Без чаго не адбудзецца прафесіянал?

Мадэль жыццёвай паспяховасці, якую выбіраюць сёння маладыя людзі, выглядае наступным чынам: паспяховы чалавек — гэта майстар сваёй справы, прафесіянал. Пры гэтым галоўнае ў наш мабільны час — своечасова рэалізаваць свае таленты і здольнасці, таму што жыццёвая паспяховасць напрамую залежыць ад прафесійнага станаўлення.

Найважнейшай мэтай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы з’яўляецца падрыхтоўка кампетэнтных, творча думаючых, канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія могуць адаптавацца да зменлівых эканамічных умоў, аператыўна рэагаваць на запыты рынку працы, арыентавацца ў патоках інфармацыі, гатовых да далейшага бесперапыннага прафесійнага самаразвіцця і самарэалізацыі. Падрыхтоўка такога спецыяліста звязана з фарміраваннем і развіццём яго прафесійна значных якасцей, якія ўзнікаюць і ўдасканальваюцца ў працэсе асобаснага развіцця пры засваенні і ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці і з’яўляюцца галоўным фактарам паспяховай працы.
Структура працэсу фарміравання важных для будучага спецыяліста прафесійных якасцей уключае наступныя кампаненты:
* матывацыйна-каштоўнасны блок — якасці, якія з’яўляюцца грамадска значнымі і важнымі для жыцця самой асобы і служаць арыенцірамі ў сацыяльнай і прафесійнай рэалізацыі (сумленнасць, гуманнасць, бескарыслівасць, самаадданасць, прыстойнасць);
* кагнітыўны блок — якасці, якія спрыяюць назапашванню ведаў, пераходу на больш высокі ўзровень пазнання (творчы падыход, дапытлівасць, інтэлект, знаходлівасць, кемлівасць, імкненне да пазнання новага, уменне аналізаваць, лагічнае мысленне, адукаванасць);
* аперацыйна-практычны, або працэсуальны блок, — якасці, адпаведныя здольнасці спецыяліста абгрунтавана вызначаць і рацыянальна выкарыстоўваць шляхі і спосабы найбольш эфектыўнага дасягнення пастаўленай мэты (добрасумленнасць, прафесіяналізм, акуратнасць, перспектыўнасць, уважлівасць, камунікабельнасць, кампетэнтнасць, дакладнасць);
* эмацыянальна-валявы блок — маральна арыентаваныя якасці (цікавасць і любоў да працы, упэўненасць, мэтанакіраванасць, цярпенне, смеласць, актыўнасць, дабрыня);
* рэфлексіўны блок — унутраныя псіхічныя якасці, звязаныя з рэфлексіяй самога сябе і ўспрымання сябе іншымі (адказнасць, аб’ектыўнасць, пачуццё ўласнай годнасці, дысцыплінаванасць, непрадузятасць, незалежнасць).
Такім чынам, працэс фарміравання прафесійна значных якасцей спрыяе далейшаму фарміраванню індывідуальных асаблівасцей асобы, станаўленню жыццёвых планаў, асобаснага і прафесійнага вызначэння.
Мэта працэсу фарміравання прафесійна значных якасцей будучых спецыялістаў — выяўленне і развіццё якасцей, неабходных для авалодання прафесіяй, фарміраванне ўстойлівай прафесійнай накіраванасці, матывацыі да прафесійнай дзейнасці. Пры гэтым ставяцца наступныя задачы: адаптацыя першакурснікаў да вучэбна-прафесійнага асяроддзя і фарміраванне матывацыі да працы як асноўнага віду дзейнасці дарослага чалавека; стварэнне ўмоў для аптымальнага развіцця асобаснага патэнцыялу будучага спецыяліста; паглыбленне ўяўлення аб прафесійна значных якасцях будучага спецыяліста; дапамога навучэнцам у выяўленні праблемных якасцей, праблемных зон развіцця і рэсурсаў у выбранай прафесіі; фарміраванне ўстойлівых прафесійных інтарэсаў, намераў і перспектыў; усведамленне значнасці выбранай прафесіі, выхаванне адказных адносін да авалодання асновамі прафесійнага майстэрства; фарміраванне ведаў аб магчымасцях асобаснага і прафесійнага станаўлення і іх ролі ў паспяховай дзейнасці будучых спецыялістаў.
Адным з напрамкаў павышэння якасці адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі з’яўляецца яго пабудова на аснове вынікаў псіхалагічнай дыягностыкі навучэнцаў, якая праводзіцца ў рамках праграмы “Адаптацыя”. Сутнасць дыягностыкі ў тым, каб вывучыць сітуацыю, своечасова выявіць пазітыўныя і негатыўныя аспекты развіцця навучэнцаў і правесці карэкцыю выхаваўчых і педагагічных метадаў. Даследуючы матывацыю выбару прафесіі ў вучняў новага набору па методыцы Аўчарова, спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы праранжыравалі матывы выбару прафесіі:
1. Даступнасць навучання, адпавядае маім магчымасцям.
2. Падабаецца маім бацькам.
3. Стабільная зарплата, забяспечанасць працоўным месцам.
4. Прыносіць карысць людзям.
5. Не патрабуе пераезду на новае месца жыхарства.
У адпаведнасці з планам работы спецыялістаў СППС, штогод у другім семестры праводзіцца маніторынг фарміравання прафесійна-псіхалагічных асноў асобы навучэнцаў каледжа. Дыягнастуюцца навучэнцы 1—4 курсаў, выкарыстоўваюцца дыягнастычныя методыкі, рэкамендаваныя Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі: “Сэнсажыццёвыя арыентацыі”, “Матывацыя дасягнення”, “Агрэсіўнасць і адаптыўнасць”. Вынікі даследавання і карэкцыйная работа дэталёва абмяркоўваюцца з педагагічным калектывам падчас педагагічных саветаў і на пасяджэннях цыклавых камісій. Методыка “Сэнсажыццёвыя арыентацыі” дае ўяўленне аб тым, якая частка навучэнцаў каледжа бачыць сваё жыццё асэнсаваным і паўнацэнным, ставіць перад сабой мэты і ўпэўнена ў іх хуткім ажыццяўленні, а якая не задаволена жыццём і не ўсведамляе яго сэнс. Методыка “Матывацыя дасягнення” раскрывае найважнейшыя ўласцівасці асобы, якія аказваюць уплыў на ўсё жыццё чалавека, — імкненне да дасягненняў, настойлівасць і ўпартасць. Методыка “Агрэсіўнасць і адаптыўнасць” выяўляе, наколькі навучэнцы ўмеюць валодаць натуральна існуючай агрэсіяй. Вынікі маніторынгу паказваюць, што навучэнцы старшых курсаў у большай ступені знаходзяць сваё жыццё асэнсаваным і паўнацэнным, ставяць перад сабой мэты і ўпэўнены, што яны хутка будуць ажыццёўлены. Большасць навучэнцаў першага курса часта не ўсведамляюць сэнс жыцця і не адчуваюць задавальнення тым, як жывуць. Аднак матывацыя дасягненняў у першакурснікаў традыцыйна вышэй, чым у навучэнцаў старшых курсаў. Улічваючы вынікі маніторынгу, спецыялісты СППС фарміруюць адаптацыйную і карэкцыйную праграму, якая рэалізоўваецца ў штодзённым адукацыйным працэсе і падчас правядзення індывідуальнай кансультацыйнай работы.
На вучэбных занятках сацыяльна-гуманітарнага цыкла навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй каледжа, здзяйсняюць віртуальныя экскурсіі ў мінулае. Установа адукацыі знаходзіцца на ўнікальным месцы і размешчана ва ўнікальным будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя, а сваю гісторыю адлічвае з 1920 года. За гэты час са сцен каледжа выйшлі ў людзі і атрымалі пуцёўку ў жыццё многія вядомыя дзеячы, лаўрэаты дзяржаўных прэмій, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. У 2014 годзе вынікам сумеснай пошукавай работы навучэнцаў каледжа і віцебскага краязнаўца Аркадзя Падліпскага стала адкрыццё барэльефа нашаму выпускніку кампазітару Марку Фрадкіну.
На куратарскіх і інфармацыйных гадзінах арганізоўваюцца сустрэчы з выпускнікамі каледжа розных гадоў і ветэранамі педагагічнай працы, круглыя сталы з прадстаўнікамі прафесій машынабудаўнічага профілю, сямейных дынастый. Фарміраванню прафесійна значных якасцей спрыяюць конкурсы сачыненняў “Мая будучая прафесія”, вершаў, прысвечаных каледжу, выкананне гімна ўстановы адукацыі, афармленне альбомаў аб прафесіях, выпуск газет да Дня машынабудаўніка, стварэнне творчых праектаў, відэаролікаў, кліпаў па гісторыі, сучасным развіцці і перспектывах прафесіі, правядзенне тыдняў цыклавых камісій. Для правядзення прафарыентацыйнай работы далучаюцца ўдзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Вопыт яе работы паказаў, што для нас становіцца больш важным і цікавым не інфармацыйна-даведачны падыход да матэрыялу, а кампетэнтнасны, уменне навучэнца не проста знайсці патрэбную інфармацыю, а прымяніць яе, перапрацаваць, атрымаць новыя вынікі і новыя даныя. Формы выхаваўчай работы прымяняюцца самыя разнастайныя: праект “Клічу ў прафесію”, акцыі “Марское братэрства непарушна”, “Трэці працоўны семестр”, інфармацыйныя гадзіны “Машынабудаўнік — гучыць горда!”, шоу-праграма “Прафесіяналы правяць баль”, прававы марафон, брэйн-рынг “Прафесіяналам быць абавязаны”.
Каштоўнасна арыентаваная дзейнасць уключае правядзенне юбілеяў і дзён нараджэння каледжа, вечароў “Пасвячэнне ў студэнты”, арганізацыю выстаў мастацкай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і выкладчыкаў, арганізацыю работы маладзёжнага аператыўнага атрада “Скарпіён”, удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, конкурс патрыятычнай песні, выступленні агітбрыгады з візітоўкай каледжа, удзел у працоўных акцыях, дзейнасць сельскагаспадарчых і будаўнічых студэнцкіх атрадаў, правядзенне месячніка “Абаронца Айчыны”, дзён здароўя, экалагічных паходаў, арганізацыю агляду-конкурсу на лепшую вучэбную групу, удзел у выставах-продажах прадукцыі ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці, урачыстае ўручэнне дыпломаў.
Фарміраванне прафесійна значных якасцей будучых спецыялістаў у працэсе навучання і выхавання можа ажыццяўляцца больш эфектыўна дзякуючы педагагічным умовам, а менавіта стварэнню максімальна спрыяльнага асяроддзя для раскрыцця прафесійнага патэнцыялу асобы будучых спецыялістаў; ажыццяўленню працэсу прафесійнай падрыхтоўкі на аснове асобасна арыентаванага навучання, у якім рэалізоўваюцца такія якасці асобы, як самастойнасць, адказнасць і актыўнасць, неабходныя канкурэнтаздольнаму спецыялісту; сістэмнаму планаванню прафасветы з выкарыстаннем інтэрнатыўных форм прафарыентацыі; удасканаленню работы па прафесійна-асобасным станаўленні навучэнцаў з дапамогай актыўнага фарміравання прафесійных інтарэсаў з уцягваннем вучняў у розныя віды сацыяльна значнай дзейнасці; арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне пераемнасці пакаленняў, якія адлюстроўваюць ролю і значнасць сямейных дынастый у дасягненні вяршынь прафесійнага майстэрства; падтрымку сувязей установы адукацыі з сацыяльнымі партнёрамі з мэтай узаемадзеяння сістэм бесперапыннай адукацыі і эфектыўнай занятасці будучых рабочых і спецыялістаў.

Наталля КАЙРЫШ,
намеснік дырэктара
Віцебскага дзяржаўнага станкаінструментальнага каледжа.