Бульбяны баль

У канцы верасня ў сярэдняй школе № 28 Віцебска адбылося незвычайнае свята — “Бульбяны баль”. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства стала кафедра настаўнікаў біялогіі, хіміі і геаграфіі, а ўдзельнікамі — навучэнцы, іх настаўнікі і бацькі.

Усім хацелася як мага больш даведацца аб прадукце, які мы амаль штодня ўжываем у ежу, таму падрыхтоўка да свята пачалася задоўга да яго правядзення.Зразумела, галоўнай гераіняй свята была Спадарыня Бульба. Калі яна з’явілася ў краінах Еўропы? Чаму на Русі бульбу лічылі другім хлебам? Усе з імпэтам шукалі адказы на пытанні ў дадатковай літаратуры і інтэрнэце.Вынікам пошукаў стала яркае запамінальнае свята. Навучэнцы расказвалі адно аднаму пра ўласцівасці і якасці бульбы, дзяліліся гісторыяй яе з’яўлення на нашых землях, загадвалі загадкі, дэкламавалі вершы, прыказкі і прымаўкі, спявалі. Бацькі разам з дзецьмі пісалі вершы і апавяданні пра бульбу, знаходзілі цікавыя рэцэпты (знайшліся і вельмі старажытныя), праяўлялі фантазію ў вырабах з бульбы. Выстава бульбяных шэдэўраў уразіла ўсіх прысутных. У канцы свята Каралева Бульба запрасіла гасцей і ўдзельнікаў сфатаграфавацца на выставе вырабаў з бульбы.Правядзенне такіх мерапрыемстваў згуртоўвае дзяцей, бацькоў і настаўнікаў, бо ўсе разам робяць агульную справу. Удзельнікі з карысцю правялі час, атрымалі цікавую інфармацыю і зарад пазітыўных эмоцый.

Алена АРЦЮХОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 28 Віцебска.