Бліскучыя прыгажуні

Яно ўжо прыйшло — самае бліскучае, цудоўнае свята Новы год! Яго немагчыма ўявіць без прыгажуні ёлкі, якой адводзіцца галоўная роля на святочных урачыстасцях. Дзяўчаты з аб’яднанняў па інтарэсах “Прыгажосць сваімі рукамі” і “Млын моды” перакананы, што галоўны сімвал Новага года абавязкова павінен быць рукатворным.

Паперкі ад цукерак, пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты, шматкі тканіны, кардон, пенапласт, ёлачная мішура, гузікі, сінтэпон… Чалавек, пазбаўлены фантазіі, палічыць падобны матэрыял смеццем. А вось мае выхаванцы прыдумалі, як гэта ўсё ператварыць у сапраўдную прыгажосць. А яшчэ паўдзельнічалі ў раённым і абласным этапе культурна-экалагічнай акцыі “Зберажом зялёную яліну”, у рамках якой з’явіўся школьны праект з такой жа назвай.Выстава з 30 навагодніх ёлачак стала вынікам нашай творчасці, фантазіі і пошуку. Усе работы навучэнцаў індывідуальныя, у кожнай праглядаецца характар дзіцяці, яго беражлівыя адносіны да прыроды. Я не старалася даць дзецям усё гатовае, а проста накіроўвала іх на тое, каб яны маглі знайсці большую колькасць варыянтаў падбору матэрыялаў для работ. Кожны выказваў свае ідэі, стараўся прапанаваць свае варыянты. У працэсе рэалізацыі праекта вялікая ўвага ўдзялялася пазнавальнай дзейнасці. Так дзеці даведаліся, што ў лесе елка можа расці да 250 гадоў і больш, а калі сабраць 54 кілаграмы макулатуры, то можна захаваць жыццё аднаму дрэву. Ведаюць мае навучэнцы, што на навагоднім свяце елцы адводзіцца галоўная роля і яе павінны ўпрыгожваць усе члены сям’і. Калі вешаеш цацкі, трэба загадаць жаданне — па адным на кожную. Змяшчаць іх трэба на тое месца, якое найбольш падабаецца. Пасля заканчэння свят дрэўца можна выкарыстоўваць, напрыклад, як апору для павойных раслін.
Выпусцілі мы і лістоўкі з фотаздымкамі дзяцей, калі яны выраблялі свае ёлачкі. Кожны ўдзельнік праекта паспрабаваў скласці некалькі вершаваных радкоў, прысвечаных свайму вырабу. Прынялі мы ўдзел у конкурсе журналісцкіх матэрыялаў на тэму “Зберажом зялёную яліну”. Нашы публікацыі і самую прыгожую ёлачку адправілі ў Сенненскі цэнтр дзяцей і моладзі ў якасці конкурсных работ, а пазней яны былі прадстаўлены на абласны этап выставы-конкурсу. Ужо стала добрай традыцыяй атрымліваць узнагороды ў гэтым мерапрыемстве (у мінулым годзе мы былі пераможцамі ў намінацыі “Лепшая публікацыя”). Астатнія вырабы навучэнцы падораць родным і сябрам у якасці навагодніх сувеніраў.Гэтым займальным заняткам зацікавіліся многія школьнікі, якія таксама прынялі ўдзел у нашым творчым праекце па стварэнні навагодніх ёлак. Дзяўчаты з аб’яднання па інтарэсах “Млын моды” сталі добрымі настаўнікамі для малодшых дзяцей. Так, Валерыя Гаручка разам з малодшымі сябрамі стварыла ёлку з паперы, якую ўпрыгожыла ланцужкамі з рознакаляровых гумак. Для гэтага трэба было сплесці каля дзесяці метраў. Прыгожыя навагоднія дрэўцы атрымаліся ў вучаніц 6 класа Каці Ціханавай і Каці Старамужавай. Не адставалі пяцікласніцы Хрысціна Кушнір і Ксенія Мартынава, першакласніцы Віка Бярозка і Дзіяна Дубініна. На працягу ўсёй працы маленькім майстрыхам спадарожнічаў добры настрой. Падчас рэалізацыі праекта мы закранулі і праблему выкарыстання другаснай сыравіны, паспрабавалі яе вырашыць у працэсе працы.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
настаўніца абслуговай працы Машканскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.

Фота аўтара.