Алгарытм навучання матэматыцы

У цяперашні час стаўленне да прафесійнай адукацыі змянілася. Дастаткова высокі працэнт выпускнікоў базавай і сярэдняй школы ідуць ва УПТА, каб, атрымаўшы прафесію, паступіць на завочнае аддзяленне ў ВНУ. Аналіз, праведзены ў Магілёўскім прафесійным электратэхнічным каледжы, паказаў, што 30% выпускнікоў каледжа штогод паступаюць у ВНУ не толькі па профілі навучання, гэта значыць, на электратэхнічныя спецыяльнасці, але і на спецыяльнасці іншага профілю. Больш за тое, ва ўмовах эканамічнага рэфармавання кіраўнікі прадпрыемстваў аддаюць перавагу выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю і практычны вопыт работы.

У такой сітуацыі найбольш значныя для работы на прадпрыемствах энергетыкі, сувязі, цяжкай, хімічнай прамысловасці з’яўляецца адукацыя, атрыманая па схеме
“СШ-УПТА-ВНУ”. Такім чынам, якасны склад кантынгенту навучэнцаў УПТА неаднастайны: 70% складаюць навучэнцы, для якіх дастаткова атрымаць у каледжы прафесію і сярэднюю адукацыю, і 30% — навучэнцы, для якіх каледж — пляцоўка для паступлення ў ВНУ, і якім патрэбны фундаментальныя веды па агульнаадукацыйных прадметах. Таму ўзнікла праблема: як за меншую колькасць вучэбных гадзін сфарміраваць базу ведаў навучэнцаў па прадмеце для паспяховай здачы выпускнога экзамену за курс сярэдняй школы і ўступнага экзамену ў вышэйшыя навучальныя ўстановы; з дапамогай якіх метадаў і спосабаў дзейнасці дасягнуць жаданага выніку.

Вырашэнне праблемы бачыцца ў фарміраванні ўменняў вучыцца з дапамогай выкарыстання прыёмаў актывізацыі разумовай дзейнасці праз алгарытмізацыю працэсу навучання матэматыцы ва УПТА.
Працуючы ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і УПТА, сутыкнулася з праблемай няўмення навучэнцаў структураваць, абагульняць, вылучаць галоўнае ў атрыманай інфармацыі і з прычыны гэтага няўменнем правільна арганізоўваць сваю дзейнасць, складаць алгарытм дзеянняў для дасягнення мэты або рашэння задачы. Прыйшла да высновы, што вучэбныя заняткі павінны быць інфарматыўнымі, накіраванымі не толькі на адпрацоўку навыкаў прымянення структураванай інфармацыі, але і на навучанне самастойна вылучаць галоўнае, абагульняць, будаваць лагічныя сувязі і складаць алгарытмы сваіх дзеянняў (план дзейнасці). Значыць, неабходна выкарыстоўваць практычную накіраванасць пры адпрацоўцы навыкаў прымянення ведаў на практыцы, з дабаўленнем творчых заданняў і заданняў павышанага ўзроўню цяжкасці з паўзроўневай дыферэнцыяцыяй.
Распрацавала алгарытм дзейнасці педагога па аптымізацыі работы ва УПТА.
На першым этапе сістэматызую каляндарна-тэматычнае планаванне ў рамках, вызначаных інструктыўна-метадычным пісьмом (шляхам узбуйнення дыдактычных адзінак і прынцыпу алгарытмічнага накіравання). Дзейнасць педагога заключаецца ў аналізе і сістэматызацыі раздзелаў матэматыкі.

На другім этапе ствараю тэматычныя праекты раздзелаў, якія вывучаюцца (выкарыстанне метаду праектаў), з абавязковым называннем мэтавага кампанента. На гэтым этапе важна распрацаваць алгарытм вывучэння раздзела, тэмы для азнаямлення навучэнцаў, які можа быць падрыхтаваны ў выглядзе алгарытму, чарцяжа, схемы і г.д. Важным момантам з’яўляецца тое, што да гэтай схемы трэба звяртацца на кожным уроку для адлюстравання вывучанага матэрыялу (можна вывучаную тэму вылучыць колерам, падкрэсліць, зрабіць пазнакі з важнымі і значнымі паняццямі, формуламі, тэарэмамі і г.д.) або пройдзенага кроку алгарытму — гэта сістэматызуе навучэнцаў, спрыяе структураванаму ўспрыманню матэрыялу, пабудове дакладнай матэматычнай структуры паняццяў, якія вывучаюцца, выяўленню лагічных сувязей і накіраванняў. На гэтым этапе навучэнец плануе сваю дзейнасць, пад кіраўніцтвам выкладчыка будуе лагічныя ланцужкі вывучэння новага матэрыялу, усведамляючы, што кожны наступны крок вывучэння матэрыялу будуецца на ведах, атрыманых на папярэднім кроку; адбываецца самаматывацыя на далейшую дзейнасць. Такое прадстаўленне (у выглядзе схемы, алгарытму) матэматычнага раздзелу, які вывучаецца, дазваляе навучэнцам, якія прапусцілі заняткі, самастойна вывучыць тэму, што дазваляе мінімізаваць іх адставанне ад іншых навучэнцаў.

На трэцім этапе ствараю паўрочныя праекты, алгарытмы вывучэння тэмы (з магчымасцю спраектаваць вывучэнне тэмы з улікам прапаноў навучэнцаў або магчымасцю самастойнага праектавання вывучэння тэмы або яе часткі навучэнцамі). Мэтазгодна прадставіць тэму ў выглядзе тэхналагічнай карты з абавязковым называннем формулёўкі мэт і задач кожнага этапу або кроку алгарытму. Пры гэтым праектную, алгарытмічную структуру або яе частку можа распрацаваць выкладчык або прапанаваць распрацаваць яе навучэнцам (у якасці апераджальнага задання пры ўмове, што навучэнцы ўжо добра засвоілі структуру работы алгарытмічнага і праектнага вывучэння тэмы, гэта значыць, гэтыя заданні мяркуецца прапанаваць для выканання ў другім паўгоддзі першага курса). Гэта дазваляе развіваць у навучэнцаў творчыя здольнасці, даследчыя навыкі, алгарытмічнае мысленне, цікавасць да прадмета. Пры выкананні ўжо канкрэтных заданняў, практыкаванняў рашэнні задач на занятках таксама складаю алгарытмы дзеянняў з пакрокавым кіраўніцтвам.
На чацвёртым этапе аналізую рэалізаваныя праекты або алгарытмы вывучэння тэмы ўрока (раздзела, главы і г.д.), прабелы ў ведах, уменнях і навыках навучэнцаў, мэтазгоднасць выкарыстаных метадаў і прыёмаў работы, спосабы выкладання матэрыялу, праверку якасці засваення матэрыялу.
На пятым этапе карэкцірую сваю дзейнасць з улікам выяўленых прабелаў у ведах навучэнцаў, спосабаў іх успрымання матэрыялу, які вывучаецца, псіхалагічных асаблівасцей. Карэкцірую сваю дзейнасць, накіраваную на павышэнне ўзроўню і якасці засваення матэрыялу, псіхалагічнага настрою навучэнцаў на вывучэнне прадмета і большую матываванасць, у праектаванні або алгарытмізацыі вывучэння матэрыялу, якасці і глыбіні выкладання, патрабаванняў і крытэрыяў ацэньвання ведаў навучэнцаў, спосабаў, метадаў і прыёмаў выкладання матэрыялу.

Галоўным крытэрыем для мяне ў рабоце з’яўляецца высокая выніковасць, бо абгрунтаванае меркаванне аб рабоце можна стварыць толькі пры атрыманні канчатковых вынікаў. Такая методыка была апрабавана ў школе і дала станоўчыя вынікі. Пры памяншэнні на 30% вучэбнага часу ва УПТА ў параўнанні са школамі мая сістэма работы забяспечвае станоўчую дынаміку росту паспяховасці. Пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца даныя маніторынгу якасці навучання, які праводзіцца ў каледжы. Маніторынг пачынаецца з уваходнага кантролю, які заключаецца ў правядзенні праверачных зрэзаў за курс базавай школы па адзіных тэкстах упраўлення адукацыі; потым у базу даных уносяцца адзнакі па АКР (абавязковых кантрольных работах), адзнакі за 1 і 2 паўгоддзі, за
1 і 2 курсы навучання, адзнака за экзамен, выніковая адзнака. Аналіз выніку маніторынгу якасці навучання вучняў за поўны курс навучання паказаў, што пры сярэднім бале ўваходнага кантролю 2,9 выніковы сярэдні бал склаў 6,3. Дынаміка росту паспяховасці ў сярэднім складае 3,4 балы.

 

Наталля ЯШНАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа.