Ажываюць памяці старонкі

З ранняга дзяцінства і да глыбокай старасці кожны чалавек кроўна звязаны са сваёй Радзімай. Яе шлях і лёс — гэта шлях і лёс кожнага з нас. Усё сваё жыццё мы пазнаём і адкрываем для сябе таямнічыя і непарушныя сувязі з Бацькаўшчынай, землякамі. Багатая на падзеі гісторыя вёсак, што знаходзяцца на тэрыторыі Крапівенскага сельскага савета, — Крапіўна, Савішчана, Згарда, Рымкі, Барадуліна, Гразіўка, Гацькаўшчына — сягае сваімі каранямі ў далёкае мінулае. Прадметы даўніны, памятныя знакі, лісты, амаль забытыя факты з жыцця нашых землякоў нясуць праз стагоддзі немалаважныя звесткі пра лёс продкаў. Многія з гэтых артэфактаў занялі адметнае, ганаровае месца ў школьным музеі Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.

Музей расчыніў свае дзверы перад наведвальнікамі 22 лютага 1989 года. Яго адкрыццё стала значнай падзеяй у жыцці школы. А папярэднічала ёй працяглая і паслядоўная пошукавая работа настаўнікаў і навучэнцаў, распачаў якую яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя былы дырэктар школы П.З.Мінчанка. Цікавы матэрыял па гісторыі стварэння калгаса на тэрыторыі Крапівенскага сельскага савета сабраў былы настаўнік гісторыі І.П.Юрчанка; фатаграфіі, дакументы пра мінулае вёсак і школы прыносілі з дому педагогі і вяскоўцы. Да вялікай, карпатлівай работы далучыліся і наступныя пакаленні педагогаў-краязнаўцаў: А.Е.Шынкевіч, В.В.Шынкевіч, Л.В.Шарай, П.Н.Шарай, Н.І.Шынкевіч. Настаўнікі разам з вучнямі сабралі значны гістарычны матэрыял: знойдзены зуб маманта, старажытная дзіда, бярдыш, мноства прадметаў побыту мінулых часоў — гэтыя гістарычныя артэфакты захоўваліся ў хатах аднавяскоўцаў. Выставачная прастора школьнага музея арганізавана з улікам гістарычных падзей, якія былі значнымі і для навакольных вёсак. У экспазіцыю таксама ўвайшлі гербарый з найбольш распаўсюджаных раслін, што растуць на тэрыторыі Крапівенскага сельсавета, куток беларускай “хатачкі”, прылады працы і нацыянальнае адзенне. Асобныя экспазіцыі былі прысвечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі, гісторыі стварэння мясцовага калгаса “Прамень сацыялізму”, падзеям Вялікай Айчыннай вайны, працоўным дасягненням землякоў.
У 2013 годзе па ініцыятыве дырэктара школы Т.А.Аланцьевай стартаваў праект музейнай пошукава-даследчай работы “Памяць”. Творчая група педагогаў ставіла за мэту не толькі сабраць, вывучыць і сістэматызаваць звесткі і артэфакты мінулага Радзімы, але і арганізаваць прэзентацыйную работу па папулярызацыі яе гісторыі, каб школьны музей стаў інструментам выхаваўчай работы, па-сапраўднаму ўнікальнай сацыякультурнай з’явай для жыхароў навакольных вёсак і ўсіх, каму дарагія і важныя гістарычнае мінулае і памяць продкаў. Трэба адзначыць, што задачы перад педагогамі нашай школы стаялі няпростыя, а самай галоўнай з іх, несумненна, было прыцягнуць навучэнцаў да пошукава-даследчай дзейнасці, выхаваць неабыякавых, адданых сваёй Радзіме грамадзян Беларусі. Таму, акрамя традыцыйных, мы выбралі такія формы работы, як пошукавая работа ў папулярных сацыяльных сетках, вывучэнне матэрыялаў і запыты на тэматычныя сайты, збор матэрыялу праз індывідуальныя старонкі інтэрнэт-карыстальнікаў, вывучэнне звестак, размешчаных на афіцыйных сайтах, прыцягненне да супрацоўніцтва розных арганізацый праз інтэрнэт-камунікацыю.
Праект “Памяць” разлічаны на 5 гадоў. Першыя крокі па яго рэалізацыі пераканаўча паказалі, што мы на правільным шляху: задуманая работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні праз развіццё музейнай справы ў сярэдняй школе дае выдатныя вынікі. Напрыклад, у 2013/2014 навучальным годзе быў праведзены комплекс пошукава-даследчых мерапрыемстваў па адшукванні месца, дзе загінуў наш зямляк воін-вызваліцель Г.Н.Бобрык. Да работы былі далучаны байцы расійскага пошукавага атрада “Прарыў” пад кіраўніцтвам камандзіра А.Новікава, масквічка І.М.Воранава, сваячка земляка, Аршанскі вайсковы камісарыят, архіў, Крапівенскі сельвыканкам, сваякі Г.Н.Бобрыка, мясцовыя старажылы. Вынікам работы стала ганаровае перапахаванне астанкаў героя і стварэнне тэматычнай імянной экспазіцыі школьнага музея ў раздзеле “Вялікая Айчынная вайна”. Сур’ёзная работа ў рамках праекта “Памяць” была зроблена і па даследаванні гераічнага мінулага воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія вучыліся ў нашай школе. Імёны Н.В.Махначова, Ю.У.Лабацэвіча, А.Е.Шавялёва, В.М.Каткоўскага, А.У.Сказецкага, У.М.Даміканава назаўсёды засталіся на старонках летапісу славы школьнага краязнаўчага музея. Асаблівую цікавасць выклікала асоба і лёс Уладзіміра Даміканава. Нягледзячы на тое, што ён скончыў іншую школу, мы разумелі, што самыя лепшыя рысы характару героя — адвага, адказнасць за таварышаў, пачуццё ўзаемадапамогі — фарміраваліся з самага дзяцінства. А значыць, мясцовасць, у якой нарадзіўся і вырас герой, школа, у якой вучыўся доўгія і шчаслівыя 8 гадоў, несумненна, зрабілі самы вялікі ўплыў на фарміраванне яго светапогляду і характару. Сугучна тэме нашай даследчай работы ў раёне праходзілі акцыі па ўшанаванні памяці герояў Афганскай вайны па ініцыятыве Аршанскай арганізацыі АТ “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Мы з энтузіязмам далучыліся да памятных мерапрыемстваў. Каардынатар нашай даследчай групы Т.А.Аланцьева аператыўна звязалася са старшынёй Аршанскай арганізацыі АТ “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” В.М.Кузьмянковым і расказала аб гераічным учынку Уладзіміра Даміканава, які закрыў сабой аднапалчан падчас абстрэлу ў гарах. Подзвіг быў пасмяротна адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Аргументаваныя довады дырэктара знайшлі водгук, і ў памяць нашага былога вучня-героя была выраблена памятная таблічка, урачыстае адкрыццё якой адбылося падчас абласнога аўтапрабегу “Мы ўсе перад імі ў абавязку”, прысвечаным 25-годдзю вываду войск з Афганістана і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Важна адзначыць, што педагогі і вучні не спыніліся на дасягнутым. Так, за мінулы навучальны год членамі творчай групы быў створаны вершаваны экскурсійны маршрут па Крапівенскай школе. Мы ўдзельнічалі ў фестывалі ідэй, што праводзіцца аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага раённага выканаўчага камітэта, прычым даклад і прэзентацыя аб арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў нашай школе атрымалі высокую ацэнку. Натхнёныя першымі поспехамі і знаходкамі, мы з энтузіязмам працягваем сумесную работу. У завяршэнне хочацца адзначыць: ёсць падзеі, над якімі не ўладны час, яны застануцца ў памяці народнай назаўсёды, і задача ўдзячных нашчадкаў, а найперш педагогаў і нашых выхаванцаў — захоўваць гэтую святую памяць.

Наталля МАРОЗАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.