Быць здаровым, жыць актыўна — гэта стыльна, пазітыўна

На сучасным этапе развіцця нашага грамадства ставіцца задача выхавання здаровых, рознабакова развітых людзей, якія валодаюць высокай разумовай і фізічнай працаздольнасцю. Для паспяховага вырашэння гэтай задачы важна, як гаворыцца, берагчы здароўе змоладу, таму педагагічны калектыў ясляў-сада № 8 Полацка ўдзяляе вялікую ўвагу гэтай праблеме, выкарыстоўваючы разнастайныя формы работы з выхаванцамі.

Для вырашэння задач па здаровым ладзе жыцця быў распрацаваны і праведзены праект на тэму “Быць здаровым, жыць актыўна — гэта стыльна, пазітыўна”. Адным з цэнтральных мерапрыемстваў праекта стала правядзенне малых алімпійскіх гульняў.27 студзеня 2017 года ў спартыўнай зале сярэдняй школы № 3 Полацка адкрыліся алімпійскія гульні, арганізатарамі якіх сталі настаўнік фізічнага выхавання сярэдняй школы № 3 Л.А.Арліеўская і кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 8 А.І.Панкратава. Удзельнікамі алімпіяды сталі выхаванцы старшай групы і першакласнікі школьнага лагера.

Галоўнай мэтай мерапрыемства стала далучэнне выхаванцаў да традыцый вялікага спорту, аздараўленне дзяцей і сацыяльнае развіццё праз адлюстраванне сацыяльна значных падзей сусветнага ўзроўню.

Падрыхтоўка да алімпіяды пачалася задоўга да адкрыцця. Выхаванцы актыўна трэніраваліся, вывучалі гісторыю ўзнікнення Алімпійскіх гульняў. Педагогі праводзілі гутаркі з дзецьмі на тэмы “Зімовыя віды спорту”, “Гісторыя і сучаснасць Алімпійскіх гульняў”, развучвалі песні і вершы спартыўнай тэматыкі, распрацоўвалі спартыўныя эмблемы групавых каманд. Хлопчыкі і дзяўчынкі не на жарт узяліся за сваю фізічную падрыхтоўку: практыкаваліся ў бегу, скачках, кіданні.

Спартыўная зала была аформлена плакатамі, лозунгамі са спартыўнымі заклікамі, эмблемамі з намаляванымі зімовымі відамі спорту, яркімі паветранымі шарамі. Усё гэта стварыла атмасферу свята і адчуванне сапраўдных алімпійскіх гульняў.

Адкрыццё гульняў стала сапраўдным святам, якое прынесла шмат радасці не толькі ўдзельнікам алімпіяды, але і яе арганізатарам. Як і прынята на спаборніцтвах такога маштабу, пад гімн алімпіяды быў унесены факел алімпійскага агню і сцяг Полацка. Права ўнесці сімвалы малых зімовых алімпійскіх гульняў было прадастаўлена пераможцу першынства горада па каратэ Андрэю Гукову, пераможцу і прызёру раённых спаборніцтваў па кікбоксінгу Максіму Жахоўскаму, пераможцы рэспубліканскіх спартыўна-масавых мерапрыемстваў па мастацкай гімнастыцы “300 талентаў” Аляксандры Сафонавай.

Свята пачалося з парада ўдзельнікаў каманд “Ільдзінкі” і “Сняжынка”. З нагруднымі эмблемамі алімпіяды пад гукі марша ўвайшлі на спартыўную пляцоўку разам са сваімі трэнерамі (выхавальнікамі) юныя алімпійцы.

Старшыня алімпійскіх гульняў, ролю якога ўзяла на сябе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вера Мікалаеўна Лісовіч, павіншавала юных алімпійцаў з гэтым святам і прапанавала спаборнічаць, паважаючы і выконваючы правілы гульняў, а суддзям — сумленна судзіць.

Прадстаўнікі каманд і суддзі прынеслі спартыўную клятву. Удзельнікі каманд павіталі адно аднаго. Пасля размінкі іх чакалі цікавыя спаборніцтвы. Ні адно выпрабаванне не прайшло без падтрымкі балельшчыкаў.

Юныя спартсмены пераадольвалі алімпійскія эстафеты, спаборнічалі ў бегу, скачках, кіданні паветраных шароў, хадзе на лыжах.

У працэсе авалодання спартыўнымі гульнямі дзеці адкрылі для сябе свет спорту — свет яркі, цікавы, займальны. І ўдзельнікі, і балельшчыкі, і педагогі атрымалі магутны зарад энергіі і добрага настрою ў гэты дзень.

Пакуль каманды адпачывалі, набіраліся сіл, з балельшчыкамі былі праведзены вясёлыя эстафеты. Затым свае паказальныя выступленні прадэманстравалі спартсмены школьнага клуба “Алімпіёнік”, якія выступаюць у летніх відах спорту — мастацкай гімнастыцы, кікбоксінгу і каратэ.

І няхай гульні названы малымі, а ўзрост удзельнікаў не перавышае 8 гадоў — барацьба за алімпійскія ўзнагароды была самая сапраўдная.

Колькі радасці было ў вачах хлопчыкаў і дзяўчынак, якія атрымлівалі свае першыя ў жыцці ўзнагароды! З якім гонарам прымалі віншаванні, поціск рукі нашы маленькія спартсмены і, спадзяёмся, будучыя чэмпіёны ад старшыні алімпійскіх гульняў са словамі: “Мы верым, што гэтыя алімпійскія гульні надоўга застануцца ў вашай памяці. Спадзяёмся, што спартыўны дэвіз “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” стане вашым жыццёвым дэвізам”.

Такія спартыўныя мерапрыемствы дастаўляюць велізарную радасць дзецям, далучаюць іх да традыцый вялікага спорту, выяўляюць спартыўныя схільнасці і здольнасці нашых выхаванцаў, дапамагаюць у рамках планаў пераемнасці актыўнага знаёмства са школай. Выхаванцы замацоўваюць уяўленні аб зімовых відах спорту, удасканальваюць рухальныя ўменні і навыкі, развіваюць хуткасць, спрыт, сілу, дакладнасць, вынослівасць; выхоўваюць уменні перамагаць і годна прайграваць. А галоўнае, такія святы даюць пазітыўны настрой і дзецям, і дарослым, аб’ядноўваюць іх агульнымі мэтамі. У вачах усіх удзельнікаў — запал, захапленне і радасць перамогі. А гэта галоўнае ў нашай рабоце, бо шчаслівае дзіця — шчаслівыя бацькі, а значыць, здаровае і моцнае грамадства.

Людміла ЮНІЦЫНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 8 Полацка.