Бацькоўскія ўрокі — першы крок у прафесійную будучыню

Яшчэ Канфуцый казаў: “Выберыце сабе работу па душы, і вам не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці”. Пытанні прафесійнага самавызначэння цяжкія, але рана ці позна кожнаму даводзіцца вырашаць іх. А як не памыліцца? Як зразумець, што менавіта гэта — справа ўсяго твайго жыцця?

Кожны дарослы ведае, як гэта хораша, калі раніцай з радасцю ідзеш на любімую працу, а ўвечары з радасцю вяртаешся дадому ў сям’ю. І такіх шчаслівых дарослых нямала. Гэта сведчанне таго, што ў свой час быў зроблены правільны выбар і прафесіі, і спадарожніка жыцця.

Цікавай і плённай формай арганізацыі прафарыентацыйнай работы з малодшымі школьнікамі ў сярэдняй школе № 13 Гомеля сталі “Бацькоўскія ўрокі”. Вучні з нецярпеннем чакаюць цікавых прафесійных гісторый бацькоў і вельмі ганарацца сваімі татамі і мамамі, якія прыходзяць у клас, расказваюць пра свае прафесіі, дзеляцца сакрэтамі поспеху.
Для бацькоў гэта таксама важна. Яны знаёмяцца з аднакласнікамі сваіх дзяцей, становяцца бліжэйшымі да настаўніка і пераконваюцца, што разам са школай сапраўды робяць адну агульную справу — вучаць дзяцей жыць цікава і з карысцю для іншых.

У гэтым навучальным годзе самымі актыўнымі сталі бацькі 2 “А” класа (класны кіраўнік Т.В.Леўчанка). Дзецям быў прапанаваны яркі калейдаскоп прафесій. У час сустрэчы з бацькам Уладзіслава Андрука малыя даведаліся пра работу інспектара ДАІ, папоўнілі свае веды аб правілах дарожнага руху.

Пра майстэрства рамесніка, прыватны бізнес і тое, як дзіцячая забава — гульня ў лялькі — стала прафесіяй, малыя даведаліся ад бацькоў Мікіты Панамарчука, тата якога — майстар па вырабе мэблі, а мама сваімі рукамі стварае калекцыйныя лялькі.

Урокі фінансавай дасведчанасці правяла для дзяцей мама Арсенія Кажамякіна, работнік банка. Школьнікі даведаліся пра асаблівасці работы з кліентамі, правілы карыстання банкаўскай карткай і інтэрнэт-банкінгам.
Яскравым і практыка-арыентаваным быў майстар-клас па здаровым ладзе жыцця, які правёў для школьнікаў тата Захара Янкова, інструктар па фітнесе. Пасля такога ўрока школьныя турнікі на спартыўнай пляцоўцы сталі самым папулярным месцам баўлення вольнага часу хлапчукоў.

Наперадзе шмат планаў, сустрэч з бацькамі розных прафесій, экскурсій на прадпрыемствы, актыўны ўдзел у акцыі “Адзін дзень водпуску — аднакласнікам майго дзіцяці”. Усё гэта дапамагае цікава жыць адной вялікай школьнай сям’ёй і смела глядзець у будучыню.

Марына ПЛЕСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Гомеля.