Адкрываем новае ў вядомым

Навукова-даследчая лабараторыя “Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці” як сродак развіцця камунікатыўных і агульнакультурных кампетэнцый вучняў

Найважнейшай задачай школы з’яўляецца гуманізацыя адукацыі і фарміраванне сацыяльна свядомай асобы праз адукацыйныя, развіццёвыя і выхаваўчыя кампаненты. І калі адукацыйныя і развіццёвыя задачы вырашаюцца на прадметах любога цыкла, то выхаваўчыя перш за ўсё на ўроках гуманітарнага кірунку. Дзе, як не на ўроках мовы, літаратуры, гісторыі, працаваць над фарміраваннем дзіцячых душ, вучыць падлеткаў наладжваць чалавечыя ўзаемаадносіны, захапляць творчасцю?! Але ці дастаткова нам, настаўнікам-філолагам, для гэтага ўрокаў? Пытанне гучыць рытарычна: занадта сур’ёзная мэта пастаўлена намі — выхаваць Чалавека. І таму мы вымушаны выходзіць за межы вучэбных праграм і выбіраць такія формы пазакласнай работы, якія, на наш погляд, здольны сфарміраваць устойлівую цікавасць вучняў да гуманітарных дысцыплін, якія ў сваю чаргу складаюць падмурак для развіцця асобы.

Псіхолагі сцвярджаюць, што ў працэсе пазнання важным для чалавека з’яўляецца не тое, што зусім невядома, і нават не тое, пра што ўжо ўсё вядома. Пазнавальную цікавасць выклікае новае ў вядомым. Якія ж формы пазакласнай работы спрыяюць адкрыццю новага? Вечарыны ў віцебскім тэатры “Лялька” даюць магчымасць больш цесна пазнаёміцца з работай тэатральнага калектыву і адначасова далучаюць гімназістаў да творчасці класікаў. Так, вучні 7—10 класаў спасцігалі змест твораў У.Караткевіча “Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў”, “Ладдзя Роспачы” па наступным алгарытме: прачытай твор — абмяркуй яго на ўроку — паглядзі спектакль — задай пытанні рэжысёру і акцёрам. Такі нетрадыцыйны падыход да вывучэння твораў спрыяе інтэлектуальнаму і духоўнаму росту падлеткаў.

Магчымасць азірнуцца, паглядзець па-новаму на людзей, якія побач, даюць і творчыя сустрэчы з цікавымі землякамі падчас правядзення пасяджэнняў навукова-даследчай лабараторыі “Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці”. Віцебская паэтэса Вольга Русілка, пісьменніца Стася Наркевіч (А.П.Лазебная), рэжысёр гімназічнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” Аляксандра Раманава не толькі цікавыя суразмоўцы, але і неардынарныя асобы, якія натхняюць на творчасць.

Так, падчас сустрэчы з А.П.Лазебнай, галоўным рэдактарам газеты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Ма­шэрава “Мы і час”, вучні дакрануліся да таямніц прафесіі журналіста: абмеркавалі, чым цікавая гэтая прафесія, дзе яе можна атрымаць, якімі якасцямі павінны вало­даць журналісты; даведаліся, што такое дызайн газеты і якое ён мае значэнне, як фарміруецца газетная паласа, тэкставая калонка; паспрабавалі самі сфарміраваць газетную паласу з выкарыстаннем тэксту і ілюстрацый.

Знаёмства з графічнымі работамі А.Раманавай падказала мне новы прыём заахвочвання дзяцей творчасцю — “Прыём прыхаванай відавочнасці”. Навідавоку — назва графічнай работы, ілюстрацыя, накладзеная на рукапісны тэкст такім чынам, што адкрыта поўнасцю толькі апошняя, ключавая, фраза. Задача вучня — выбраць адну графічную работу і напісаць твор, абапіраючыся на назву, сюжэтную ілюстрацыю і ключавую фразу. У выніку нарадзіўся зборнік вучнёўскіх работ “Казкі Прынцэсы”.Пасяджэнні лабараторыі даюць магчымасць развівацца не толькі вучням, але і настаўнікам. Гэтаму спрыяе атмасфера сутворчасці (настаўнікі <> творчая асоба, настаўнік <> настаўнік, вучань <> вучань, вучань <> настаўнік, творчая асоба « вучань) падчас падрыхтоўкі і правядзення мера­прыемства. Падрыхтоўчая работа складаецца з наступных этапаў:

  1. Гутарка настаўнікаў з чалавекам, які стане госцем пасяджэння; адбор біяграфічнага і літаратурнага матэрыялу; напісанне сцэнарыя.
  2. Знаёмства вучняў з асобнымі творамі будучага госця (чытанне твораў, наведванне спектакляў, выстаў…); падрыхтоўка пытанняў для інтэрв’ю.
  3. Напісанне вучнямі міні-разважання або сачынення, сугучнага з тэмай пася­джэння.

Безумоўна, сустрэча з таленавітай асобай спрыяе развіццю творчага патэнцыялу вучня, мабільнасці і крэатыўнасці яго мыслення. В.І.Русілка вучні ведаюць як аўтара падручніка па беларускай літаратуры для 8 класа. Але асабістае знаёмства з паэтэсай, магчымасць прайсціся яе жыццёвымі сцежкамі, удзел у майстар-класе “Класічных форм прыгажосць” пагружаюць вучняў у творчую атмасферу. Як вынік — нараджаюцца вершы.

Ключавая педагагічная ідэя лабараторыі: сустрэча з таленавітай асобай спрыяе развіццю творчага патэнцыялу вучня, мабільнасці і крэатыўнасці яго мыслення.

Мэта лабараторыі — дасягнуць асэнсавання вучнямі важнасці развіцця творчых здольнасцей для самарэалізацыі асобы.

Задачы: 1. Арганіза­ваць работу па развіцці камунікатыўных і агульнакультурных кампетэнцый. 2. Стварыць умовы для напісання ўласных тэкстаў (вершаваных ці празаічных), рэалізоўваючы пры гэтым асабістыя эмацыянальныя, духоўныя і пазнаваўчыя патрабаванні вучняў. 3. Спрыяць развіццю ўмення вучняў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі.

Структурныя блокі пасяджэння: 1. Знаём­ства ўдзельнікаў пася­джэння з таленавітай асобай. 2. Інтэрв’ю з госцем. 3. Майстар-клас госця. 4. Творчая проба пяра. 5. Дэманстрацыя вучнёўскіх работ. Падвя­дзенне вынікаў.Склад удзельнікаў: запрошаная асоба; рознаўзроставы вучнёўскі калектыў (гэта і вучні — пераможцы розных творчых конкурсаў, і гімназісты, якія толькі пачынаюць сур’ёзна цікавіцца мастацкім словам. Такі падбор удзельнікаў невыпадковы: вучнёўскае супрацоўніцтва вельмі часта дае эфектыўныя вынікі); настаўнікі беларускай мовы і літаратуры; іншыя зацікаўленыя асобы.

Падчас падрыхтоўкі мерапрыемства пры неабходнасці настаўнік кансультуе вучняў. Такая сістэма работы абапіраецца на наступныя прынцыпы: узаемасувязь развіцця мовы і мыслення; актыўная камунікацыя; арыентацыя на міжпрадметныя сувязі; пераемнасць і развіццё ў межах ступеней навучання.

Прапаноўваем вашай увазе распрацоўку пасяджэння навукова-даследчай лабараторыі “Да мяне прытулілася Слова…”

  1. Знаёмства ўдзельнікаў пасяджэння з Вольгай Іванаўнай Русілка.

Трыялет “Да мяне прытулілася Слова…”

Калі нараджаюцца вершы? На золку ці глыбокай ноччу? Увесну ці ўлетку?

З чаго нараджаюцца вершы? З падзеі? Мроі? З адчування палёту, калі вырастаюць крылы? Магчыма, з болю, які нельга не выказаць?

Для чаго нараджаюцца вершы? Каб зачароўваць? Напэўна, для таго, каб ЖЫЦЬ!

Той, да каго “прытулілася Слова”, — звычайны чалавек, толькі больш уважлівы да людзей, больш чуйны да чужога болю, больш эмацыянальны ў праяўленні сваіх пачуццяў.

Творчасць — працэс загадкавы, інтуітыўны, але падрыхтаваны папярэднім жыццёвым і эстэтычным вопытам. Гётэ параўноўваў гэты працэс са зборам дроў для вогнішча, якое можа разгарэцца толькі ад іскры натхнення.

Ад чаго ўспыхвае іскра натхнення, што падтрымлівае гэтае гарэнне і як сагравае людзей творчае вогнішча, мы паспрабуем зразумець, далучыўшыся да паэзіі Вольгі Іванаўны Русілка.

Каб зразумець паэта, трэба прайсці яго жыццёвай дарогай, якая пачыналася са сціплай сцежкі, што вяла з Берштаў ад баць­коўскага парогу ў вялікае жыццё. (Верш “Бершты”.)

У Берштах жыве мама, Любоў Мікалаеўна Русілка. Настаўніца, паэт… Украінка, якая вучыць беларусаў любіць Беларусь. Менавіта яна навучыла дачку пісаць вершы. І таму яшчэ ў школе адбыўся творчы дэбют будучай паэтэсы.

(Верш “Сцежка, сцежачка, сцяжынка…”.) Сцежка прывяла маладую правінцыялку ў шумную сталіцу, якая захапіла ў вір новых уражанняў, цікавых сустрэч, творчых пошукаў. Прайшлі гады, але багемны смак кавы і сёння кружыць галаву. (Верш “Студэнцкі ўспамін”.)

Лёсам было наканавана прарасці каранямі ў сталіцы паўночнага краю.

…Сярэдняя школа № 25 Віцебска. Дапытлівыя вочы пяцікласнікаў углядаюцца ў светлыя вочы маладой і прыгожай настаўніцы. Вершаў у “Паэтычны альманах”, як прасіла Вольга Іванаўна, многія тады не пісалі.
Не пішуць іх і зараз. Але адчуваць смак паэтычнага слова яны навучыліся з урокаў Вольгі Іванаўны. Відаць, віцебская зямля такая: жывіць мастакоў і паэтаў. (Верш “Віцебску”.)

Настаўнік — прафесія ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі — ад настаўніка. Рукі майстра ўзгадавалі не адно пакаленне прафесіяналаў. І да сваіх былых студэнтаў Вольга Іванаўна прыводзіць моладзь — таленавітую і творчую.Але не толькі работай жывіцца сэрца жанчыны… (Вершы “Ты так і не заўважыў…”, “Дачушка!”.)

Душа паэта, бы свечка, трымціць, хвалюецца, смяецца, часам плача. Бурштынавыя слёзы астываюць, але, пакуль агонь гарыць, душа жыве! Калі падзелішся сваім святлом, калі падзелішся сваім цяплом, яно да цябе абавязкова вернецца! Пры гэтым Боскім і зямным святле, пры гэтым цуда­дзейнейшым свячэнні з душой наросхрыст жыве Паэт! (Верш “Я вершаў не выспеўвала ніколі…”.)

Кожны раз, калі гартаеш зборнікі “Табе”, “Ажына”, “В.І.Р.”, “Сцежка, сцежачка, сцяжынка…”, міжволі трапляеш у загадкавы і таямнічы свет жаночай душы, такой пяшчотнай і абаяльнай, здольнай нараджаць не толькі вершы, але і музыку. Вольга Русілка — аўтар песні “Гэта восень”.

У сапраўднага настаўніка новы год пачынаецца восенню. Для студэнтаў восень — гэта вандроўная дарога, новае студэнцкае жыццё, ураджайная пара на сяброў… Памятаючы пра ўласныя перажыванні ў час, калі давялося пакінуць роднае гняздо, Вольга Іванаўна вельмі хацела падтрымаць студэнтаў-першакурснікаў. Так і нарадзілася песня.

(Гучыць песня “Гэта восень”.)

Сёння ў нас шчаслівая магчымасць: асабіста пазнаёміцца з прыгожай жанчынай, таленавітай паэтэсай, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, дацэнтам, выкладчыкам беларускай літаратуры ВДУ імя П.М.Машэрава; аўтарам шматлікіх навуковых і навукова-метадычных дапаможнікаў, падручніка па беларускай літаратуры для 8 класа, лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча; лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі Вольгай Іванаўнай Русілка.

  1. Інтэрв’ю з госцем.

Сустрэчу з паэтам трэба заслужыць. Заслужыць веданнем яго творчасці. Напярэдадні сустрэчы з паэтэсай нашы старшакласнікі пазнаёміліся з вершамі Вольгі Іванаўны і падрыхтавалі пытанні. Слова старшакланікам.

Пытанні да інтэрв’ю з В.І.Русілка: 1. У вашых зборніках мы прачыталі, што вершы нараджаюцца глыбокай ноччу. Хацелася б пачуць, з чаго яны нараджаюцца? 2. Ці ўзнікала ў вас калі-небудзь жаданне не пісаць? Што стала прычынай? 3. У творы “Я вершаў не выспеўвала ніколі…” вы пішаце, што вершы прыходзілі самі, ратавалі ад гора, але і называеце друкаванне вершаў “здрадай”, “асабістай стратай”. Чаму? 4. Ці кожны чалавек можа навучыцца складаць словы і думкі ў вершы або гэта дар, які паэт атрымлівае ад Бога? 5. Што вы можаце параіць маладым паэтам? Ці ёсць у вас сакрэт поспеху? 6. Як вы лічыце, павінен паэт тлумачыць сваё разуменне ўласнага твора альбо ён можа пакінуць чытачу права самастойнай інтэрпрэтацыі? 7. Вы так часта звяртаецеся да формы трыялета. Чаму? Як пішуцца класічныя вершы? Гэта настрой ці мэта, пастаўленая перад сабой? 8. З якімі чатырма словамі вы можаце асацыіраваць сваё жыццё? 9. Не шкадуеце, што да вас “прытулілася Слова”? 10. Заўсёды цікавае аўтарскае прачытанне. Прачытайце, калі ласка, што-небудзь.

  1. Майстар-клас В.І.Русілка “Класічных форм прыгажосць”.
  2. Творчая проба пяра.

Вучні спрабуюць напісаць трыялет па радках Вольгі Русілка.

  1. Падвядзенне вынікаў.

Вучні чытаюць свае творы. В.Русілка чытае аўтарскі варыянт, дае парады маладым паэтам.

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Я да яго і плачу, і малюся.

Калі б пачуў ты гэта толькі раз…

Твой вобраз — найсвяцейшы мой абраз

І найчысцейшы мой іканастас,

Які пакрыўдзіць і згубіць баюся.

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Я да яго і плачу, і малюся.

Наталля Багданава, 11 клас.

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Я да яго і плачу, і малюся.

На просьбу тваю хутка адгукнуся,

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Аддаць жыццё? Аддам — не пабаюся.

І я скажу табе яшчэ не раз:

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Я да яго і плачу, і малюся.

Лізавета Куцюн, 11 клас.

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Я да яго і плачу, і малюся.

І ў радасці, і ў самай горкай скрусе

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Пагарды ці абразы не баюся

І не чакаю літасці ў адказ.

Твой вобраз — найсвяцейшы

мой абраз.

Я да яго і плачу, і малюся.

Вольга Русілка.

Алена КАРАСЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 8 Віцебска.
Фота аўтара.