Без сакрэту ўсяму свету

Пра што раскажуць гарадскія фантаны і сцены беларускай “Бастыліі”

Лета і турызм — рэчы непарыўна звязаныя. Выбірайце: некалькі гадзін у самалёце і адпачынак на пляжы, шум прыбою ці ў прамым сэнсе гарачыя аўтобусныя туры з разраду “галопам па Еўропах”. А як вам пешыя экскурсіі па горадзе? Па родным горадзе! Можа быць і такое, што, зрабіўшы ўсяго некалькі крокаў ад уласнага дома, вы апынецеся ў самым сэрцы далёкай і вельмі цікавай гісторыі.

“Эўрыка!” — сказаў бы Ньютан, калі б пазнаёміўся з педагогам дадатковай адукацыі і прафесійным экскурсаводам Кацярынай Шапавалавай, бо менавіта такую назву мае сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна, дзе яна працуе. Кацярына Мікалаеўна з тых людзей, якія робяць штодзённыя адкрыцці, іншым разам для сябе, але часцей для сваіх экскурсантаў і вучняў. Ужо тры гады яна займаецца арганізацыяй экскурсій для дзяцей, сярод якіх значнае месца займаюць пешыя экскурсіі па родным горадзе. Таксама яна кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”, перадаючы сакрэты прафесійнага майстэрства выхаванцам.

*— На жаль, сённяшняе пакаленне мала знаёма з нашай гісторыяй. Калі спытацца ў іх, хто такі беларускі Леанарда да Вінчы, у адказ часцей за ўсё бывае цішыня. Або чаму дзяўчынка з парасонам, што ў Міхайлаўскім скверыку Мінска, такая сумная? Ніхто не ведае. Аказваецца, мэтр гарадской скульптуры Уладзімір Жбанаў спачатку задумваў сваю дзяўчынку зусім іншай. Ён асацыіраваў яе з дзяўчынай, якая чакае тралейбус на канцавым прыпынку. Аднак трагедыя, якая здарылася ў маі 1999 года на станцыі метро “Няміга”, унесла карэктывы ў першапачатковую ідэю. Дзіравы парасон у руках басаногай дзяўчынкі не можа абараніць яе ад дажджу, ён усяго толькі ілюзія, метафарычны элемент, які падкрэслівае безабароннасць падлетка.
Гісторыя беларускага “Алькатраса”, ці так званай беларускай “Бастыліі”, з вуснаў Кацярыны Мікалаеўны зачароўвае старшакласнікаў. Былы Пішчалаўскі замак, сёння больш вядомы як “Валадарка”, знакаміты тым, што праз яго прайшлі сотні беларускіх літаратараў, публіцыстаў, навуковых і грамадскіх дзеячаў. Але што такое факты без умення іх падаць? Каго зачэпіць сухая і нецікавая інфармацыя? Таму навучанне юных экскурсаводаў пачынаецца з асноў — з фарміравання ўласнага экскурсійнага партфеля.

*— У рабоце мы абапіраемся на праграму Тамары Аркадзьеўны Федарцовай “Юны экскурсавод”, якая мае ўніверсальны характар і можа выкарыстоўвацца пры рабоце ў любым горадзе. Між тым яна разлічана ўсяго на год, а гэтага недастаткова для поўнага развіцця асобы ў плане прафесійных уменняў і навыкаў. Цяпер я працую над новай праграмай, якая будзе разлічана на тры гады навучання . У нас сапраўды ёсць у гэтым патрэба.
Жыццёвая гісторыя самой Кацярыны Шапавалавай у многім тлумачыць яе захапленне беларускай сталіцай. Хоць яе сям’я і паходзіць з Мінска, яна як дачка ваеннага большую частку свайго жыцця правяла ў Расіі. Прыморскі край, пасёлак Вяцкае, што амаль на мяжы з Кітаем, Хабараўскі педагагічны ўніверсітэт…

*— Заўсёды ведала, што абавязкова буду жыць у Мінску. З дзяцінства ўлюбёная ў гэты горад. Таму іпраграма, якой займаюся, акцэнтавана на сталіцы і яе ваколіцах. Мне цікава расказваць пра копію Турынскай плашчаніцы (усяго ў свеце іх пяць), якая захоўваецца ў касцёле Святых Сымона і Алены, пра тое, чаму на гербе горада выява Божай Маці ў акружэнні анёлаў-херувімаў, пра Сафію Слуцкую, апошнюю прадстаўніцу роду Алелькавічаў. У гэты час я назіраю за рэакцыяй маіх экскурсантаў — яны здзіўлены багаццем і разнастайнасцю ўласнай гісторыі. Нават педагогі, якія суправаджаюць дзяцей, у здзіўленні.
Мая суразмоўніца расказвае, што за час работы ў турыстычным кірунку ёй давялося працаваць з рознымі ўзроставымі катэгорыямі дзяцей. Асноўную катэгорыю экскурсаводаў-пачаткоўцаў складаюць васьмікласнікі. Работа ў аб’яднанні па інтарэсах дастаткова напружаная. Акрамя работы на занятках, падлеткі атрымліваюць хатнія заданні, звязаныя з распрацоўкай пешых турыстычных маршрутаў. А яшчэ ў гуртку можна сустрэць лёгкіх на пад’ём і цікаўных навучэнцаў 5—6 класаў. Кацярына Мікалаеўна жартуе, што яны гатовы ісці куды вочы глядзяць.
Трымаць увагу дзяцей — справа няпростая, але педагогу гэта ўдаецца з лёгкасцю.
Ці ведаеце вы, што жыхарам нашага горада неабавязкова ехаць у Парыж, каб убачыць Трыумфальную арку? І вось ужо група аматараў краязнаўства адпраўляецца ў раён Камсамольскага возера, каб паглядзець на пакуль яшчэ не завершаную, але самую сапраўдную арку Трыумфу. Аказваецца, што не трэба ехаць і ў Пецярбург, каб пахадзіць па той зямлі, па якой хадзіў вялікі рэфарматар Пётр І, бо Яго Вялікасць нейкі час жыў у Мінску, як і Карл XII, напалеонаўскае войска, агляд якога праходзіў на нашай тэрыторыі. А якія цікавыя гісторыі можа расказаць амаль кожны гарадскі фантан! І калі хлопцам па-ранейшаму цікавая ваенная тэма, то дзяўчат, несумненна, цікавяць рамантычныя гісторыі.

*—“Мінск рамантычны” — менавіта так я назаву свой наступны маршрут. Тэма годная таго, ды і фактаў колькі знойдзецца. Возьмем хаця б узгаданую Сафію Слуцкую і гісторыю яе кахання з Янам Радзівілам. А чаго вартая рамантычная гісторыя знакамітага першадрукара Францыска Скарыны! Памятаеце герб Скарыны, дзе паўмесяц цалуецца з сонцам? Паводле адной з легенд, у дзень яго першай сустрэчы з будучай жонкай Маргарытай здарылася сонечнае зацьменне. Калі цемра апусцілася на зямлю і людзі ад страху кінуліся ўрассыпную, Францыск і Маргарыта кінуліся адно да аднаго. Некаторыя дакументы ўзгадваюць, што напрыканцы жыцця Скарына быў садоўнікам пры каралеўскім двары Фердынанда I у Празе. Як вы думаеце, якія кветкі ён вырошчваў з асаблівай пяшчотай? Кажуць, што маргарыткі!
Работа экскурсавода складаная не толькі тым, што неабходна ўвесь час аперыраваць фактамі: трымаць у галаве даты, прозвішчы, прытрымлівацца храналогіі падзей. Гэта нялёгка і ў псіхалагічным плане, бо экскурсавод заўсёды ў цэнтры ўвагі. Набіраючы дзяцей у аб’яднанне па інтарэсах, Кацярына Мікалаеўна адразу папярэджвае, што, акрамя ведаў па гісторыі і геаграфіі, іх чакае карпатлівая работа над сабой. Напрыклад, тут вельмі сур’ёзна працуюць над дыкцыяй і ўменнем трымацца перад любой аўдыторыяй. Важна захапіць сваіх слухачоў і тонка адчуваць іх настрой, своечасова ўбачыць, што людзі стомленыя, змяніць кропку агляду ці крыху аблегчыць інфармацыю. У ход ідуць прыказкі, прымаўкі, скорагаворкі, псіхалагічныя трэнінгі. Але самае галоўнае — пастаянная практыка. Зразумела, што пачынаючаму экскурсаводу лягчэй раскрыцца перад знаёмым колам слухачоў, таму на экскурсіі ў аб’яднанне запрашаюцца мамы, таты, бабулі, дзядулі, сябры і проста знаёмыя.

*— Практычныя заняткі праводзім на вуліцах горада. Калі надвор’е дрэннае, ідзём у музей. Вельмі запомніўся музей, прысвечаны беларускай чыгунцы. Хіба не цікавая гісторыя яе ўзнікнення? Дзецям вельмі падабаецца працаваць на трэнажорах-сімулятарах, якія імітуюць кіраванне поездам, прабіваць пасажырскія білеты, уяўляючы сябе праваднікамі. Там жа можна паспрабаваць у дзеянні тэлефонныя апараты старога ўзору, такія, дзе яшчэ патрэбна круціць ручку, каб устанавіць злучэнне.
Мне прыемна назіраць, як хлопцы і дзяўчынкі мяняюцца на вачах, бачыць, што для іх ужо не праблема выступіць, напрыклад, перад сваім класам. Некаторыя з маіх выхаванцаў нават прымаюць удзел у конкурсах накшталт “Міс (містар) школы”, робячы пры гэтым стаўку на арыгінальныя турыстычныя прэзентацыі. І вось ужо на экране мільгаюць шыкоўныя фотаздымкі палацава-паркавых ансамбляў. Думаеце, гэта Аўстрыя? Гэта наш Нясвіж! Мяркуеце, Германія? Нашы Гервяты!
Упэўнена, у кожнага чалавека ёсць свая харызма, на жаль, не ўсе пра яе ведаюць. Між тым над гэтым можна і трэба працаваць. Харызма можа застацца непрыметнай кропкай, а можа расці разам з чалавекам. Таму кожны з маіх выхаванцаў апрыёры вялікі экскурсавод.
Кацярына Мікалаеўна з усмешкай узгадвае, з якой асцярожнасцю, а часам і з гумарам яна ўносіць невялікія карэктывы. Сярод заўваг да юнага экскурсавода можна пачуць і такія: “Пастарайся не шморгаць носам, пра паставу памятай і, калі ласка, у наступны раз начысці чаравікі. Прычоску паправім, звернем увагу на рукі, яны павінны быць расслабленымі. Ох ужо гэтыя словы-паразіты! Але ў цэлым — зорка! Выдатная работа, і ўпэўнена, што будзе яшчэ лепш!”

*— Яны ўсе для мяне зоркі, і ў кожнага вялікі патэнцыял. І ўсё ж нават самы паспяховы экскурсавод заўсёды павінен памятаць пра якасць. Калі ты прафесіянал, то павінен увесь час быць у руху, пры гэтым не толькі абысці свае маршруты, але і патрымаць у руках рэчы, пра якія расказваеш, панюхаць, калі хочаце, паспрабаваць на смак.
У Беларусі няма гор, няма выхаду да мора. Нашы рэкі, якіх больш за 20 тысяч, невялікія, як правіла, неглыбокія і цякуць у розныя бакі. У нас шмат лясоў, але самае галоўнае багацце — людзі. У беларусаў незвычайная ментальнасць. З гэтага і пачнём!

Наталля АЛЁХІНА.