Баль робатаў наведалі “Цмокі”

Многім вядома, што ў Мінску зараз праходзіць навукова-папулярная інтэрактыўная выстава “Баль робатаў — 2”. За тры тыдні яе наведалі ўжо каля васьмі тысяч чалавек. А нядаўна гасцямі гэтай незвычайнай выставы сталі гульцы баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”. Атлеты не толькі пазнаёміліся з робатамі, але з адным з іх — робатам Кукам — нават згулялі ў баскетбол.

Некаторыя баскетбалісты прыйшлі на выставу са сваімі дзецьмі, сюды ж падцягнуліся заўзятары каманды — і ўсе разам адправіліся знаёміцца з экспазіцыяй. Два дзясяткі робатаў з Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Японіі, Карэі, Расіі, Украіны і іншых краін дэманстравалі наведвальнікам тое, што многія бачылі толькі ў фантастычных фільмах. Яны гатавалі кактэйлі, малявалі карціны, чыталі вершы, гутарылі з людзьмі пра жыццё, гулялі з жадаючымі ў тэніс і баскетбол.Гасцям заставалася толькі дзівіцца дасягненням чалавечай думкі. Напрыклад, зроблены брытанскім канструктарам Сацыябот умее выдатна капіраваць міміку чалавека. На яго пластыкавым твары ёсць 24 мышцы, і калі робат бачыць мужчыну, яго твар становіцца мужчынскім, калі жанчыну — жаночым. Створаны для таго, каб узаемадзейнічаць з людзьмі, ён умее счытваць і капіраваць розныя чалавечыя эмоцыі. Услед за сваім візаві ён усміхаецца, падміргвае, хмурыцца…
Усе наведвальнікі выставы проста ўлюбіліся ў робата Барыса, які з’яўляецца вельмі цікавым суразмоўцам. Ён не проста разумны, эрудзіраваны, але і мае вельмі тонкую душэўную арганізацыю, добра адчувае настрой чалавека. А калі хтосьці акажацца недастаткова ветлівым, можа нават пакрыўдзіцца.
Баль робатаў — гэта сапраўдны трыумф штучнага інтэлекту, да якога можа прычыніцца кожны наведвальнік. Усё — у адкрытым доступе: з робатамі можна гуляць, размаўляць, фатаграфавацца.
Прамысловы робат Кука ўжо зарэкамендаваў сябе на розных высокатэхналагічных вытворчасцях свету. Аднойчы запраграмаваны, ён з вялікай дакладнасцю паўтарае неабходныя маніпуляцыі. Хібнасць складае сотыя долі міліметра. На мінскай выставе робат гуляе ў баскетбол. Ці трэба казаць, што трохачковыя кідкі ён робіць не проста бездакорна: мяч залятае ў кошык, нават не дакранаючыся да кольца.
Аднак гульцы каманды “Цмокі-Мінск” лёгка выйгралі ў Кукі. Нягледзячы на абсалютную дакладнасць кідкоў, робату ўсё ж такі бракуе хуткасці.
Зрэшты, баскетбалісты парадавалі заўзятараў не толькі паядынкам з Кукам, але і падарункамі — фірменнымі майкамі. Акрамя таго, адбыўся розыгрыш квіткоў на дамашні матч каманды “Цмокі-Мінск” супраць казахстанскай “Астаны”, што меў адбыцца на “Мінск-Арэне” літаральна назаўтра.
“Не заўсёды і не паўсюль можна ўжывую ўбачыць, як далёка пайшоў прагрэс, — дзяліліся ўражаннямі ад выставы баскетбалісты. — Вядома, гэта не самыя топавыя робаты, якія існуюць у свеце, але яны даю ць уяўленне пра тое, у якой фантастычнай рэальнасці мы жывём. А што тычыцца дзяцей, то гэта развівае іх фантазію, вучыць марыць, дае магчымасць убачыць арыенціры на будучыню”.
Трэба сказаць, што каманда “Цмокі-Мінск”, якая знайшла ў сваім шчыльным гульнявым графіку час на незвычайную сустрэчу з заўзятарамі і робатамі, перагуляла казахстанскую “Астану” і спыніла бязвыйгрышную серыю.
Сёння, 10 сакавіка, “Цмокі” згуляюць у Мінску з “Аўтадорам” (Саратаў). Асабіста мне хочацца думаць, што цяпер за іх хварэюць не толькі людзі, але і робат Кука.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.