Асобасны сэнс пазакласнай работы

Вывучэнне замежнай мовы прызначана сфарміраваць асобу, якая здольна і жадае ўдзельнічаць у міжкультурнай камунікацыі. Але такую асобу немагчыма фарміраваць без ведаў пра сацыякультурныя асаблівасці краіны мовы, якая вывучаецца.

Фарміраванне сацыякультурнай кампетэнцыі непарыўна звязана з асноўнымі мэтамі адукацыі: практычнай, развіццёвай і выхаваўчай. Выхаванне моўнай асобы ў сацыякультурным аспекце адбываецца непасрэдна на ўроку, у вучэбнай дзейнасці, у навукова-практычнай, навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, у розных формах пазаўрочнай дзейнасці.
Выхаваўчая задача найбольш значная, бо ад яе вырашэння залежыць фарміраванне ў сучасным маладым чалавеку пачуцця патрыятызму і пачуцця інтэрнацыяналізму. Мы вывучаем і параўноўваем моўныя з’явы, звычаі, традыцыі, мастацтва, лад жыцця народаў.
Пазакласная работа па замежнай мове дазваляе ініцыіраваць творчую дзейнасць навучэнцаў па засваенні іншамоўнай культуры ў форме, найбольш адэкватнай патрэбам і інтарэсам, узроставым і індывідуальным асаблівасцям навучэнцаў. Яна здольна надаць асобасны сэнс пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, бо арганізавана ў выглядзе эстафет, гульняў-падарожжаў, свят, драматызацый спаборніцкага характару, яна выклікае моцныя эмацыянальныя перажыванні.
Асобна спынюся на тыдні замежных моў. Апошні ў нашай школе праходзіў пад дэвізам “Learn foreign languages!”. Кожны дзень меў сваю тэматыку.
У першы дзень была арганізавана выстава творчых міні-праектаў навучэнцаў пра сям’ю, пра школу, пра ежу, спорт, здаровы лад жыцця, пра канікулы.
Другі дзень быў прысвечаны традыцыям Вялікабрытаніі і Германіі. На ўроках дзеці “падарожнічалі” ў краіны моў, якія вывучаюцца, “хадзілі на пікнік”, “адпраўляліся ў паход па джунглях”, адказвалі на пытанні віктарыны “Who knows more about English holidays?”, удзельнічалі ў моўных гульнях.
Трэці дзень быў прысвечаны англійскай літаратуры: завочнае “Падарожжа з Гары Потэрам”, літаратурныя чытанні “У.Шэкспір — вялікі паэт і драматург”, “Творчасць Р.Бёрнса”.
Чацвёрты дзень быў прадстаўлены школьным фестывалем “Speak! Sing! Act!”. У гэты дзень школьнікі дэманстравалі свае ўменні і таленты на замежных мовах.
Навучэнцы пачатковых класаў праявілі вялікае жаданне ўдзельнічаць у фестывалі. Яны выканалі песні і вершы на англійскай мове.
Актыўны ўдзел у фестывалі прынялі навучэнцы 7 класа. Яны выканалі песні: “London Bridge is falling down” і “Greensleeves”, расказалі вершы: “This is the house that Jack built” і “A dinosaur”.
Улада Бучко, Настасся Буланчыкава, Вераніка Пузака падрыхтавалі праект “Our pets”. Яўген Бекетаў расказаў пра свае заняткі спортам.
Добра выступілі і навучэнцы 8 класа. Яны чыталі вершы нацыянальнага паэта Шатландыі Р.Бёрнса “My heart’s in the Highlands”, “A red, red rose…”, паказалі інсцэніроўку “Red Riding Hood”. Асабліва актыўнымі ўдзельнікамі былі Марыя Матусевіч і Аляксандра Кліменка. Яны таксама прадставілі мультымедыйную прэзентацыю “My school”.
Не пакінулі абыякавамі слухачоў песні “Chandelier” і “Skin” у выкананні навучэнак Яны Андрэевай і Алёны Хуцкай.
У пятніцу і суботу ўсе “жыхары” школьнай “краіны” акунуліся ў свет пачуццяў, любові. У гэты дзень школа выглядала незвычайна і святочна.
У школе склалася пэўнае кола пазакласных мерапрыемстваў па замежных мовах. Традыцыйна праводзіцца тыдзень замежных моў. Асноўныя мерапрыемствы — Дзень Святога Валянціна, школьны фестываль “Speak! Sing! Act!” — не мяняюцца, мяняюцца толькі складнікі.

Ларыса ДАВЫДЗЁНАК,
настаўніца англійскай мовы Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.