Бінарны майстар-клас

На базе сярэдняй школы № 61 Гомеля для настаўнікаў выяўленчага мастацтва і педагогаў дадатковай адукацыі быў праведзены гарадскі майстар-клас па ткацтве і пляценні з рагозу. На мерапрыемства былі запрошаны таксама педагогі дзіцячай мастацкай школы з Навазыбкава Бранскай вобласці.

Цікавая праграма сустрэчы па тэме адраджэння нацыянальных традыцый чакала ўдзельнікаў майстар-класа з першых хвілін: музычнае прывітанне фальклорнага калектыву, выстава аб’ёмнага саломапляцення, якую прадставіў Дом дзіцячай творчасці Савецкага раёна Гомеля, смачныя традыцыйныя стравы і пано ў тэхніцы сожскай скані, лялькі, нацыянальныя касцюмы гомельскага рэгіёна і касцюмы, прывезеныя з Браншчыны. У бінарным выступленні навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Г.Шклярова Вольгі Вінаградавай і майстра народных мастацкіх промыслаў Бранскай вобласці Таццяны Сівалап быў прадстаўлены народны касцюм і прадэманстраваны працэс адзявання гаспадыні хаты з падрабязным аповедам аб прызначэнні ўсіх элементаў касцюма. Захаванне нацыянальнага касцюма і беражлівыя адносіны да яго як да культурнага аб’екта, сучаснае прачытанне і стылізацыі касцюма ў кантэксце нацыянальных традыцый рэгіёна — тэма, якая аб’яднала дзвюх удзельніц мерапрыемства з розных рэгіёнаў.

Яркай часткай семінара сталі майстар-класы, на якіх педагогі з цікавасцю засвойвалі тэхналогію ткацтва: на пласцінах, міні-станках, раме, кардонных нарыхтоўках. Сваімі сакрэтамі ў рабоце з ніткамі падзяліліся настаўніца выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гомельскай сярэдняй школы № 61 Алена Нікіціна, педагог Навазыбкаўскай дзіцячай мастацкай школы майстар народных мастацкіх промыслаў Бранскай вобласці Вікторыя Кавалёва. Удзельнікі праекта высока ацанілі сатканыя ў народных традыцыях пано ў спалучэнні з сучаснымі матэрыяламі. Такія работы могуць стаць упрыгажэннем любога інтэр’ера, надаць яму індывідуальнасць. Уразілі гамяльчан работы, выкананыя з рагозу. Даступнасць, прастата, магчымасці крэатыўнага прымянення такой тэхналогіі не пакінулі абыякавымі педагогаў.

Творчая атмасфера, цёплыя зносіны паспрыялі далейшаму супрацоўніцтву педагогаў. Ідэю ўзаемаабагачэння і абмену вопытам у розных відах дзейнасці выказаў дырэктар дзіцячай мастацкай школы Навазыбкава Андрэй Талаверка, а таксама аўтар гэтых радкоў. Спадзяёмся, што наперадзе ў нас шмат плённых сумесных праектаў і мерапрыемстваў. А праведзены майстар-клас, несумненна, натхніў многіх педагогаў на новыя ідэі.

Наталля ВАСІЛЬЧАНКА,
метадыст гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму
Гомельскага гарвыканкама.