“Бывай, лета!” моваю… вясла

Калі сцішыцца ля самага ўскрайку вады, злавіць вокам водбліскі заходзячага сонейка, прыслухацца да ціхага шоргату хваль па прыбярэжным пяску, то можна на імгненне адчуць у самай глыбіні сэрца гармонію. І няма ва ўсім вялікім свеце месца, больш прыдатнага для падобных заняткаў, чым наша дзівосная сінявокая Беларусь.

У перадапошні дзень лета шумная кампанія сабралася на беразе Свіслачы, непадалёк сталічнага аквапарка “Лябяжы”. Менавіта так навучэнцы нядзельнай школы праваслаўнага храма ў гонар святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, што месціцца на ўскрайку мінскага мікрараёна Зялёны Луг, разам з бацькамі вырашылі незвычайным чынам адзначыць заканчэнне лета. Хацелася апошні раз перад пачаткам школьнага марафону атрымаць порцыю пазітыўных эмоцый, адчуць сябе сам-насам з матухнай-прыродай.


Я ўзняла вочы на неба і… зажурылася. Учарашняга блакіту не засталося. Цяжкія сіне-шэрыя хмары напаўзалі аднекуль з-за гарызонту, здавалася, што цьмяны небасхіл вось-вось разродзіцца цяжкімі халоднымі кроплямі дажджу. Па вадзе беглі высокія, суцэльна свінцовыя хвалі. Я адчула, што імпэт, які бруіў яшчэ з раніцы, пачынае саступаць месца трывозе. Холадна, ветрана, небяспечна…

І тут загучаў голас нашага завадатара святара Сергія Бялеўцава, які замест таго, каб падазрона касіцца на неспакойную ваду, крочыў да самага пеннага беражку, глянуў удалячынь, шырока ўсміхнуўся. І весела распавёў нам, крыху спужаным не зусім гасціннай у той дзень Свіслаччу, пра тое, што сапраўдная духоўнасць не можа існаваць выключна ў замкнёнай гарадской прасторы, у адрыве ад жывой прыроды, ад актыўнага, насычанага жыцця, поўнага пераадолення рэальных перашкод.


У айца Сергія — чацвёра дзетак. Усе яны — і пара блізнят-хлопчыкаў, і дзве старэйшыя дзяўчынкі — побач з татам, рыхтуюцца да спуску байдарак на ваду. І ўсе мы, гледзячы на іх, далучаемся да агульнай справы, разбіраем рыштунак, зноў адчуваем недзе ў глыбіні саміх сябе казытлівае прадчуванне вясёлых прыгод. Але ж большасць з ахвотнікаў — навічкі ў справе воднага турызму, таму пачынаем з навучання: трэба асвоіць новы транспарт, вывучыць правілы бяспекі, адпрацаваць новыя навыкі на практыцы на мелкаводдзі.

Першая палова маршруту праходзіла па вадасховішчы Дразды, у якім шырыня воднай гладзі месцамі дасягае 600 метраў. А гэта значыць, што ў ветранае надвор’е часам узнімаюцца даволі высокія хвалі. Якраз такім надвор’ем і пачыналася наша падарожжа. Знутры байдаркі з зусім нізенькімі бартамі відовішча мнагаметровай воднай гладзі, ускалыханай ірванымі хвалямі, спачатку раз-пораз прымушала сэрца міжволі заміраць. Але важкія хмары разышліся, у прагалы глянула сонейка, яшчэ больш узняўшы настрой усёй каманды.

Наперадзе наш байдарачны гурт чакалі даволі доўгія 12 кіламетраў шляху. Давялося ісці і шырокім змрачнаватым вадасховішчам з бялюткімі чайкамі над галавой, і вузкімі свіслацкімі затокамі з берагамі, зарослымі лесам. Давялося трываць дробны хуткі дождж, які пырснуў з вялізнай хмары, што закранула нас літаральна на некалькі хвілін сваім чарнільным бокам, і цягнуць на руках навюткія жоўтыя байдаркі, абносячы высокую дамбу.


Нашай першай узнагародай стала вялізная вясёлка, якая нібыта раптоўна матэрыялізаваным Боскім благаславеннем сустрэла на сярэдзіне маршруту. Але ж самым галоўным прызам стала тое пачуццё, калі мы, пад самы вечар скончыўшы сплаў і ступіўшы на цвёрдую зямлю непадалёк Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адчулі дзівосную, непаўторную, неверагодную сумесь захаплення, фізічнай стомы і разлітага ў сэрцах акіяна пазітыўных эмоцый!

Невялікае, але ж такое насычанае падарожжа засталося за спінай, як і лета, якому мы такім незвычайным чынам сказалі: “Бывай!” Але ж кожны з яго ўдзельнікаў яскрава адчуваў, колькі духоўнай і фізічнай сілы, веры ў лепшае, імкнення рухацца наперад пакінулі ў ім гэтыя некалькі гадзін неба, хваль, пераадолення сябе і шчырага сяброўства.

“З такім тылам зусім не боязна пачынаць жыццёвы штурм новага школьнага года!” — чамусьці падумала я, заскокваючы на аўтобусную прыступку і кідаючы апошні позірк на такія жывыя і стаўшыя амаль роднымі свіслацкія хвалі.

Таццяна ЗАХАРАНКА,
метадыст Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.