
метадыст Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.