“Бачыць дабро рукамі”

Менавіта пад такой назвай праходзіла акцыя ў гарадской гімназіі № 1 Магілёва. А пачыналася ўсё з таго, што ў 2011—2013 гадах нашымі педагогамі быў паспяхова рэалізаваны праект “Тактыльная рукатворная кніга як спецыфічны сродак для пашырэння пазнавальных магчымасцей навучэнцаў з парушэннямі зроку”. Упершыню ў Беларусі былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па вырабе тактыльных дапаможнікаў. Галоўны вынік праведзенай работы — з’яўленне паслядоўнікаў. У многіх гарадах Беларусі педагогі, валанцёры і бацькі ствараюць тактыльныя кніжкі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Напрыклад, педагогі гімназіі № 1 Магілёва праявілі ініцыятыву і зацікавілі сваіх навучэнцаў стварэннем такіх дапаможнікаў, якія дапамогуць равеснікам у пазнанні навакольнага свету. І вось з’явіўся новы праект, які працягваўся каля года. Асноўнымі натхняльнікамі і кіраўнікамі дабрачыннай акцыі сталі Святлана Віктараўна Благаслаўская, Ірына Рамуальдаўна Кожан і навучэнка цяпер ужо 5 класа Мілана Марковіч. Поўным душэўнай цеплыні стаў канцэрт-прэзентацыя праекта “Бачыць дабро рукамі”. Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы пачатковых класаў разам з бацькамі вырабілі каля 20 розных тактыльных дапаможнікаў для дзяцей з парушэннямі зроку. Да кожнага выдання складзены і прыгожа аформлены анатацыі.

Навучэнцы і педагогі Шклоўскай школы-інтэрната выступілі ў ролі экспертаў і змаглі пратэсціраваць развіццёвыя дапаможнікі і тактыльныя кнігі. З асаблівай удзяч-насцю хочацца адзначыць рукатворную кнігу, складзеную паводле апавядання “Машанька” на праваслаўную тэму.

Акрамя таго, прысутных вельмі ўразіла вытупленне ў сумесным канцэрце-прэзентацыі навучэнцаў гімназіі і нашых выхаванцаў Ганны Калодкінай і Мікіты Калакольчыкава, а таксама фільм пра школу-інтэрнат.

Вынікам мерапрыемства стала ўручэнне навучэнцам школы-інтэрната рукатворных дапаможнікаў, у кожны з якіх укладзена часцінка душы і сардэчнасці цудоўных педагогаў, дзяцей і іх бацькоў.

Гульнара МІРОНАВА,
настаўнік-дэфектолаг Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай
школы-інтэрната для дзяцей
з парушэннямі зроку.