“БУДУЧЫНЯ” глядзіць у будучыню

Мы прывыклі назіраць за імклівым ходам падзей у свеце, за дзіўнымі адкрыццямі вялікіх вучоных, прыроднымі і тэхнагеннымі катастрофамі. Але часам нечаканыя адкрыцці і цікавыя даследаванні можна правесці і ў школе сумеснымі намаганнямі настаўніка і вучняў.

На працягу многіх гадоў ва Уцеўскай сярэдняй школе працуе даследчае таварыства вучняў “Будучыня”. Кіруе ім настаўніца геаграфіі Ірына Міхайлаўна Ярцава. Ірына Міхайлаўна змагла далучыць да работы многіх актыўных і захопленых дзяцей, неабыякавых да пытанняў, што разглядаюцца ўдзельнікамі таварыства.
Першая работа была прысвечана краязнаўству. У суседняй вёсцы Гардуны з-за памяншэння насельніцтва прыйшлося закрыць школу. У 1970 — 1980 гады школа працавала ў дзве змены. Чаму ў вёсцы стала мала дзяцей? Чаму моладзь пакідае родныя мясціны і накіроўваецца ў горад? А што будзе з вёскай праз некалькі гадоў? Работа “Дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы Гардуны” была адзначана ў раёне дыпломам III ступені.
Першыя поспехі прынеслі ўпэўненасць вучням Ірыны Міхайлаўны і сталі стымулам для пошуку і вырашэння новых праблем і задач. Напрыклад: надыходзіць Новы год, і мы ўсе хочам мець у хаце лясную прыгажуню ёлку. А колькі гадоў трэба для таго, каб маленькі саджанец ператварыўся ў высокае, прыгожае, моцнае дрэва? Якія хваробы і цяжкасці чакаюць дрэва за час яго сталення? Ці заўсёды разумна паводзіць сябе ў лесе чалавек? У членаў “Будучыні” ўзнікала ўсё больш і больш пытанняў. Так з’явілася новая работа “Праблемы лясоў Церахоўскага лясніцтва”. Хлопцы збіралі смецце ў лесе, майстравалі і развешвалі ў лесе і ў школьным двары шпакоўні, агароджвалі мурашнікі, на высечаных месцах саджалі елкі. Юныя сябры лесу склалі інфармацыйныя буклеты з парадамі, якімі спосабамі можна ўтылізаваць смецце. Гэтыя буклеты хлопцы раздавалі на вуліцах жыхарам вёскі Уць, наведвалі працоўныя калектывы з лекцыямі. Вельмі цікавай і карыснай была сустрэча з ляснічым Церахоўскага лясгаса, які наведаў школу, расказаў пра сваю работу, праблемы лесу, аб правілах паводзін у лесе.
Тры апошнія гады даследчае таварыства навучэнцаў займаецца праблемамі вывучэння якасці пітной вады аграгарадка Уць. Былі даследаваны пробы водаправоднай вады, вады з калодзежаў і дзвюх крыніц, якія ўпадаюць у раку Уць. Самай чыстай аказалася крынічная вада, наступнай па чысціні была вада з калодзежаў, а самай бруднай — вада з водаправода. Утрыманне жалеза ў 16 разоў перавышала норму. Але цяпер у нашай вёсцы ёсць новая свідравіна і ўсе трубы заменены на новыя, таму вада стала значна чысцейшай.
З вынікамі сваіх даследаванняў дзеці выступалі ў школе, на бацькоўскіх сходах і рэкамендавалі адстойваць ваду, кіпяціць перад ужываннем, набываць фільтры. У выніку была падрыхтавана работа, якая атрымала ў раённым конкурсе “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці” дыплом I ступені. Вучні нашай школы Вольга Савянок і Вячаслаў Бярбека прадстаўлялі гэтую работу на абласным этапе навуковых біёлага-экалагічных работ у секцыі “Вада і водныя экасістэмы”. Тут работа была ўдастоена дыплома III ступені.
Ірына Міхайлаўна вучыць школьнікаў глядзець далёка наперад, бачыць перад сабой не толькі мясцовыя, але і глабальныя праблемы прыроды, быць неабыякавымі да праблем навакольнага асяроддзя.
Мясцовая рэчка Уць была калісьці шырокай, паўнаводнай, па якой хадзілі невялікія судны і баржы. Жывая нават легенда пра судна, якое патанула з золатам. Цяпер рэчка Уць, якая дала назву населенаму пункту, ператварылася ў зарослы травой і зацягнуты глеем непрывабны ручай. Дзеці зацікавіліся праблемамі ракі: як адчувае сябе раслінны і жывёльны свет у вадзе, дзе плаваюць пластмасавыя бутэлькі, дзе людзі мыюць аўтамабілі, куды трапляюць адходы мінеральных угнаенняў? Школьнікі вымяралі шырыню і глыбіню ракі, вызначалі колер і ўзровень мутнасці і забруджанасці вады, замяралі хуткасць плыні. Работа была цікавай і важнай. Вольга Савянок і Вячаслаў Бярбека прадставілі работу на VIII Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук”, якая праходзіла ў Рэчыцы, і атрымалі дыплом III ступені. Іх запрасілі на рэспубліканскі конкурс даследчых работ вучняў у секцыі “Хімія”. І зноў у школу прыйшла радасная навіна: вучні Ірыны Міхайлаўны ўзнагароджаны дыпломам III ступені.
2013 год стаў багатым на поспехі для навуковага таварыства школы. На рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект” у секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” выступленне Вольгі Савянок было адзначана дыпломам ІІІ ступені. А далей Ірыну Міхайлаўну і яе вучаніцу чакала паездка ў рэспубліканскі лагер “Зубраня” для ўдзелу ў конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. Вольга была ўзнагароджана дыпломам удзельніка ў секцыі “Навуковыя даследаванні, эксперыменты, энергазберагальныя тэхналогіі”. Плённая праца настаўніцы і яе вучняў прынесла радасць і задавальненне, а школе — гонар за сваіх выхаванцаў і педагога. Вольга і Вячаслаў вылучаны саіскальнікамі на заахвочванне прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Ірына Міхайлаўна аказвае метадычную дапамогу і дзеліцца вопытам даследчай работы з настаўнікамі пачатковых класаў. Малодшыя вучні на чале са сваімі класнымі кіраўнікамі таксама маюць поспехі ў раённых конкурсах даследчых работ. Мы жадаем Ірыне Міхайлаўне і яе вучням-даследчыкам пошуку новых цікавых тэм, поспехаў у навуковых адкрыццях, радасці і задавальнення ад сумеснай працы.

Рыта МАКСІМЕНКА,
настаўніца нямецкай мовы Уцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна.