Альбом прафесій бацькоў

Стагоддзе перадавых тэхналогій… Стагоддзе сучасных гаджэтаў… Час, калі амаль кожны вучань марыць працаваць у ІТ-індустрыі. Час, калі чалавека ва ўсіх сферах жыцця гатовы замяніць разумныя машыны. Ці патрэбна ў такіх умовах працоўнае выхаванне?

Праца з’яўляецца асновай выхавання асобы, абавязкам кожнага чалавека. Маючы навыкі і здольнасці доўга і прадукцыйна працаваць, чалавек можа выкарыстаць іх у кожным кірунку сваёй дзейнасці. Менавіта таму працоўнае выхаванне з’яўляецца вельмі важным і патрэбным для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Дзякуючы працы, фарміруецца асоба дзіцяці, дзеці становяцца фізічна моцнымі, здаровымі. Праца дапамагае раскрыць таленты і здольнасці. Выбар прафесіі — гэта погляд у будучыню: чым я захачу заняцца, з якімі цяжкасцямі давядзецца сустрэцца. Пачынаць думаць пра гэта патрэбна ўжо зараз, таму ў нашым класе была выбрана тэма дзіцячай ініцыятывы “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя”.Працуючы першы год па праекце, вучні знаёміліся з рознымі прафесіямі, збіралі прыказкі і прымаўкі, выконвалі пасільныя працоўныя даручэнні. Зараз мы падрабязна знаёмімся з прафесіямі бацькоў. Паколькі ўсе сем’і пражываюць на тэрыторыі аграгарадка Субачы, то большасць прафесій сельскагаспадарчыя: механізатары, паляводы, шафёры. Мы сабралі альбом прафесій нашых бацькоў. Ужо з малых гадоў вучні прывучаюцца да рабочых прафесій, пачынаюць разумець важнасць і неабходнасць працы хлебароба. Толькі ад нас зараз залежыць, хто будзе працаваць на зямлі праз дзесяць, пятнаццаць гадоў.
Лічу, што працоўнае выхаванне дзяцей з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў работы класнага кіраўніка. Навучыць дзяцей адносіцца да працы і да людзей працы з любоўю, бачыць у ёй радасць і адчуваць неабходнасць — галоўная задача педагога. Каб дзеці былі шчаслівымі, наша задача — навучыць іх розным відам працоўнай дзейнасці, зрабіць іх працавітымі.

Ларыса ПАЧАБЫТ,
настаўніца пачатковых класаў
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.