Адукацыя ў полікультурнай прасторы

У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў рамках сумеснага праекта ЕС — УВКБ ААН “Інтэграцыя бежанцаў у Беларусі, Малдове і Украіне” адбыўся круглы стол па пытаннях полікультурнай адукацыі. У дыялогу прынялі ўдзел начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама А.П.Акімава, прадстаўнік УВКБ ААН В.Бахановіч, выканаўчы дырэктар МГА “Развіццё” А.У.Селіванаў, кансультант МГА “Развіццё” М.А.Некрашэвіч, начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама А.Н.Надзейка, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце ГрАІРА І.І.Дарняк, начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Л.А.Кіўлюк. Для размовы былі запрошаны метадысты ўстаноў адукацыі і намеснікі дырэктараў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, а таксама настаўнікі гісторыі, якія вядуць факультатывы па вывучэнні гуманітарнага права.

Круглыя сталы па тэме полікультурнай адукацыі праводзяцца з 2010 года. За апошнія тры гады ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыіі Рэспублікі Беларусь яны прайшлі ў Мінскай, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Галоўная іх задача — данесці інфармацыю пра бежанцаў да педагогаў і абмеркаваць планы правядзення заняткаў па тэме полікультурнага выхавання навучэнцаў. У прыватнасці, А.П.Акімава адзначыла, што для Гродзенскай вобласці полікультурная адукацыя — адна з самых актуальных тэм:
— Наш рэгіён шматнацыянальны, і мы вельмі беражліва захоўваем і падтрымліваем традыцыі нацыянальных меньшасцей, — зазначыла Алена Пятроўна. — І менавіта ў нас праводзіцца рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гэта гаворыць пра многае. Надзвычай важна на сённяшні дзень падрыхтаваць педагагічныя кадры да работы ва ўмовах полікультурнай адукацыйнай прасторы і ва ўмовах павелічэння колькасці бежанцаў.

У пачатку размовы прадстаўнік УВКБ ААН В.Бахановіч акцэнтаваў увагу на дакументах, дзе прапісаны статус і правы бежанцаў. У прыватнасці, гэта Канвенцыя аб статусе бежанцаў, прынятая ў 1951 годзе ў Жэневе. У Беларусі Закон “Аб бежанцах” быў прыняты ў 1995 годзе. Бежанцы — гэта людзі, якія знаходзяцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці па абгрунтаваных прычынах. Хтосьці стаў ахвярай праследаванняў па прыкметах расы, веравызнання ці грамадзянства, некаторыя падвергліся ганенням за прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы ці з-за палітычных поглядаў альбо не могуць пражываць у сваёй краіне з-за ваенных дзеянняў на яе тэрыторыі і многае іншае. Па стане на 1 кастрычніка 2013 года ў нашай краіне прызнаны бежанцамі 867 чалавек, а 22 чалавекі атрымалі дадатковую абарону. Людзі, якія атрымалі дазвол на пражыванне ў Беларусі і пэўны статус, маюць такія ж правы, як і грамадзяне нашай краіны. Дзеці прызнаных бежанцамі могуць атрымліваць адукацыю ў дашкольных ці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама маюць права на бясплатную медыцынскую дапамогу. Што тычыцца Гродзеншчыны, то тут пражывае 11 чалавек, якія прызнаны бежанцамі.
Шмат увагі падчас дыялогу прысутныя звярнулі на прававую базу па праблеме бежанцаў. Гэта тэарэтычныя веды, якія педагогі павінны перавесці ў практычныя. Акцэнт ставіўся на пытанні выхавання ў навучэнцаў станоўчых адносін да розных культур, фарміравання ў школьнікаў талерантнасці і ўзаемапавагі. Таму педагогі павінны ўдзяліць больш увагі полікультурнай адукацыі.
— Полікультурнае выхаванне можна разглядаць як фактычную рэалізацыю аднаго з напрамкаў сучаснай адукацыйнай палітыкі, якая арыентавана на культурную адукацыю грамадства. Культурная адукацыя, выхаванне павінны рэалізоўвацца ў сістэме. Таксама неабходна праводзіць работу па выкараненні прадузятых адносін навучэнцаў да бежанцаў, — адзначыла кансультант МГА “Развіццё” М.А.Некрашэвіч. Яна агучыла перад слухачамі некаторыя рэкамендацыі да заняткаў па полікультурным выхаванні. Асноўныя пытанні — як пераадолець цяжкасці міжкультурнай камунікацыі, пазбегнуць канфліктаў і знайсці выхад з канфліктных сітуацый:
— У класе могуць быць дзеці-бежанцы з Афганістана ці Азербайджана, Грузіі, Арменіі і інш. І тут узнікае дылема, як адносіцца настаўніку і навучэнцам да такога дзіцяці: з аднаго боку, яно не павінна адчуваць сябе ізгоем, а з другога — непажадана, каб да яго адносіліся з жалем.

Для вырашэння такіх праблем трэба, каб у школе выконваўся комплекс праграм па выхаванні полікультурнай асобы, якая будзе спалучаць у сабе веды ў галіне розных культур і якая была б гатова да полікультурнага дыялогу. Школьнікі павінны разумець, што гэта не “іншыя дзеці”, а такія ж, як і яны, толькі ў іх ёсць свая культура, традыцыі і звычаі. Тут трэба далучаць навучэнцаў да агульначалавечых каштоўнасцей, да культуры іншых народаў.
На сёння распрацавана дастаткова мерапрыемстваў, заняткаў па полікультурным выхаванні. Штогод праводзіцца рэспубліканскі конкурс творчых работ дзяцей. Існуе “выязная школа”, куды адбіраецца роўная колькасць дзяцей розных нацыянальнасцей, і яны едуць разам адпачываць. Гэта дае магчымасць навучэнцам цесна пазнаёміцца з іншымі традыцыямі. Папулярнымі становяцца міжкультурныя лагеры і многае іншае.
Удзельнікам круглага стала было прапанавана самім за пэўны час распрацаваць заняткі па полікультурнай адукацыі. Усіх удзельнікаў падзялілі на некалькі груп. Кожная з часовых каманд з энтузіязмам узялася за работу. Адметна, што многія распрацавалі не проста план адных заняткаў, а цэлыя праекты. Адны прапанавалі дзейнічаць у бок разбурэння прадузятасцей, якія існуюць у грамадстве наконт іншых нацыянальнасцей. Кожныя такія заняткі павінны праходзіць не ў выглядзе “сухой” падачы тэорыі, а з выкарыстаннем гульнявых методык. Другія распрацавалі праект шостага школьнага дня, дзе мерапрыемствы па полікультурным выхаванні ахопліваюць некалькі месяцаў. Адна з каманд назвала свой праект “Міжкультурнае кафэ”. Кожная субота прысвячаецца якой-небудзь нацыянальнасці, школьнікі і іх бацькі гатуюць адпаведныя стравы, рыхтуюць касцюмы, выставы і інш. Усе распрацаваныя ўдзельнікамі заняткі аб’яднанне “Развіццё” размяшчае ў сваіх выданнях. Гэта своеасаблівыя дапаможнікі па арганізацыі полікультурнай адукацыі і выхавання.

Дарэчы, пад рэдакцыяй МГА “Развіццё” выйшла шмат выданняў па праблеме бежанцаў і выхаванні талерантнасці, па полікультурнай адукацыі, а таксама зборнікі заканадаўчых актаў у сферы бежанства (“Вопросы пересечения Государственной границы и пребывания иностранных граждан и лиц без гражданства на территории Республики Беларусь”; “Проблема беженцев глазами белорусских журналистов”; “Молодёжь и поликультурное образование в высшей школе Беларуси”; “Вопросы мониторинга и защита беженцев”, шматлікія памяткі).
Падчас дыялогу закраналася шмат іншых пытанняў па тэме бежанцаў і адукацыі ў полікультурнай прасторы. Галоўнае, што да педагогаў было данесена пра існаванне пэўных праблем, а гэта дае штуршок да іх вырашэння. Круглыя сталы па гэтай тэматыцы плануецца праводзіць і ў далейшым. Гэта дазволіць распрацаваць больш поўныя методыкі правядзення заняткаў і мерапрыемстваў па полікультурнай адукацыі.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.