Арыенцір бяспекі

Мала хто ведае, што гісторыя святлоадбівальнага элемента, або ўсім нам вядомага флікера, пачалася ў 1934 годзе ў Англіі. Дарожны рабочы з Нотынгема Персі Шоу звярнуў увагу на тое, як святло фар адбіваецца ў каціных вачах, і стварыў першы катафот “Кацінае вока”. За сваю вынаходку Персі Шоу быў удастоены ордэна Брытанскай імперыі.

Флікер хутка ўвайшоў у наша жыццё, ужо не прыходзіцца тлумачыць, навошта трэба абазначаць сябе на дарозе ў цёмны час сутак святлоадбівальнікам. Нават першакласнік ведае, што флікер трэба прымацаваць да рукзака і да адзення. Святлоадбівальныя элементы беларускай вытворчасці можна лёгка знайсці ў любым магазіне краіны: нарукаўныя павязкі, бранзалеты, якія самі фіксуюцца, падвескі, значкі. Асноўным вытворцам гэтай прадукцыі з’яўляюцца прадпрыемствы ААТ “Стужка” ў Магілёве і “Белпрамэнергія” ў Мінску.
Дзяржава клапоціцца пра нашу бяспеку. Відавочна, што праблем з наяўнасцю святлоадбівальнага элемента ў кожнага школьніка быць не павінна. Ці так гэта?Падчас чарговага вучнёўскага патруля па праверцы флікераў у сярэдняй школе № 34 Магілёва было праведзена апытанне, падчас якога выявіліся праблемы. Флікеры аказаліся не ва ўсіх навучэнцаў, прычыны прыводзіліся заўсёды адны і тыя ж: згубіў, забыў перанесці з аднаго адзення на іншае, не заўважыў, як флікер адмацаваўся. Настаўнікі стаміліся нагадваць, бацькі — чарговы раз купляць.
У нас узнікла ідэя даследчай работы “Флікер — арыенцір бяспекі”. У гэтай рабоце вучань 5 класа Міраслаў Міхневіч разгледзеў патрабаванні СТБ Рэспублікі Беларусь і рэкамендацыі Дзяржаўтаінспекцыі да святлоадбівальных элементаў і выставіў гіпотэзу, што флікер, які адпавядае ўсім патрабаванням, можна зрабіць сваімі рукамі. Міраслаў таксама разлічыў эканамічную выгаду флікера, вырабленага сваімі рукамі.
Падчас даследавання мы высветлілі, што флікер павінен быць выраблены з матэрыялаў, якія валодаюць высокай святлоадбівальнай здольнасцю, яго плошча павінна складаць не менш за 12 см2, важным з’яўляецца колер — лімонны або белы. Міраслаў пры выбары матэрыялу для свайго вырабу спыніўся на святлоадбівальнай плёнцы для абазначэння габарытаў велікагрузнага транспарту. Выразаўшы з кардону шаблоны, вельмі лёгка зрабіць святлоадбівальную двухбаковую падвеску.
“Кожнае дзіця павінна мець не менш за чатыры флікеры для абазначэння сябе справа і злева, таксама рэкамендуецца размясціць флікер на рукзаку ззаду. Менавіта таму мы прапаноўваем зрабіць флікер сваімі рукамі. Яго кошт складае 3500 рублёў. Гэта вельмі эканамічны варыянт. Калі ты штосьці робіш сам, то хочацца гэта зберагчы. Флікер, зроблены сваімі рукамі, — добры аксесуар, падарунак сябру”, — расказвае Міраслаў пра сваю работу.
Флікер прайшоў экспертную ацэнку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, з іх дапамогай праведзена выпрабаванне доследных узораў. Флікер добра відаць у святле фар транспарту, які набліжаецца, на адлегласці да 140 метраў. Гэта вельмі добры вынік, тым больш што па-за населеным пунктам і пры асвятленні далёкім святлом фар вынік будзе вышэйшым.
Выдатным фіналам гэтай работы стала сацыяльная маладзёжная акцыя “Простае рашэнне”. Зрабіць флікер самому або разам з сябрамі? Адказ відавочны. З поспехам па школе прайшлі майстар-класы па вырабе флікераў. Усяго было выраблена 132 вясёлыя святловяртальныя падвескі. Актывісты БРСМ і БРПА раздавалі флікеры навучэнцам пачатковай школы, пры гэтым яшчэ раз нагадвалі пра бяспеку на дарозе.

Аксана ВІНЦАРЭВІЧ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 34 Магілёва.