Адпачынак, які дапамагае выбраць прафесію

Летні адпачынак — гэта не толькі сацыяльная абарона школьнікаў падчас канікулаў, але і цудоўная магчымасць для іх творчага развіцця, абагачэння духоўнага свету і інтэлекту, нарэшце, радасць зносін з сябрамі. Асаблівае месца ў гэтым кірунку належыць летнікам з дзённым знаходжаннем пры ўстановах адукацыі.

Сёлета ў такім летніку з пяшчотнай назвай “Сонейка”, які працаваў на базе сярэдняй школы № 22 Барысава, адпачывалі вучні 1—8 класаў, з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Традыцыйнымі сталі тэматычныя змены. Сёлета змена мела назву “Біржа працы”, а дэвіз летніка — “Каб быць сабой, патрэбна быць кімсьці…”.
Ідэя змены — пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі розных прафесій. Паводле даследаванняў псіхолагаў, адносіны да прафесіі ў дзяцей 7—12-гадовага ўзросту характарызуюцца прафесійнымі намерамі пад назвай “уяўны выбар”. Гэты ўзрост аптымальны для пачатку актыўнага фарміравання прафесійных інтарэсаў, бо якраз цяпер дзеці пачынаюць марыць пра будучую прафесію.
Таму падчас змены вучні пазнаёміліся з прафесіямі будаўніка, паштальёна, цырульніка, ратавальніка-пажарнага, міліцыянера, ратавальніка-вадалаза, спартсмена і інш. Дзеці пабывалі на адпаведных прадпрыемствах і ва ўстановах Барысава, дзе паназіралі за работай прадстаўнікоў названых прафесій.
Самыя яркія ўражанні засталіся ад наведвання Інстытута МНС, які знаходзіцца ў Светлым Гаі, што на Барысаўшчыне. Вучні пабачылі, якая існуе пажарна-выратавальная тэхніка, на пэўны час адчулі сябе ратавальнікамі ў спецыяльным адзенні, пабывалі на вучэбна-трэніровачным газадымным комплексе. Сапраўдную буру эмоцый зведалі падчас знаходжання ў “аварыйнай сітуацыі” спецыяльнага самалёта: ён нахіліўся, патухла святло, у салон трапіў дым… Незабыўныя ўражанні!
Безумоўна, у летніку былі створаны ўмовы, каб выхаванцы маглі замацаваць веды на практыцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў шматлікіх спаборніцтвах, конкурсах, асабліва спадабалася гульня “Шукальнікі скарбаў”. Дарэчы, дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе візажыстаў і цяпер змогуць прадэманстраваць атрыманыя падчас адпачынку веды на конкурсах юных цырульнікаў-дызайнераў.
Мы ўпэўнены, што летні адпачынак стаў для дзяцей не столькі своеасаблівай разгрузкай ад вучобы, колькі цудоўнай магчымасцю для аднаўлення сіл, здароўя, развіцця творчага патэнцыялу, удасканалення асабістых якасцей, часам адкрыццяў, прыгод, гульняў і, безумоўна, новых знаёмстваў.

Святлана АНДРЭЕВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 22 Барысава.