Батлейка прадстаўляе…

Трэці год у Турэцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Карэліцкага раёна працуе тэатральная студыя “Батлейка”.

Адраджаючы народнае мастацтва

Перш чым паказваць прадстаўленні, навучэнцы падрабязна вывучылі гісторыю ўзнікнення батлейкі, вызначылі для сябе, што беларускае тэатральнае мастацтва мае складаную і багатую гісторыю. Узніклае з народнай творчасці, яно на працягу ўсяго развіцця жывілася стражытнымі абрадамі, ігрышчамі, святамі, гульнямі, карагодамі. А самае галоўнае, што батлейка — гэта неацэнны сродак далучэння да дзедаўскай спадчыны, знаёмства з бібілейскімі легендамі і іх народнай інтэрпрэтацыяй.Сапраўдны знаўца фальклору, чалавек, які ўмее зацікавіць, захапіць навучэнцаў, настаўніца пачатковых класаў Алена Аляксандраўна Гунько правяла цыкл заняткаў па тэме “Гісторыя народнага тэатра “Батлейка”. Настаўніца ўмела накіроўвала работу вучняў, яны даведаліся аб тым, што беларускi народны тэатр батлейка з’яўляецца адным са старажытных відаў беларускага мастацтва. Назва “батлейка” (Bethleem) паходзiць ад горада Вiфлеема, дзе, паводле бiблейскай легенды, нарадзiўся Iсус Хрыстос. Пра сувязь паходжання батлейкi з бiблейскай тэмай сведчаць кананiчныя сюжэты пастаноўкi “Цар Iрад”. Іншыя варыянты назвы гэтага старажытнага тэатра — вяртэп (лялечнае прадстаўленне), батлеемка, астмейка цi жлоб.
А далей галоўным для дзетак стала стварэнне канструкцыйнай асновы батлейкі. Для лялечнага беларускага тэатра характэрны тыя ж элементы, што i для заходнееўрапейскага тэатра эпохi Сярэдневякоўя. Батлейка як жанр мастацтва сваiм рэпертуарам адлюстроўвае сацыяльныя i рэлiгiйныя працэсы, а таксама культурныя патрэбы людзей. Па-першае, гэта праяўляецца ў сцэнаграфii, таму што сярэдневяковыя мiстэрыi былi ўласцiвы для рэпертуару батлейкi. Па-другое, характэрнай асаблiвасцю рэпертуару батлейкi было тое, што ён падзяляўся на высокi жанр — рэлігійная тэматыка, i нiзкi — сатырычныя сцэнкі з народнага жыцця. У адпаведнасці з гэтым будавалася канструкцыйная аснова батлейкі — падзел скрынi на “неба” i “зямлю”: “рай” знаходзіўся з левага боку верхняга яруса, а “пекла” — з правага боку нiжняга.Работа ў батлеечным тэатры захапіла дзетак. Іх душа рвецца тварыць, адраджаць народнае мастацтва, захапляць ім навакольных. Як гаворыць Алена Аляксандраўна, сумленне педагога патрабуе тварыць самому дабро і вучыць дабру сваіх навучэнцаў.

Іскра дзіцячай душы

Батлеечны тэатр дапамагае навучэнцам развіваць акцёрскія, рэжысёрскія, драматургічныя, музычныя, мастацкія, дызайнерскія, архітэктурныя, мадэльерныя, шавецкія, літаратурныя здольнасці і шмат іншых. Гэта ўніверсальны эфектыўны сродак навучання і выхавання, нягледзячы на сваю старадаўнасць. У гэтым прычына таго, што прымаць удзел у пастаноўках батлейкі падабаецца навучэнцам рознага ўзросту. Нехта стварае эскізы касцюмаў, дзяўчынкі-старшакласніцы робяць выкрайкі для касцюмаў, хлопчыкі шчыруюць над стварэннем дэкарацый. Творчая група сумесна з Аленай Аляксандраўнай і музычным кіраўніком Людмілай Сяргееўнай Сас складаюць сцэнарыі. Створаны зборнік батлеечных прадстаўленняў на беларускай мове, якія расказваюць пра жыццё Ісуса Хрыста, пра гісторыю свят Пакровы, Каляды, Вялікдзень. Амаль увесь каляндарны цыкл рэлігійных свят знаходзіць сваё адлюстраванне ў праграме батлейкі. З цікавасцю і захапленнем слухаюць гледачы, як многа гадоў назад за гарамі, за лясамі з’явілася ў небе новая зорка. І здарылася гэта зімовым вечарам, калі нарадзіўся Ісус Хрыстос.А ў ніжнім ярусе хлопчыкі і дзяўчынкі паказваюць сцэны з жыцця беларускага сялянства. Цяплом матчынай хаты, непаўторнай радасцю свайго, спрадвечна беларускага, напаўняецца душа гледачоў, калі яны глядзяць інтэрмедыі, складзеныя на аснове падзей з жыцця беларусаў, калі разам з бабуляй Аленай сустракаюць валачобнікаў. Тут і жарты, і прыпеўкі, і народныя песні. Радасна назіраць, як ажываюць батлеечныя лялькі, зробленыя з дрэва і апранутыя ў касцюмы з розных тканін. Кожная лялька нясе індывідуальныя прыкметы персанажа: ёй надаюцца вострахарактарныя ці велічныя рысы.
Педагогі сапраўды ўмеюць цаніць своеасаблівую іскру, якую ўбачылі ў душах дзяцей. Дапамагаюць развіваць іх таленты, заахвочваюць добрым словам іх працу, падтрымліваюць іх творчую і дабрачынную дзейнасць маральна. Усе намаганні накіраваны дзеля сапраўднага — жыцця душы, а значыць, захавання дабрыні і любові.

Урокі дабрыні, якія вучаць дарыць цудоўнае людзям

Жыццё чалавека тады будзе сапраўдным, калі ён навучыцца дзяліцца цеплынёй сваёй душы з іншымі.
Удзельнікі тэатра “Батлейка” стараюцца паказваць сваё мастацтва навакольным, вучацца рабіць дабро, дарыць цудоўнае імгненне людзям. За час, што навучэнцы займаюцца ў тэатральнай студыі, яны неаднаразова выступалі з праграмай перад выхаванцамі дашкольных груп, перад жыхарамі аграгарадка Турца. Часта праводзяць сустрэчы з дзеткамі, якія часова жывуць у сацыяльным прытулку ў вёсцы Палужжа Карэліцкага раёна. Як кажуць мудрыя людзі, шчодрасць не столькі ў тым, каб даваць многа, колькі ў тым, каб даваць своечасова. Часам як маленькім, так і дарослым не хапае ўвагі, добрага слова. Адраджэнне лепшых традыцый міласэрнасці, выхаванне ў дзяцей пачуцця адказнасці, гуманнасці і гатоўнасці рабіць дабро — гэта таксама адна з асноўных задач педагогаў дадатковай адукацыі, кіраўнікоў тэатральнай студыі “Батлейка”. Хочацца, каб усім, хто дакранецца да творчасці маленькіх артыстаў, стала хораша на душы, як у цёплым куточку, светлым і добрым, як сонечны дзень.

Таццяна ГАРОХ,
намеснік дырэктарапа выхаваўчай рабоце
Турэцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Карэліцкага раёна.