Алімпіядны шлях бацькоў і педагогаў

Перамогі на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах — гэта не толькі вынік штодзённай карпатлівай працы навучэнца і педагога, але і, безумоўна, заслуга бацькоў, разуменне і пастаянная падтрымка якіх дапамагаюць дзецям упэўнена рухацца па алімпіядным шляху. Таму ў перыяд падрыхтоўкі да заключнага, самага складанага і адказнага этапу рэспубліканскай алімпіяды важнай задачай з’яўляецца забеспячэнне саюзу сям’і і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў інтарэсах развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу асобы навучэнца, захавання яго фізічнага і псіхалагічнага здароўя.

На базе Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 адбыўся гарадскі бацькоўскі сход. На сход былі запрошаны бацькі навучэнцаў, якія сталі пераможцамі трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і ўключаных у склад абласной каманды, а таксама бацькі навучэнцаў 9 класаў, якія з’яўляюцца перспектыўным рэзервам каманды. У мерапрыемствах прынялі ўдзел намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама, начальнік і спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Гомеля, кіраўнікі і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада. Ініцыятарам правядзення такога маштабнага форуму выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Бацькі навучэнцаў, трэнеры, педагогі сабраліся для таго, каб яшчэ раз парадавацца высокім дасягненням сваіх дзяцей і, галоўнае, абмеркаваць наяўныя праблемы, знайсці аптымальныя спосабы сумеснага іх вырашэння.

Сход адкрыла намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аксана Канстанцінаўна Рудзянок, якая звярнулася да бацькоў са словамі віншавання і падзякі за выхаванне юных інтэлектуальных дараванняў нашага горада. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Ганна Васільеўна Мельнікава ўручыла бацькам падзячныя лісты, адзначыўшы, што поспех дзіцяці, несумненна, звязаны з клопатам, увагай і ўдзелам самых блізкіх людзей — бацькоў. Прысутных павітала таксама Нона Гурамаўна Дубініна, дырэктар сярэдняй школы № 8 Гомеля.

З адказным словам выступілі бацькі навучэнцаў: Наталля Васільеўна Заўтрыкава, мама пераможцы Абласнога этапу алімпіяды па рускай мове і літаратуры Паліны Заўтрыкавай (гімназія № 58 Гомеля); Алена Ульянаўна Дарашкевіч, мама пераможцы Абласнога этапу алімпіяды па біялогіі Ганны Дарашкевіч (гімназія № 56 Гомеля); Ігар Васільевіч Новік, бацька пераможцы Абласнога этапу алімпіяды па фізіцы Пятра Новіка (Гомельскі гарадскі ліцэй № 1). Сваім сакрэтам паспяховасці ў алімпіядным руху падзялілася выпускніца гімназіі № 56 Гомеля Ганна Паруль, бронзавы прызёр Міжнароднай алімпіяды па астраноміі 2013 года.
Чаму рэспубліканская алімпіяда з’яўляецца самым папулярным інтэлектуальным спаборніцтвам сярод навучэнскай моладзі краіны, ці варта працягваць удзел у алімпіядах у 10 класе, якія галоўныя элементы выніковага ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе — гэтыя пытанні сталі прадметам зацікаўленай размовы за круглым сталом бацькоў навучэнцаў 9-х класаў і прадстаўнікоў Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 — намеснікаў дырэктара Ірыны Мікалаеўны Акуленка і Зоі Васільеўны Пашковай, педагога-псіхолага Наталлі Уладзіміраўны Грамыка. Бацькі змаглі азнаёміцца з сістэмай работы з адоранымі навучэнцамі і асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу ў нашай установе. Гасцям таксама была прапанавана экскурсія ў мадэрнізаваныя, аснашчаныя сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання кабінеты матэматыкі, фізікі, біялогіі і хіміі, дзе яны сустрэліся з настаўнікамі ліцэя Ірынай Генадзьеўнай Хаменяй, Людмілай Іванаўнай Гарбачовай, Сяргеем Аляксандравічам Булавінскім, Вікторыяй Вітальеўнай Ларэнка і Наталляй Леанідаўнай Яфімчык.

У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў складзе абласной каманды прымуць удзел 87 навучэнцаў Гомеля, у тым ліку 10 навучэнцаў нашага ліцэя. У цяперашні час арганізавана сістэмная падрыхтоўка да вырашальнага інтэлектуальнага спаборніцтва, якое адбудзецца ўжо ў гэтым месяцы. Спадзяёмся, што на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды гомельскія ўдзельнікі ў сумленнай барацьбе з годнымі сапернікамі прадэманструюць выдатныя вынікі. Фундаментам для іх паспяховага выступлення стане супрацоўніцтва сям’і і педагогаў, а арыенцірам — рэкордныя за 10 гадоў 43 дыпломы, якія каманда Гомеля заваявала на алімпіядзе ў 2013 годзе.

Таццяна ЧАПЛІНСКАЯ,
дырэктар Гомельскага гарадскога ліцэя № 1.