Алімпіяда: пастскрыптум, або Дарожныя нататкі па заканчэнні спаборніцтва

“І куды ты вядзеш мяне, нязведаная дарога?” — думала я, калі ехала на алімпіяду ў Мінск. Зараз мы едзем дадому, і хочацца падзяліцца сваімі ўражаннямі ад алімпіяды.

Мінск сустрэў нас вельмі гасцінна і добразычліва. Тэатр, музеі, экскурсія па горадзе — не было ні хвіліны для суму. Увесь мой алімпіядны тыдзень са мной поруч былі сябры і аднадумцы — магілёўскія “каточкі” (так традыцыйна звяртаўся да алімпіяднікаў трэнер каманды Дзмітрый Аляксандравіч Доўгаль). Нашы спевы і гульні па вечарах, падтрымка адно аднаго — гэта тое, што зрабіла маю алімпіяду.
Некалькі слоў непасрэдна пра конкурсы. Ведаеце, як цудоўна бачыць заданні і ўсведамляць, што можаш іх выканаць, бо ўсё гэта вучыў. Або выцягнуць тэму вуснага выказвання, якую рыхтаваў. За нашы веды і ўменні вялікі дзякуй нашаму даражэнькаму трэнеру.
А яшчэ мяне перапаўняе пачуццё гордасці: наша каманда вязе ў родны Магілёў рэкордную колькасць дыпломаў. Без узнагарод вяртаюцца толькі дэбютанты, у якіх яшчэ ўсё наперадзе, а гэтая алімпіяда стала для іх добрай загартоўкай. Спадзяюся ўбачыць нашых маленькіх “зубрыкаў” у наступным годзе на адлімпіядзе ўжо як моцных, непахісных і рашучых зуброў.
Радасць ад асабістай перамогі і перамогі ўсёй каманды перапаўняе мяне. А ўспамінамі мяне будуць саграваць нашы талісманы — блакітная стужка, флажок — і мае самыя лепшыя ў свеце сябры па алімпіядзе — магілёўскія “каточкі”.

Паліна ШАРАПАВА,
уладальніца дыплома І ступені;
Магілёўская гарадская гімназія № 1.

Магілёўская каманда ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ўпершыню стала лідарам у рэспубліцы па агульнай колькасці заваяваных дыпломаў — 11 (з іх 3 дыпломы І ступені, 4 — ІІ ступені, 4 — ІІІ ступені). Гэтая камандная перамога не шчаслівы выпадак, а доўгі і цярністы шлях, напружаная, упартая, мэтанакіраваная праца нашых таленавітых вучняў; самаадданы прафесіяналізм настаўнікаў, выкладчыкаў, трэнера каманды— усіх, хто прычыніўся да падрыхтоўкі нашых алімпіяднікаў; цярпенне і падтрымка бацькоў.
Несумненна, вялікі ўклад у нашу перамогу ўнеслі арганізатары алімпіяды, бо тыя ўвага, добразычлівасць, гасціннасць, якія панавалі на працягу пяці спаборніцкіх дзён, стваралі пазітыўны настрой, дапамагалі сканцэнтравацца перад адказным выступленнем, а пасля напружанай працы давалі зарад пазітыўнай энергіі ад тых цікавых сустрэч, якія былі прапанаваны ўдзельнікам заключнага этапу.

Павел БУШКОЎ,
Ялізаўская сярэдняя школа Асіповіцкага раёна.

Мінскі прыём быў сапраўды цёплы, і зараз я кажу не толькі пра надвор’е. Шчырыя вітанні ў гімназіі № 24, дзе праходзілі спаборніцтвы, неверагодны паход у Купалаўскі тэатр, дзе я ўбачыла “Сымона-музыку” з іншага боку, сапраўднае знаёмства з Янкам Купалам, захапляльныя гадзіны ў сапраўды сучасным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, не першая ў маім жыцці, але адна з самых пазнавальных прагулак пешшу па гістарычным цэнтры Мінска, а таксама сапраўды каштоўныя ўспаміны і ўражанні, якія я набыла дзякуючы сваім сябрам, — усё гэта і не толькі мне давялося перажыць за кароткія пяць дзён. Нягледзячы на пастаянныя хваляванні, без якіх не абыходзіцца ніякая алімпіяда, я з упэўненасцю магу сказаць, што пра такія канікулы я не магла і марыць. Дзякуй, Мінск!

Кацярына АКЕНЦЬЕВА,
уладальніца дыплома ІІ ступені;
Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3.

Я была на рэспубліканскай алімпіядзе другі раз. Летась, на жаль, мне не пашчасціла атрымаць дыплом, а ў гэтым годзе я была настроена на перамогу. Я заваявала дыплом ІІ ступені, чым вельмі задаволена. Атмасфера на алімпіядзе была напружаная і канкурэнтная, але гэта не перашкаджала сяброўству і ўзаемадапамозе. Мне здаецца, магілёўская каманда была ў Мінску самай згуртаванай і пазітыўнай.

Яніна МІШЫНА,
уладальніца дыплома ІІ ступені;
Забродская сярэдняя школа Шклоўскага раёна.

Гэта было свята ведаў, свята беларускасці, прыклад гасціннасці, добразычлівасці, спагады — тых якасцей, якія характарызуюць нашу нацыю. За гэта шчыры дзякуй арганізатарам алімпіяды, калектыву гімназіі № 24 Мінска на чале з дырэктарам Таццянай Віктараўнай Лукшай, калектыву адукацыйнага цэнтра “Лідар”, дзе мы жылі на працягу пяці алімпіядных дзён. Наша шчырая падзяка Мінску за такую цёплую сустрэчу!

Кацярына ВІННІКАВА,
уладальніца дыплома ІІІ ступені;
гімназія Быхава.

Падрыхтавала Алена ВАРАБ’ЁВА,
метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін МДАІРА,
кіраўнік каманды Магілёўскай вобласці на заключным этапе
Рэспубліканскай алімпіяды 
па беларускай мове і літаратуры.