Авацыі для “Авацыі”

Афіцыйнай датай пачатку дзейнасці гуртка школьнага тэатра на англійскай мове “Авацыя” ў гімназіі № 61 Мінска лічыцца 1 верасня 2012 года. Аднак у рэчаіснасці работа па развіцці крэатыўных здольнасцей навучэнцаў гімназіі пачалася трыма гадамі раней, калі мне было даручана падрыхтаваць каманду навучэнцаў да Мінскага міжнарожнага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму”. Гэта стала пачаткам стварэння нашага тэатра.

Удзел у конкурсе прадугледжваў кіраўніцтва не толькі напісаннем сцэнарыя выступлення на загадзя прапанаваную тэму, але і вырабам касцюмаў, дэкарацый, арганізацыю рэпетыцый выступлення. Яшчэ адной маёй задачай як трэнера каманды “Палярная зорка” была падрыхтоўка дзяцей да так званага спантаннага конкурсу, падчас якога ім трэба было прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, нестандартнае мысленне і рэакцыю.
Педагогі, якія калі-небудзь займаліся такога роду дзейнасцю, ведаюць, што ўзровень падрыхтоўкі каманд, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, настолькі высокі, што аднаго імкнення да перамогі ў ім недастаткова. Неабходна спачатку пранікнуцца яго духам і дакладна разумець і выконваць усе патрабаванні, якія прад’яўляюцца да конкурснага выступлення, пачынаючы ад яго бюджэту і заканчваючы строгім прытрымліваннем рэгламенту.Падчас падрыхтоўкі навучэнцаў да конкурсу я выразна ўсвядоміла, што тэатральная дзейнасць на замежнай мове дазволіць мне як педагогу вырашаць шэраг задач вучэбнага і выхаваўчага характару. Па-першае, як гаварылася вышэй, развіваць у дзяцей крэатыўнасць і артыстызм. Па-другое, развіваць і ўдасканальваць камунікатыўныя ўменні і навыкі навучэнцаў, стымуляваць іх пазнавальную актыўнасць і матываваць да вывучэння англійскай мовы. Па-трэцяе, тэатральная дзейнасць спрыяе фарміраванню ў дзяцей кампетэнтнаснай каманднай работы, умення ўзаемадзейнічаць у групе для вырашэння агульных задач, умення весці дыялог і дыскусію, выслухоўваць чужое меркаванне і абараняць свае пазіцыі. Апошняе, на мой погляд, адыгрывае вельмі важную ролю ў наступнай сацыялізацыі і адаптацыі дзяцей ва ўмовах грамадства, якое дынамічна развіваецца.
Наступным крокам на шляху стварэння ўласнай сістэмы работы стала выкарыстанне прыёмаў драматызацыі на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Як паказвае вопыт работы, шэраг прыёмаў пастаноўкі сцэнічнай мовы дазваляе вырашыць праблемы, звязаныя з вымаўленчымі асаблівасцямі ў дзяцей з фанематычнымі парушэннямі маўлення. У прыватнасці, навучэнцы з лагапедычнымі праблемамі, такімі як няправільнае вымаўленне аднаго або некалькіх асобных гукаў, праблемы ўспрымання вуснай мовы на слых, заіканне, лягчэй пераадольваюць цяжкасці моўных зносін пры чытанні і развучванні тэксту нараспеў і з прыёмамі рухальнай актыўнасці.
Назіраючы за тым, з якім задавальненнем і азартам мае вучні разыгрываюць самыя простыя камунікатыўныя сітуацыі на вучэбных занятках, я праніклася ідэяй стварэння гуртка тэатральнай накіраванасці на англійскай мове. Ідэя была рэалізавана ў 2012 годзе. 6 маіх вучняў, якія вучыліся ў 4 класе, выказалі жаданне наведваць заняткі гуртка, які атрымаў назву “Авацыя”. Гэтая ідэя таксама знайшла гарачую падтрымку ў бацькоў навучэнцаў, якія заўсёды аказваюць мне неацэнную дапамогу ў вырабе сцэнічных касцюмаў, дэкарацый, падрыхтоўцы музычнага суправаджэння спектакляў і нават у правядзенні рэпетыцый.
За час работы колькасць удзельнікаў “Авацыі” павялічылася з 6 да 30 чалавек. За гэты час было пастаўлена 13 спектакляў, некалькі міні-спектакляў, з якімі дзеці выступаюць на розных конкурсах і фестывалях. Ні з аднаго з конкурсаў, у якіх удзельнічаў калектыў, ён не вяртаўся без узнагарод.
Гэтае лета таксама стала для тэатра плённым і было адзначана перамогай на Міжнародным фестывалі крэатыўнасці “Grand Festival” (“Гранд фестываль”) у Пезара (Італія). Арганізатарам фестывалю сталі кампанія “Хваля ідэй” і мэрыя Пезара. У чэрвені 2015 года фестываль сабраў больш як 2000 дзяцей — удзельнікаў з 6 краін. Беларусь, Расія, Італія, Аўстрыя, Літва і Латвія былі прадстаўлены 150 творчымі калектывамі ў розных катэгорыях. Конкурсная праграма праходзіла на прафесійнай канцэртнай пляцоўцы з цудоўнай акустыкай, абсталяванай унутры замка XVIII стагоддзя, які выдатна захаваўся.
Удзельнікі калектыву “Авацыя” выступалі як роўныя з прафесійнымі тэатральнымі калектывамі і сталі лаўрэатамі ІІ ступені. На конкурсе імі была прадстаўлена аўтарская версія экалагічнага спектакля на англійскай мове “Dinostory” (“Гісторыя дыназаўраў”). У спектаклі не толькі глыбока закрануты экалагічныя праблемы сучаснага свету, але і паказана тонкая мяжа паміж гібеллю дыназаўраў і праблемай глабальнага пацяплення. Спектакль быў прадстаўлены ў форме павучальнай сучаснай казкі на англійскай мове для дарослых і дзяцей з танцамі і песнямі. Трагічная версія гібелі дыназаўраў была прадстаўлена тэатрам ценяў. Асаблівай увагі заслугоўвае тое, што на сцэне былі задзейнічаны адразу 25 акцёраў. Пры гэтым мова і ігра кожнага вызначалася выразнасцю, пачуццём партнёрства і зладжанасці. Яркае выступленне юных артыстаў, дынамічнасць спектакля, маляўнічыя дэкарацыі і прыгожае музычнае суправаджэнне зрабілі незабыўнае ўражанне на суддзяў і шматлікіх гледачоў.
Перамога ў фестывалі асабліва прыемная, таму што дзеці сумясцілі ўдзел у ім з адпачынкам на беразе Адрыятычнага мора, убачылі гістарычныя і культурныя славутасці Італіі, наведалі Венецыю, Рыміні і Сан-Марына.
Гэта не адзіная перамога калектыву “Авацыя” ў 2015 годзе. Вясной на Міжнародным конкурсе-фестывалі “Скрыжаванні”, які праводзіўся ў Мінску, са спектаклем “Bremen Musicians” (“Брэменскія музыканты”) ён стаў лаўрэатам І ступені. У снежні 2014 года ў Юрмале (Латвія) спектакль “Christmas in Bremen” (“Каляды ў Брэмене”) быў удастоены дыплома лаўрэата ІІ ступені.
Акрамя падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсах і фестывалях тэатральных калектываў, дзеці з гуртка “Авацыя” штогод выступаюць перад педагогамі, навучэнцамі гімназіі і іх бацькамі. Гэта спрыяе папулярызацыі гуртка. Так, у 2015/2016 навучальным годзе запланаваны набор групы для навучэнцаў пачатковых класаў.
Мае вучні з’яўляюцца для мяне невычэрпнай крыніцай натхнення, стымулююць творчую актыўнасць. Мы знаходзімся ў пастаянным сумесным пошуку новых форм тэатральнай дзейнасці. Так, у 2014/2015 навучальным годзе ў гімназіі быў праведзены конкурс тэатральнай імправізацыі, у якім прынялі самы актыўны ўдзел члены калектыву “Авацыя”. Гэтая вучнёўска-педагагічная ініцыятыва, на мой погляд, мае ўсе перадумовы да таго, каб зацікавіць педагогаў і навучэнцаў іншых устаноў адукацыі Мінска.

Нэлі БАБАК,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 61 Мінска.