Будучыня сталічнай адукацыі

Пераможцам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагагічны дэбют” стаў студэнт гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Іван Пугач. Фінал гэтых спаборніцтваў прайшоў у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Маладыя настаўнікі — студэнты выпускных курсаў профільных універсітэтаў — дэманстравалі свае прафесійныя навыкі і творчыя здольнасці.

Конкурс прафесійнага майстэрства маладых педагогаў праводзіцца ў сталіцы штогод. Яго першачарговая задача — садзейнічанне прафесійнай самарэалізацыі і творчай актыўнасці выпускнікоў, павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі і пазітыўнага іміджу ўстановы вышэйшай адукацыі. Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, а яго арганізатарам — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 25 студэнтаў — гэта прадстаўнікі Белдзяржуніверсітэта, БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ, БДУФК і БНТУ. Канкурсантам давялося прайсці праз выпрабаванні ў трох турах. У першым туры ўдзельнікі прадставілі творчыя прэзентацыі каманд навучальных устаноў і правялі 25 урокаў, прадэманстраваўшы высокі ўзровень тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі, творчы падыход і актыўную жыццёвую пазіцыю. У другім туры, акрамя ўрокаў у незнаёмых класах, будучыя настаўнікі выступілі з прэзентацыяй педагагічнага эсэ “Гэта мой настаўнік!”. Журы конкурсу, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі камітэта па адукацыі, МГІРА, вопытныя педагогі сталічных устаноў адукацыі і якое ўзначаліла намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Паўлаўна Харужая, адзначыла сур’ёзную падрыхтоўку ўдзельнікаў да гэтага конкурснага выпрабавання. Вельмі шчыра і чулліва гучалі словы студэнтаў аб сваіх настаўніках.

Па выніках двух тураў у фінал спаборніцтваў выйшлі 6 студэнтаў: Марыя Быкоўская, студэнтка 4 курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, Надзея Кашуба, студэнтка 5 курса факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка, Віталь Колбік, студэнт 4 курса спартыўна-педагагічнага факультэта масавых відаў спорту БДУФК, Наталля Малевіч, студэнтка 5 курса факультэта французскай мовы МДЛУ, Іван Пугач, студэнт 4 курса гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, Вікторыя Раманоўская, студэнтка 4 курса спартыўна-педагагічнага факультэта спартыўных гульняў і адзінаборства БДУФК. На заключным этапе конкурсу яны прэзентавалі рэкламу метадычнага прыёму “Мая педагагічная знаходка” і дэманстравалі здольнасці да імправізацыі і нестандартнасць мыслення ў конкурсе-сюрпрызе.

На рэкламу метадычнага прыёму адводзілася да 15 хвілін. Студэнт гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Іван Пугач прадэманстраваў метад выкарыстання прадметнай нагляднасці — сродак актывізацыі мысліцельнай дзейнасці навучэнцаў, фарміравання яркіх і праўдзівых вобразаў гістарычнага мінулага, устанаўлення міжпрадметных і ўнутрыпрадметных сувязей, фарміравання ў навучэнцаў эмацыянальных і каштоўнасных адносін да матэрыялу. З дапамогай звычайнай вяроўкі навучэнцы могуць акунуцца ў эпоху неаліту і бронзавага веку, пазнаёміцца з культурай шнуравой керамікі, з тэхналогіяй вузлавога лікавага пісьма інкаў. Для больш старэйшых вучняў вяроўка лёгка трансфармуецца ў ласо для аповедаў аб пакарэнні Амерыкі еўрапейскімі каланістамі. Усё, што патрэбна настаўніку, — крыху часу і фантазіі.

Студэнтка БДУФК Вікторыя Раманоўская адной з галоўных задач сваёй работы бачыць змяненне адносін да ўрокаў фізічнай культуры як саміх дзяцей, так і іх бацькоў. Каб настроіць навучэнцаў на атрыманне радасці і задавальнення ад урокаў, а таксама матываваць іх на дасягненне высокіх вынікаў, педагог прапанавала выкарыстоўваць на занятках мабільныя дадаткі, напрыклад Runkeeper, “Кардыёграф”, Sworkit і інш. Так, Runkeeper — асабісты кішэнны трэнер (дазваляе адсочваць фізічную актыўнасць, атрымліваць падрабязныя статыстычныя даныя аб аб’ёме і інтэнсіўнасці фізічнай нагрузкі, паведамленні аб новых асабістых рэкордах і інш).

Студэнтка факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка Надзея Кашуба прадэманстравала ўніверсальны інтэрактыўны прыём “Медыяазбука”, які можа выкарыстоўвацца як на ўроках геаграфіі, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Вучні называлі ўбачаны на экране аб’ект, а падказкай служыла літара, з якой пачыналася слова.

Студэнтка факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Марыя Быкоўская прадставіла на суд журы асноўны прыём гульнявой тэхналогіі “Гульнявы персанаж”, выкарыстаўшы роставыя, пальчаткавыя і іншыя лялькі. Прыём дапамагае ўвесці ва ўрок праблемную сітуацыю і з’яўляецца незаменным пры адпрацоўцы навыкаў выразнага чытання ўголас. Дзякуючы гэтаму прыёму дзіця паглыбляецца ў свет вобразаў, пачуццяў і эмоцый.

У конкурсе-сюрпрызе ўдзельнікам неабходна было адказаць на нечаканыя і часам каверзныя пытанні. Так, студэнтцы 5 курса факультэта французскай мовы МДЛУ Наталлі Малевіч прадставілі відэаролік і прапанавалі вызначыць, пра што ў ім гавораць дзеці. Студэнтцы факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка Надзеі Кашуба зачыталі паняцці, у адпаведнасці з якімі фларысты ствараюць кветкавыя кампазіцыі, і папрасілі патлумачыць, якія з іх могуць быць прымяняцца да прафесіі педагога. Пытанне студэнтцы факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Марыі Быкоўскай задала яе першая настаўніца — педагог сярэдняй школы № 35 імя Д.Азізава Святлана Дабравольская, якая, на вялікае здзіўленне канкурсанткі, выйшла на сцэну.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў пераможцам быў прызнаны студэнт 4 курса гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Іван Пугач. Лаўрэатамі конкурсу сталі студэнтка МДЛУ Наталля Малевіч (2 месца) і студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Марыя Быкоўская (3 месца).

Для Івана Пугача перамога была нечаканай. “Самому складана ацэньваць тое, што ты робіш, — сказаў Іван. — Калі мы апранаемся, то глядзімся ў люстэрка і чакаем пэўнай рэакцыі ад тых, хто нас акружае. Так і на конкурсе: я мог прадбачыць штосьці, але не перамогу. Самай складанай у гэтых спаборніцтвах для мяне была падрыхтоўка да конкурсных выпрабаванняў, бо пры падрыхтоўцы яшчэ можна штосьці перайначыць, а падчас выпрабаванняў ужо нічога змяніць нельга. Пасля заканчэння ўніверсітэта хачу звязаць сваё жыццё са школай. Я з педагагічнай сям’і, і з дзяцінства перад вачыма быў прыклад бацькоў, таму я мэтанакіравана паступіў у педагагічную ўстанову”.

Пераможцу і лаўрэатаў конкурсу павіншавала намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка:
— Вітаю вас, тых, хто выбраў адну з самых лепшых прафесій на зямлі. Толькі нам дадзена ў жыцці права вучыць, ацэньваць, накіроўваць і пры гэтым самаўдасканальвацца і ўдасканальваць навакольны свет. Работа педагога не самая простая. Працаваць з людзьмі заўсёды складана, а працаваць з дзецьмі яшчэ складаней, чым з дарослымі, хаця гэта і прыносіць шмат радасці і задавальнення. Мы чакаем вас у нашых установах адукацыі і спадзяёмся, што вы папоўніце прафесійныя шэрагі сталічнага настаўніцтва!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.