Апладысменты бабулям!

Напярэдадні Дня жанчын Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі ў сваіх сценах вітаў самых галоўных жанчын — тых, якія маюць ганаровае званне бабуль. Пяць самых актыўных бабуль — супрацоўніц палаца і тых, чые ўнукі тут займаюцца, упершыню атрымалі магчымасць прыняць удзел у конкурснай праграме “Супербабуля”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і сектар арганізацыі вольнага часу МДПДіМ.

“Гэта наша першае мерапрыемства ў такім фармаце, — гаворыць Яўгенія Васільеўна Бартош, загадчык сектара МДПДіМ. — Асноўная яго мэта — у самы галоўны для кожнай жанчыны дзень згуртаваць сям’ю, яшчэ раз выказаць словы падзякі, любові і пяшчоты жанчынам, якія вельмі многа часу праводзяць у нашым палацы. Бабулі вельмі актыўныя, лёгка сумяшчаюць ролю сучаснай паспяховай жанчыны і ролю гаспадыні, любіміцы сям’і. Яны і ўнукаў найлепш пачастуюць, падрыхтуюць для іх падарункі і ў той жа час працягваюць працаваць, самаўдасканальвацца”.
Каб атрымаць гучны тытул, бабулям прыйшлося пазмагацца за запаветныя балы ад журы ў пяці конкурсных выпрабаваннях. Першы — майстар-клас — на самыя ўмелыя рукі. Тут канкурсанткі прадставілі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Падчас візітовак гледачы ўбачылі і тэатральныя пастаноўкі, і нават кіно. Былі і сюрпрызы: у самай маладой бабулі Людмілы Георгіеўны Пракаповіч аказалася самая вялікая сям’я — ажно 13 чалавек: яе муж, трое дзяцей, іх мужы і жонкі і ажно пяцёра ўнукаў!
Падчас конкурсу-экспромта “Тлумачалкі” трэба было адгадаць, пра што гаварылі дзеці з экрана. І хоць часам складана зразумець, што танцы, падчас якіх “ламаюцца пальцы на нагах”, — гэта балет; стан чалавека, пры якім “і ногі цэлыя і зубоў хапае”, — здароўе, а “аднолькавыя маміны падарункі для таты, якія не хочуць есці сабачы корм”, — гэта блізняты, усім бабулям удалося справіцца з задачай. Відаць па ўсім: навыкі зносін з уласнымі ўнукамі даюць плён.
Падчас кулінарнага конкурсу “Фірменная страва”, якую ўдзельніцы мерапрыемства загадзя прыгатавалі, стала відавочным, хто ў іх сем’ях адказвае за харчаванне. Канкурсанткі прапанавалі паспытаць любімыя стравы сваіх дамачадцаў: пірожныя, фаршыраваную рыбу, саленні — і раскрылі сакрэты іх прыгавання. Ды і падача арыгінальная, калі торт — дык у выглядзе вожыка, калі блінцы — дык пад гармонік і з прыпеўкамі!
Падчас “Мінуты славы” канкурсанткі змагаліся ў вакальным майстэрстве. Самым яркім, арыгінальным выступленнем стала пародыя Ніны Аляксандраўны Кузьміцкай на Верку Сярдзючку. Дапамагалі ёй падрыхтаваць нумар удзельнікі клуба “У гасцях у бабуль” Кастрычніцкага раёна Мінска. Дарэчы, сама Ніна Аляксандраўна — старшыня гэтага клуба і завадатарка для самых актыўных бабуль раёна.
Павіншавала ўдзельніц святочнай праграмы, выказала словы шчырай любові і пяшчоты прысутным жанчынам дырэктар МДПДіМ Галіна Леанідаўна Шкляр: “Сённяшнае свята дало адлік заснаванай намі традыцыі правядзення конкурсу “Супербабуля”. Бабуля — душа любой сям’і, захавальніца сямейнага ачага і сямейнага камфорту і, канечне, лепшая выхавальніца сваіх унукаў”.
У фінале праграмы кожная канкурсантка атрымала званне ў намінацыі па сваіх талентах. Так, званне “Самая арыгінальная бабуля” атрымала Ніна Аляксандраўна Кузьміцкая, самай абаяльнай бабуляй стала Таццяна Іванаўна Новікава, самай таленавітай аказалася Таццяна Антонаўна Бабенка. Людміла Георгіеўна Пракаповіч атрымала адразу дзве ўзнагароды: перамогу ў намінацыі “Самая артыстыстычная бабуля” і “Прыз глядацкіх сімпатый”. Галоўнай узнагароды — званне “Супербабуля — 2014” — удастоена Алена Сцяпанаўна Мартынава. Усе жанчыны атрымалі каштоўныя прызы і ўзнагароды. А яшчэ больш прыемных эмоцый і святочнага настрою ім і ўсім прысутным падарылі выступленні лепшых творчых дзіцячых калектываў палаца.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.