Было што паказаць, было што паглядзець

У Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці 15 гадоў існуе такая нетрадыцыйная форма прадстаўлення работы ўстаноў, як грамадскі агляд. У рамках агляду ўстановы адукацыі запрашаюць прадстаўнікоў устаноў і арганізацый, грамадскасці горада і раёна наведаць урокі, а таксама прадстаўляюць ім работу сваёй установы па пэўнай тэме. Нядаўна такі грамадскі агляд прайшоў у сярэдняй школе № 1 Турава.
За апошнія паўтара дзесяцігоддзя школа значна ўмацавала многія кірункі дзейнасці, нашы навучэнцы маюць стабільныя вынікі ўдзелу ў алімпіядах, даследаваннях, конкурсах. У школе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, здольныя вырашаць любыя задачы. Кожны год у школе ярка і цікава праходзяць прадметныя тыдні (рускай, беларускай, англійскай мовы, матэматыкі, гісторыі, хіміі, фізікі, астраноміі, геаграфіі, біялогіі, экалогіі, выяўленчага мастацтва і дзіцячай творчасці, энергазберажэння, эканоміі і беражлівасці, дзіцячай кнігі, электрабяспекі, прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, спорту і турызму). Калектыў установы лічыць прадметны тыдзень важным кірункам у рабоце, які спрыяе павышэнню матывацыі дзяцей да вывучэння прадметаў. Тэматычны тыдзень дазваляе кожнаму вучню быць актыўным удзельнікам падзей. Навучэнец можа паспрабаваць сябе ў розных ролях, праверыць свае сілы ў розных відах дзейнасці. Менавіта таму тэмай грамадскага агляду і былі выбраны прадметныя тыдні беларускай мовы і літаратуры, выяўленчага мастацтва і дзіцячай творчасці.
На працягу грамадскага агляду навучэнцы і педагогі школы сардэчна сустракалі прадстаўнікоў арганізацый і ўстаноў Турава: намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Тураўшчына” І.Л.Міцюрыча, загадчыка гарадской бібліятэкі Т.М.Струк, дырэктара школы мастацтваў П.Л.Берніковіча, дырэктара Цэнтра дзіцячай творчасці А.І.Паклонскую, дырэктара краязнаўчага музея В.М.Балбуцкага, а таксама ветэранаў педагагічнай працы, педагогаў суседніх школ, бацькоў навучэнцаў. Цэлы тыдзень у школе панавала атмасфера свята. Усе былі заняты важнай справай. Вельмі цікава прайшло адкрыццё тыдня беларускай мовы і літаратуры па тэме “Нам сняцца сны аб Беларусі”. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Жанны Іванаўны Русай навучэнцы прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Бацькаўшчына светлая мая, або Запрашэнне ў Тураў”. А свята беларускай кухні “Гаспадыня стала — бульба” не пакінула раўнадушным ні дзяцей, ні іх бацькоў, ні педагогаў. А колькі таленавітых дзяцей у школе, прадэманстравала выстава, арганізаваная сумесна школай, Цэнтрам дзіцячай творчасці і школай мастацтваў Турава.Настаўнікі разам са старшакласнікамі арганізавалі мерапрыемствы для вучняў пачатковых класаў, падчас якіх “пачаткоўцы” пазнаёміліся са сваімі будучымі педагогамі, былі далучаны да вялікіх творчых спраў школы, а выпускнікі прымералі ролі педагогаў.І так кожны дзень — конкурсы, віктарыны, гульні, выставы, нестандартныя ўрокі, майстар-класы. Педагог дадатковай адукацыі Святлана Канстанцінаўна Гваздзюкевіч паказала, як можна вырабіць кветку з абрэзкаў тканіны; Алена Іванаўна Паклонская навучыла рабіць кажана ў тэхніцы арыгамі, а заадно паведаміла прысутным пра карысць кажаноў, аб экалагічных праблемах Турава і яго ваколіц. Настаўніца абслуговай працы Алена Аляксандраўна Паўлюкавец прадэманстравала прысутным, як вырабіць вепскую (славянскую) ляльку, і пазнаёміла з гісторыяй яе стварэння. А кожны жадаючы мог зрабіць такую ляльку-абярэг для сябе.
І вось надышоў заключны, самы адказны, дзень грамадскага агляду. З нецярплівасцю чакалі навучэнцы выніковае мерапрыемства, на якім былі ўзнагароджаны заахвочвальнымі прызамі, граматамі і дыпломамі самыя актыўныя ўдзельнікі. Па выніках грамадскага агляду сярэдняя школа № 1 Турава атрымала высокую ацэнку аддзела адукацыі, загадчыка метадычнага кабінета Святланы Іванаўны Пахомавай, кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна.

Тамара ШРУБ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Турава
Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.