Аднадумства нараджае сяброўства

Цёплая, сардэчная, патрэбная. Менавіта такой стала сустрэча педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска з настаўнікамі і выхаванцамі Радашковіцкай школы-інтэрната. Прадстаўнікі сталічнай школы прыехалі ў госці з яркай канцэртнай праграмай. На сцэне навучэнцы дэманстравалі вакальныя і харэаграфічныя таленты, віртуозна ігралі на музычных інструментах, жартавалі. Фея праводзіла цікавыя конкурсы, у якіх прымалі ўдзел усе прысутныя ў актавай зале. Удалым завяршэннем прывітальнага канцэрта стала ўручэнне падарункаў. Канцылярскія прылады, цацкі, прысмакі заўсёды актуальныя і жаданыя для дзяцей.Гаспадары сустрэчы арганізавалі змястоўную пазнавальную экскурсію па краязнаўчым музеі і музеі паветраных і вогненных тараноў. Ідэя наведаць Радашковічы ўзнікла яшчэ ў маі мінулага года, калі ў 21-й школе якраз з нагоды дня нараджэння М.Ф.Гастэлы адкрыўся пасля працяглай рэканструкцыі музей славутага лётчыка. У першыя дні вайны Герой Савецкага Саюза здзейсніў паветраны таран над пасёлкам Радашковічы, таму і вуліца, і мясцовая школа-інтэрнат носяць яго імя. Дырэктар музея Зоя Міхайлаўна Макляк паведаміла, што 26 чэрвеня 1966 года быў адкрыты музей экіпажа М.Ф.Гастэлы. У 2001 годзе рашэннем педагагічнага савета музей быў перайменаваны. Сённяшнюю назву ён атрымаў у сувязі з тым, што ў ходзе пошукавай работы, перапіскі з ветэранамі і іх родзічамі значна павялічылася колькасць музейных экспанатаў. Сярод іх сустракаюцца ўнікальныя ўласныя рэчы лётчыкаў (на маладзечанскай зямлі загінула 18 экіпажаў): дакументы, пісьмы і фотаздымкі, кнігі, падораныя сынам Мікалая Францавіча Гастэлы Віктарам, абломкі самалёта. Кожны год навучэнцы праводзяць экскурсіі больш як для 2 тысяч гасцей.

І госці, і гаспадары сустрэчы былі зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве, бо гэта адкрывае новыя перспектывы ў дзейнасці абодвух музеяў. Разам можна ладзіць экскурсіі, паходы па месцах баявой і працоўнай славы, а некаторыя вучні атрымаюць магчымасць працаваць над сумеснымі праектамі ці весці пошукава-даследчую работу на карысць музеяў.

Калі ў людзей аднолькавыя мэты, то прасцей аб’яднацца і ісці разам да іх дасягнення, дорачы і зберагаючы дабро. Жыццё герояў, якія трагічна загінулі ў імя мірнай будучыні, працягваецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў. А школьныя сустрэчы такога характару паказваюць, што маладому пакаленню трэба ганарыцца героямі, ушаноўваць памяць пра славутых змагароў Радзімы, берагчы свет без вайны.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы.