Ад станцыі юннатаў да экалагічнага цэнтра: шлях даўжынёй 70 гадоў

8 мая 1945 года, нягледзячы на голад і разруху, Барысаўскі савет народных дэпутатаў прымае рашэнне стварыць станцыю юных натуралістаў і арганізаваць два гурткі: “Агародніцтва” і “Кветкаводства”. Так пачынаецца гісторыя экалагічнага цэнтра і юннацкага руху на Барысаўшчыне.

Зпершых дзён станцыяй кіруюць легендарныя асобы. Мікалай Рыгоравіч Бойка — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “За вызваленне Прагі”, “За ўзяцце Берліна”. Валянціна Якаўлеўна Багданава — падчас вайны была медсястрой і закончыла баявы шлях у Польшчы. Узнагароджана медалямі “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу”, “У гонар 30-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй”.
Барысаўская станцыя юных натуралістаў імкліва развівалася: павялічвалася колькасць гурткоў, з’явіўся жывы куток, на вучэбна-доследным участку ў выніку карпатлівай работы навучэнцаў і педагогаў ствараліся калекцыі культур агародніны, кветкава-дэкаратыўных і драўняных культур. У 70-я гады станцыя станавілася метадычным цэнтрам вядзення пазакласнай работы па біялогіі, прыродаахоўнай і даследніцкай работы для настаўнікаў раёна.
Сфера дзейнасці станцыі юннатаў з кожным годам пашыралася, таму, пасля некалькіх змен назваў, станцыя была рэарганізавана ў Барысаўскі экалагічны цэнтр. Таксама ў 2008 годзе на базе Карсаковіцкай сярэдняй школы, якая закрылася, адкрыўся філіял цэнтра, на базе якога ў цяперашні момант акрамя адукацыйнага працэсу праводзіцца аздараўленне навучэнцаў у летні і канікулярны перыяды, функцыянуе эколага-турыстычная база, працуюць эколага-краязнаўчыя маршруты.
На сёння Барысаўскі экалагічны цэнтр — гэта сацыяльна значная ўстанова дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага профілю. У цэнтры арганізавана работа па наступных напрамках дзейнасці: навуковым, аграбіялагічным, экалагічным і эстэтычным.
Навуковы напрамак дае магчымасць дзецям паглыбіць свае веды ў такіх навуках, як біялогія, валеалогія, экалогія, хімія, геаграфія, медыцына. Удзельнічаючы ў экспедыцыях і паходах даследчага характару, цесна супрацоўнічаючы са спецыялістамі з прыродаахоўных грамадскіх і навуковых арганізацый, навучэнцы адкрываюць для сабе таямнічы свет прыроды і вучацца гарманічна з ім узаемадзейнічаць.
Увогуле за апошнія 17 гадоў дзейнасці навучэнцы навуковага таварыства Барысаўскага экалагічнага цэнтра заваявалі больш за 80 дыпломаў рэспубліканскага і 25 дыпломаў міжнароднага ўзроўню.
Найбольш значнымі міжнароднымі перамогамі можна назваць: бронзавы медаль на Міжнароднай экалагічнай алімпіядзе ў Стамбуле (Ганна Дзялендзік), дыплом І ступені на Міжнародным конкурсе краін СНД “Вучоныя будучыні” ў Маскве (Вера Парватава), дыплом лаўрэата Міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу Stockholm Junior Water Prize ў Стакгольме (Вера Парватава), дыпломы ІІ і ІІІ ступені на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе ў Санкт-Пецярбургу (Аляксандр Тамашэўскі, Яўген Панкавец, Вольга Мультан, Надзея Вярбовіч, Вера Парватава, Надзея Мультан).
24 навучэнцы Барысаўскага экалагічнага цэнтра ўзнагароджаны 39 граматамі і прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, многія навучэнцы ўзнагароджваліся неаднаразова. Напрыклад, тры граматы за перыяд навучання ў цэнтры атрымалі: Юля Петухова, Вера Парватава, Антон Макрыцкі, Міхаіл Шаўрын; двойчы ўзнагароджаны Ганна Дзялендзік, Вікторыя Лапіцкая, Аляксандр Гушча, Андрэй Бейнер. Таксама граматамі і прэміямі спецыяльнага фонду за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі ўзнагароджаны і 2 педагогі цэнтра: Анжэла Валер’еўна Журавель (у 2006 і 2014 гадах) і Сямён Васільевіч Левы (2014 г.).
Дзецям, якія хочуць вырасціць сваімі рукамі агародніну і садавіну, прыгожыя кветкі, вывучаць іх біялагічныя асаблівасці, асвоіць прыёмы ландшафтнага дызайну, дапамогуць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах аграбіялагічнага профілю. Навучэнцы цэнтра штогод займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах юных кветкаводаў, дызайнераў і даследнікаў. Так у 2014/2015 навучальным годзе Барысаўскі экалагічны цэнтр атрымаў дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе-выставе “Юннат-2014”, дзе навучэнцы прадставілі экспазіцыю з вырашчанай прадукцыі і дызайнерскае ўпрыгажэнне інтэр’ера. Удзельнічаючы ў рэспубліканскіх конкурсах “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Кветкі Перамогі”, навучэнцы цэнтра штогод становяцца лаўрэатамі (Маіна Красюкова, Хрысціна Быкава, Аляксандра Багадзяж, Паліна Андрасюк, Уладзімір Лыскавец).
Пазнаць свет дзікай прыроды, навучыцца клапаціцца пра братоў нашых меншых, вывучыць законы прыродакарыстання і прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, адкрыць для сябе свет энергаэфектыўнасці і энергазберажэння могуць навучэнцы на занятках экалагічнага напрамку. Значнага выніку дабіліся актывісты экалагічных гурткоў цэнтра ў 2014 годзе — заваявалі дыплом І ступені, а ў 2015-м — дыплом ІІ ступені ў Рэспубліканскім вочным конкурсе “Экаэрудыт”.
У аб’яднаннях па інтарэсах эстэтычнага напрамку навучэнцы займаюцца фларыстыкай, саломапляценнем, лозапляценнем, скрапбукінгам, стымпанкам, стварэннем вырабаў з прыроднага матэрыялу, экадызайнам і шмат чым іншым. Лепшыя работы ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах “Калядная зорка”, “Лёд.Кветкі.Фантазія”, “Скарбонка талентаў”, выставачных экспазіцыях на розных мерапрыемствах.
Барысаўскі экалагічны цэнтр актыўна займаецца праектнай дзейнасцю. У 2014 годзе цэнтр атрымаў дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь па выніках рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Зялёныя школы”. У рамках гэтага праекта дзеці самастойна распрацоўваюць, арганізоўваюць і праводзяць прыродаахоўныя мерапрыемствы ў раздзеле “Экалагічныя ініцыятывы”. Так у 2014/2015 навучальным годзе па ініцыятыве навучэнцаў былі праведзены акцыі: “Дзень без аўтамабіля”, “350: клімат мяняецца, а ты?”, “Абаронім Беларусь ад інвазіўных відаў!”, “Птушкі на кармушцы”, “Сустракаем птушынага сябра”, “Тыдзень лесу”, “Зробім” (прыбіранне ад смецця помніка прыроды рэспубліканскага значэння “Старабарысаўскі лес”).
Таксама ў 2014 годзе Барысаўскі экалагічны цэнтр стаў сертыфікаваным удзельнікам міжнароднага праекта “ШПІРЭ”, узяўшы на сябе абавязацельствы ажыццяўляць адукацыю ў галіне ўстойлівай энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя.
Акрамя гэтага, за апошнія пяць гадоў цэнтр сам рэалізоўваў шэраг прыродаахоўных і адукацыйных праектаў. Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрланды MATRA і міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава былі рэалізаваны праекты: “Арганічны сад і агарод: разам з прыродай”, у якім навучэнцы, педагогі і грамадскасць Барысаўшчыны вучыліся вырошчваць экалагічна чыстую сельскагаспадарчую прадукцыю; “Нашы чатырохногія сябры: дзікія і свойскія” — стварэнне жывога кутка свойскіх жывёл на базе філіяла цэнтра і зялёных маршрутаў для вывучэння жыццядзейнасці дзікіх жывёл.
Пры фінансавай падтрымцы нямецкага Федэральнага фонду “Памяць, адказнасць, будучыня” ў рамках праграмы “Месца сустрэчы — дыялог”, пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” быў рэалізаваны праект “Птушкам усе ўзросты пакорныя. Залучэнне пажылых людзей у актыўную прыродаахоўную дзейнасць праз арганізацыю іх вольнага часу”, падчас якога навучэнцы цэнтра арганізоўвалі сумесную пазнавальную і прыродаахоўную дзейнасць з ветэранамі вайны і працы. Дзякуючы праекту, паміж ветэранамі, дзецьмі і педагогамі завязаліся цёплыя сяброўскія адносіны.
Пры тэхнічнай і метадычнай падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў Барысаўскі экалагічны цэнтр удзельнічае ў міжнародным праекце “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў”, дзе дзеці з дапамогай тэст-палосак вывучаюць колькасць нітратаў у калодзежнай вадзе Барысаўскага раёна, вызначаюць магчымыя крыніцы забруджвання прыродных вадаёмаў, вядуць актыўную растлумачальную работу.
Таксама пры тэхнічнай падтрымцы грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” цэнтр удзельнічае ў рэспубліканскім праекце “Стварэнне сеткі хавальнікаў тэрыторый важных для птушак”, мэта якога — прыцягненне навучэнцаў і мясцовага насельніцтва да аховы месцаў жыхарства рэдкіх відаў птушак.
Рэальныя прыродаахоўныя мерапрыемствы з’яўляюцца асновай любога праекта нашага цэнтра, што дазваляе сфарміраваць найважнейшыя складнікі экалагічнай культуры навучэнцаў і, у прыватнасці, адказныя адносіны да прыроды.
Прырода — гэта кніга, якую трэба вучыць правільна чытаць і разумець з дзяцінства. У гэтым было прызначэнне як станцыі юннатаў 70 гадоў назад, так і Барысаўскага экалагічнага цэнтра зараз.

Анжэла ЖУРАВЕЛЬ,
дырэктар Барысаўскага экалагічнага цэнтра.