Адукацыйныя магчымасці музея этнаграфіі

Моладзь павінна ведаць гісторыю і культуру роднага краю не з “малюнка ў буквары”, а са школьнага музея, з вуснаў пажылых людзей, якія захавалі для нас багатую спадчыну, з маленькай вёсачкі, якая аджывае свой век, але яшчэ захоўвае традыцыі.

Музей этнаграфіі гімназіі Драгічына пачаў свой летапіс больш за 10 гадоў назад з этнаграфічных куткоў. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры прыносілі на ўрокі з дому ручнікі, фартухі, калаўроты, плеценыя кашы і іншыя прадметы народнага побыту. Гэтыя рэчы сталі першымі экспанатамі ў музеі.
Галоўнае — пачаць справу. З’явіліся першыя ўнікальныя экспанаты. Да пошукаў падключыліся настаўнікі, дзеці, іх бацькі. Пошукава-збіральніцкая работа закіпела, вызначыліся асноўныя формы дзейнасці. Так з’явіўся этнаграфічны музей. Колькасць экспанатаў у ім паступова павялічваецца. І цяпер можна ўявіць, як жылі і працавалі палешукі Драгічыншчыны ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Экспазіцыі музея знаходзяцца ў асобным памяшканні і размешчаны па тэматычным прынцыпе. Кожны экспанат раскрывае пэўныя таленты народа. Галоўная перавага тэматычнага экспазіцыйнага прынцыпу ў тым, што ён дазваляе больш поўна раскрыць багаты духоўны свет жыцця продкаў, якія пакінулі нам незлічоныя скарбы песеннай, танцавальнай і вуснай паэтычнай творчасці, а таксама ўзоры дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, прадметы побыту.
Тэматычныя зоны (экспазіцыі), на якія разбіты музей, дапамагаюць весці экскурсіі па пэўных тэмах. Так, у раздзеле “Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва Драгічыншчыны” можна ўбачыць розныя віды саматканых ручнікоў і фартухоў: бытавыя, святочныя, упрыгожаныя вышыўкай і карункамі пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя. У цэнтры экспазіцыі — каскад бездзежскіх фартушкоў.
Раздзел “Ганчарныя вырабы” знаёміць з рознымі відамі ганчарнага посуду: міскамі, гарлачамі, збанамі, гаршкамі. У раздзеле “Попрадкі” прадстаўлена адзенне палешукоў Драгічыншчыны, прадметы прадзіва і хатняга побыту. У раздзеле “Сялянскі падворак” выстаўлены гаспадарскія рэчы: ступы, кашы, косы, вілы, прылады для апрацоўкі лёну, жорны і інш. Раздзел “Промыслы і рамёствы” складаецца з падраздзелаў, якія прапаноўваюць азнаёміцца з узорамі сталярства, пляцення, бондарства і кавальства. У раздзеле “Карцінная галерэя” прадстаўлены карціны, вышытыя крыжыкам і гладдзю, а таксама намаляваныя на дрэве, шкле і палатне.
Кабінет-музей этнаграфіі Драгічыншчыны сёння налічвае каля 300 экспанатаў. Пры неабходнасці мяняюцца экспазіцыі, ладзяцца выставы, праводзяцца канферэнцыі.
Музей адкрыў шырокія магчымасці ў вывучэнні не толькі краязнаўства, але і беларускай літаратуры, гісторыі, выяўленчага мастацтва і іншых школьных прадметаў. Важна, што музейныя экспанаты адлюстроўваюць мясцовыя этнаграфію і фальклор. Настаўнікі і навучэнцы на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці бачаць старадаўнія прадметы, якія выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы і побыце, тым самым дакранаюцца да духоўнай спадчыны народа, якая ўключае не толькі яго мову і культуру, але і тварэнні продкаў. Сваімі рукамі яны тварылі сапраўдную паэзію з лазы і саломы, саматканае адзенне і прадметы побыту. Гэтыя рэчы, старанна сабраныя ў музеі, даюць поўнае ўяўленне аб паўзабытым мінулым, жыцці палешукоў Драгічыншчыны.
Нягледзячы на тое, што музей расказвае аб жыцці і прыладах працы продкаў, іх мастацкіх здольнасцях, мы імкнёмся да таго, каб кола інтарэсаў навучэнцаў пашыралася, каб традыцыі народнага мастацтва знаходзілі практычны працяг. Так, з мэтай вывучэння гістарычнага мінулага палешукоў, фарміравання патрыятычных адносін да малой радзімы, выхавання павагі да абаронцаў Айчыны гімназісты з 2006 года ўдзельнічаюць ва ўсебеларускай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Наш край” і фестывалі-конкурсе “Беларускі мацярык”. Савет музея супрацоўнічае з маскоўскай школай па тэме “Культурная спадчына нашай маленькай радзімы”. Гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, зладжаных у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю.
Са старажытнага часу на Драгічыншчыне існавала шмат культавых будынкаў: цэркваў, касцёлаў і інш. Кожны аб’ект мае адметную гісторыю, архітэктуру, іканапіс, кнігі ці вопісы. Іх вывучэнне — надзвычай цікавая справа. Усё гэта мы адлюстравалі ў навукова-даследчай рабоце “Незаслужана забыта”, адзначанай дыпломамі на раённай і рэспубліканскай канферэнцыях. На рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Беларускі мацярык” мы прадстаўлялі навукова-даследчыя работы “Фальклорна-этнаграфічная спадчына Драгічыншчыны” і “Мая Бацькаўшчына”, якія таксама былі адзначаны дыпломамі.
У песнях, легендах, прыказках і прымаўках адлюстравана мудрасць народа, яго жыццё, абрадавыя традыцыі, каляндар. Наша гісторыя зафіксавана ў фальклоры, якi вывучаецца падчас фальклорных экспедыцый. Арганізавана ў гімназіі і лінгвістычная работа. Дыялектныя словы — гэта моўная скарбніца. Ад людзей можна даведацца пра назвы траў, зёлак, кветак, лекавыя ўласцівасці раслін. У звычайных дыялектных словах і зваротах шмат каштоўнага, асабліва калі ўнікнуць у іх гістарычныя карані.
Шмат цікавага можна даведацца і падчас тапанімічных даследаванняў. У назвах мясцін нямала адметнага, а часам і таемнага. У кожнай вёсцы, урочышча, хутара цікавая гісторыя. Знікаюць рачулкі, хутары, вёскі, а з імі і іх гісторыі, назвы. Пакуль жывуць старыя людзі, трэба сустракацца з імі, запісваць усё, каб не згубілася назаўсёды мінулае краю.
Не менш цікавым з’яўляецца і вывучэнне свайго роду. Гэтую работу ў 2009/2010 навучальным годзе правёў тагачасны шасцікласнік Дзмітрый Сушка, які захапіўся вывучэннем свайго радаводу, традыцый і культуры продкаў. Дзяўчаты плённа працавалі над вывучэннем народнага касцюма Драгічыншчыны. У сваёй рабоце яны паказалі адметнасці народнай вопраткі розных вёсак раёна.
Канечне, мы не можам раўняцца з навукоўцамі-даследчыкамі, але свой невялікі ўклад у захаванне народнай культуры робім. Не толькі вывучаем этнаграфічную спадчыну роднага краю, але і збіраем мясцовы фальклор, старадаўнія прылады працы, спрабуем выявіць адметнасці ў адзенні, побыце, абрадах, звычаях і мове розных вёсак.
Гімназісты праз работу музея знаёмяцца з жыццём, побытам і абрадамі продкаў, сустракаюцца з майстрамі народных рамёстваў. Члены клуба “Нашчадкі” ў час фальклорных экспедыцый запісваюць вусна-паэтычную творчасць рэгіёна, збіраюць экспанаты дэкаратыўна-ўжыткавага мастацтва, прадметы побыту сялян, аднаўляюць народныя абрады і звычаі.
Роля музея пастаянна павялічваецца, бо менавіта праз яго можна данесці да школьнікаў веды па гісторыі і культуры беларусаў, прычым паказаць гэта ў больш цікавай, чым на ўроках, форме. А дзякуючы выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій і ўзаемадзеянню з іншымі ўстановамі адукацыі раёна можна не сумнявацца, што з цягам часу музей ператворыцца ў сапраўдны цэнтр фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў.

Галіна ЖЫГАВЕЦ,
кіраўнік музея этнаграфіі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Драгічына.