Бераг герояў

Усё далей і далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш і менш застаецца сярод нас яе ўдзельнікаў і сведкаў. Цяперашняя моладзь даведваецца пра тыя вялікія і грозныя падзеі па фільмах і серыялах, у якіх часта праўда перамешана з фантазіяй і выдумкай. Таму важным для педагогаў з’яўляецца захаванне праўды пра вайну ў падрастаючага пакалення. Выхоўваць дзяцей у духу патрыятызму і любові да сваёй Радзімы неабходна на прыкладах гераізму і мужнасці воінаў Вялікай Айчыннай вайны.

Не мае прыкладу ў гісторыі войнаў аперацыя па фарсіраванні Дняпра, з якой звязаны пачатак вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Хутчэй воды Дняпра пацякуць назад, чым Чырвоная Армія пераадолее гэты водны рубеж” — такая ўпэўненасць фашысцкага камандавання была падмацавана каласальнай сеткай абарончых збудаванняў і моцай фашысцкай групоўкі войскаў. Яна была сканцэнтравана на правым беразе Дняпра для таго, каб спыніць пачатае наступленне нашай арміі.
Жорсткая сутычка закіпела на берагах адной з самых буйных рэк у Еўропе. Атакуючым савецкім войскам даводзілася адбіваць шматразовыя контратакі ворага. Па ўспамінах відавочцаў, Днепр быў чырвоным ад крыві. Дзякуючы гераізму і мужнасці чырвонаармейцаў, так званы фашысцкі Усходні вал быў узяты цаной жыццяў соцень тысяч савецкіх салдат і афіцэраў. Працягнулася выгнанне фашыстаў з нашай зямлі, а ў маі 1945 года прыйшла такая доўгачаканая і выпакутаваная Перамога. Бітве за Днепр прысвечаны ваенны музей у Лоеве.
Пры садзейнічанні школьнай і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” ажыццявіўся Зорны паход у Лоеў, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экскурсія “Бераг герояў”, праведзеная навуковымі супрацоўнікамі музея Бітвы за Днепр Наталляй Уладзіміраўнай Тарасенка і Аленай Уладзіміраўнай Шандрак, зрабіла незабыўнае ўражанне на педагогаў і вучняў 3-4 класаў дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля.
Падчас паходу навучэнцы наведалі музей і брацкае пахаванне ў цэнтры Лоева. Тут адбыўся імправізаваны мітынг і ўскладанне кветак да магіл савецкіх воінаў, у тым ліку Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі ў гады вайны на Лоеўскай зямлі. На адной з магіл брацкага пахавання выбіта імя Героя Савецкага Саюза Барыса Царыкава. Гэтае імя прысвоена піянерскай дружыне нашай 63-й школы. Пра яго несмяротны подзвіг навучэнцам расказалі экскурсаводы музея. Удзельнікі Зорнага паходу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць воінаў Чырвонай Арміі, падпольшчыкаў і партызан, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Пад кіраўніцтвам педагогаў Марыі Віктараўны Чуяшовай, Вольгі Віктараўны Радчук, Марыны Вячаславаўны Каламейцавай і экскурсаводаў хлопцы наведалі Алею герояў, адкрытую пляцоўку з тэхнікай часоў вайны, набярэжную і месца ўпадзення ракі Сож у Днепр. У старажытнасці тут стаяў Лоеўскі замак.
Музейныя работнікі рэдка дазваляюць чапаць экспанаты рукамі. Тым не менш нашым навучэнцам дазволілі дакрануцца да скульптурнай выявы маршала Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага, які камандаваў у гады вайны Цэнтральным, а пазней Беларускім фронтам; размясціцца на сродках фарсіравання Дняпра — лодцы і плыце і сфатаграфавацца з муляжамі кулямёта і мінамёта, якія знаходзяцца на іх. Захапленню дзяцей не было мяжы, калі ім (пасля адпаведнага інструктажу) дазволілі фатаграфавацца на фоне ваеннай тэхнікі: легендарнай “Кацюшы”, артылерыйскіх гармат, самаходных артылерыйскіх установак, катара і пантоннай пераправы. І, вядома ж, удзельнікі паходу сфатаграфаваліся на памяць каля скульптурнай выявы камандуючага 65-й арміяй Паўла Іванавіча Батава, войскі якой унеслі важкі ўклад у вызваленне Гомельшчыны.
Хочацца паўтарыць словы, пакінутыя прадстаўнікамі нашай дэлегацыі ў Кнізе ганаровых гасцей музея Бітвы за Днепр і адрасаваныя супрацоўнікам музея: “Дзякуй вам за вялікую і сур’ёзную працу ў справе выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах гераізму і мужнасці абаронцаў Радзімы!”
Неабходна адзначыць, што Зорны паход быў працягам цыкла экскурсійна-турыстычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца школай у рамках турландыі. Яны прысвечаны 70-годдзю вызвалення Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усяго ж за два месяцы 2013/2014 навучальнага года на рахунку нашай установы выхады па месцах баявой славы Гомеля, паход выхаднога дня на партызанскую крынічку, экскурсіі ў абласны музей ваеннай славы і музеі палацава-паркавага ансамбля. У перспектыве плануецца наведаць мемарыяльны комплекс у вёсцы Чырвоны Бераг, лінію абароны Гомеля ў 1941 годзе і іншыя аб’екты.

 

Аляксей ХАДОСКІН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дзіцячага сада —
пачатковай школы № 63 Гомеля.